Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата ў Берасьцейскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2 выключылі зь мясцовага тэхнічнага ўнівэрсытэту


Алег Супрунюк, Берасьце Гэта не адзіная перашкода, якая не дазваляе незалежнаму беспартыйнаму кандыдату Андрэю Сумару весьці паўнавартасную агітацыйную кампанію.

Фармальнай падставай для адлічэньня Андрэя Сумара са сьпісу студэнтаў Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту ёсьць ня здадзеныя ім экзамэны за папярэдні курс. Аднак загад рэктара зьявіўся менавіта ў часе выбарчай кампаніі, і спадар Сумар лічыць гэта невыпадковым. Паводле ягоных словаў, яшчэ ў часе рэгістрацыі ініцыятыўнай групы кіраўніцтва навучальнай установы папярэдзіла, што не дапусьціць удзелу студэнта Сумара ў парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата ў дэпутаты.

Акруговая камісія таксама спачатку адмовіла ў рэгістрацыі гэтаму кандыдату, але і пасьля ўмяшальніцтва Цэнтарвыбаркаму праблемаў менш ня стала. Распавядае Андрэй Сумар:

(Сумар: ) “Нягледзячы на тое, што Цэнтральная выбарчая камісія аднавіла маю рэгістрацыю, я на кожным кроку сустракаю перашкоды ў сваёй перадвыбарчай кампаніі. Напрыклад, затрымліваюць маіх давераных асобаў, не дазваляюць распаўсюджваць сярод грамадзянаў мае ўлёткі, не даюць мне выступіць на тэлебачаньні. Я так мяркую, што зьяўляюся непажаданым кандыдатам для мясцовых уладаў, бо выказваю вельмі вольныя думкі, аб гэтым напісана ў маіх улётках”.

У сваіх улётках спадар Сумар заклікае да зьменаў палітычнага курсу і пачатку рэформаў у краіне. Андрэй Сумар таксама не выключае, што перашкоды ў агітацыйнай кампаніі зьвязаныя зь ягоным прозьвішчам, якое падобнае на прозьвішча старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму. Гэты чыньнік можа паўплываць на вынікі выбараў у гэтай акрузе, дзе мясцовыя ўлады разьлічваюць на перамогу цяперашняй дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Сьвятланы Гіль.
XS
SM
MD
LG