Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рэчыцы ўлады не даюць незалежным кандыдатам надрукаваць агітацыйныя матэрыялы


Казімер Яноўскі, Рэчыца Рэчыцкая акруговая камісія па выбарах дэпутатаў парлямэнту забараняе друкаваць улёткі незалежных кандыдатаў супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі. Іншыя ўлёткі ў мясцовым паліграфічным прадпрыемстве “Тытул” выходзяць істотна падкарэктаванымі.

Вельмі быў зьдзіўлены кандыдат у дэпутаты ад БНФ са Сьветлагорску Віктар Раманішка, калі прыехаў у рэчыцкую друкарню “Тытул” забіраць замоўленыя і аплачаныя перадвыбарчыя ўлёткі:

(Раманішка: ) “З маімі ўлёткамі яны ўвогуле абышліся па-барбарску. “На рэфэрэндум 17 кастрычніка скажы Лукашэнку – “не”. “Не” яны прыбралі, пакінулі толькі квадрат з птушачкаю. Атрымалася так, як быццам я агітую за тое, каб людзі падтрымалі трэці тэрмін Лукашэнкі. Я ня ведаю дакладна, на якім узроўні ўсё гэта вырашаецца. Хутчэй за ўсё, я думаю, тут умешваецца спадар Атаманчук — гэта старшыня Рэчыцкай акруговай камісіі, ён жа і намесьнік старшыні райвыканкаму”.

Надрукаваныя са зьменамі ўлёткі кандыдат са Сьветлагорску адмовіўся забіраць. Запатрабаваў надрукаваць новыя, адпаведныя пададзенаму тэксту. Дырэктарка друкарні Сьвятлана Драгун, каб улагодзіць скандал, паабяцала, што новы наклад сваіх улётак Віктар Раманішка атрымае сёньня. Аднак сёньня, як сьцьвярджаюць паліграфісты, дырэктарка ад’ехала ў Менск. Ніхто ўлёткамі кандыдата ад БНФ са Сьветлагорску не займаўся. Раманішка другі раз вярнуўся дамоў з рэчыцкай друкарні ні з чым.

Друкарня “Тытул” ня выканала таксама адной замовы на выраб улётак супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі кандыдата ў дэпутаты ад БНФ у Рэчыцкай акрузе №46 Валера Пуціцкага.

Перашкоды ў надрукаваньні ўлётак чыніліся й іншаму незалежнаму кандыдату з Рэчыцкай акругі — прадпрымальніку Леаніду Невару.

У кожным разе дырэктарка друкарні патрабуе атрымаць дазвол на такія ўлёткі ў старшыні акруговай выбарчай камісіі Віталя Атаманчука. Ён жа, у сваю чаргу, цьвердзіць па тэлефоне кандыдатам літаральна так: за дзяржаўныя грошы друкаваць улёткі супраць Лукашэнкі мы ня будзем. Нашаму радыё спадар Атаманчук заявіў наступнае:

(Атаманчук: ) “Я нідзе ня ставіў свайго подпісу на забарону друкаваць. Калі ў вас ёсьць такі дакумэнт, публікуйце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG