Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля прыняцьця Манака ў Раду Эўропы Беларусь засталася адзінай эўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у склад Рады Эўропы


Юры Сьвірко, Менск У гэты аўторак, пасьля прыняцьця Княства Манака ў склад Рады Эўропы, Беларусь засталася адзінай эўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у гэтую арганізацыю. Пасьля дакладу Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі”, ухваленага ПАРЭ, беларускім дэпутатам увогуле забароненая прысутнасьць на сэсіі асамблеі. Старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы дашле Менску просьбу распачаць незалежнае расьсьледаваньне справаў зьніклых

На мапе краінаў-сяброў Рады Эўропы, зьмешчанай на сайце гэтай арганізацыі, ёсьць толькі адна белая пляма — тэрыторыя Беларусі. Пра гэта нагадаў і старшыня ПАРЭ Пэтэр Шыдэр на цырымоніі прыняцьця Манака ў склад Рады Эўропы. Княства Манака падало заяўку на далучэньне да арганізацыі ў кастрычніку 1998 году, а Беларусь зрабіла гэта яшчэ ў 1993 годзе.

Аднак пасьля апошняга канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў 1996 годзе Бюро ПАРЭ прыпыніла нават статус адмыслова запрошанага для беларускага парлямэнту. Гэты статус так і ня быў адноўлены, а сёлета Парлямэнцкая асамблея вырашыла ўвогуле не пускаць на свае паседжаньні дэпутатаў зь Беларусі, пакуль там ня будзе праведзенае расьсьледаваньне справаў зьніклых.

Супрацоўніца прэсавай службы Рады Эўропы Эстэль Штайнэр, якая прысутнічала на цырымоніі прыняцьця Манака, сказала Радыё Свабода:

(Штайнэр: ) “Я ня маю ўражаньня, што Беларусь была згаданая. Што сказаў спадар Шыдэр з нагоды прыняцьця ў склад Рады Эўропы новага сябра, дык гэта тое, што мапа Эўропы яшчэ не завершаная. Аднак не было наўпроставай спасылкі на Беларусь”.

Аднак нават у дзень чарговага пашырэньня арганізацыі за кошт Манака старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы, нарвэскі міністар замежных справаў Ян Пэтэрсэн заявіў на сэсіі ПАРЭ ў Страсбуры, што глыбока заклапочаны закрыцьцём Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску ды абыходжаньнем беларускіх уладаў з дэманстрантамі.

Спадар Пэтэрсэн нагадаў, што яшчэ 5 жніўня выказаў сваю занепакоенасьць з нагоды скасаваньня ліцэнзіі ЭГУ — “відавочнага парушэньня прынцыпу акадэмічнай свабоды, якое супярэчыць прынятай у эўрапейскай вышэйшай адукацыі практыцы”.

Ён таксама паведаміў, што ў адказе на рэкамэндацыі ПАРЭ што да зьніклых і перасьледу прэсы Камітэт міністраў Рады Эўропы пацьвярджае, што “старшыня дашле просьбу беларускім уладам распачаць незалежнае расьсьледаваньне зьнікненьняў людзей, якія ёсьць непрымальнымі парушэньнямі правоў чалавека”.

Княства Манака стала 46-м сябрам Рады Эўропы (45-м летась была Сэрбія й Чарнагорыя). Ватыкан з 1970 году мае статус назіральніка ў Камітэце міністраў Рады Эўропы. Іншыя карлікавыя эўрапейскія краіны далучыліся да Рады Эўропы раней — Андора ў 1994 годзе, Сан-Марына — у 1988-м. З 1999 году ў арганізацыю ўваходзіць Грузія, з 2001 — Армэнія ды Азэрбайджан, хаця Закаўказьзе не належыць да геаграфічнай Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG