Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў: “Толькі тэхнічным спрашчэньнем візавых працэдураў замежнікаў у Беларусь не прыцягнеш”


Ігар Карней, Менск Консульскія службы беларускага замежнапалітычнага ведамства ў аднабаковым парадку пачалі спрошчаную працэдуру выдачы візаў для грамадзянаў Эўразьвязу й некаторых іншых краінаў Заходняй Эўропы. Цяпер дзелавыя і гасьцявыя візы на тэрмін да 30 дзён будуць выдавацца без абавязковых дагэтуль запрашэньняў.

Хоць абавязковае запрашэньне і скасоўваецца, атрымальнік візы па-ранейшаму павінен указаць мэту паездкі, назву арганізацыі, якая пацьвердзіць ягонае знаходжаньне ў краіне, а таксама адрас побыту ў Беларусі. Апроч краінаў Эўразьвязу, правілы распаўсюджваюцца таксама на Андору, Ісьляндыю, Ліхтэнштайн, Нарвэгію, Харватыю і, асобным пунктам, — на неграмадзянаў Латвійскай Рэспублікі.

Ці выкліча больш спрошчаны рэжым атрыманьня беларускіх візаў хвалю інтарэсу да самой Беларусі? У консульскіх службах беларускага МЗС за мяжой на гэта спадзяюцца. Вось што сказаў супрацоўнік беларускай амбасады ў Францыі Ігар Ярмакоў:

(Ярмакоў: ) “За апошнія некалькі месяцаў (я вяду адлік ад траўня — пашырэньня Эўразьвязу), актыўнасьць вельмі высокая. Актывізавалася дзейнасьць дзелавых людзей, бізнэсоўцаў, якія спрабуюць перавесьці свой бізнэс на нашую тэрыторыю. У прынцыпе, паток нашмат большы стаў”.

А вось былыя супрацоўнікі беларускага замежнапалітычнага ведамства лічаць, што тэхнічныя палёгкі ніяк не адаб’юцца на цікавасьці замежнікаў да Беларусі. Гаворыць былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) “Ня візы прыцягваюць, а пэўныя інтарэсы: эканамічныя, гандлёвыя, турыстычныя. На жаль, гэта ўсё ў Беларусі абмежавана. Адна справа, што спрошчаны візавы рэжым, і зусім іншае, што мы чуем цяпер па тэлебачаньні — абвінавачаньні ў бок Захаду, эўрапейскіх краінаў. Я чуў, што зьвяртаюцца ў замежнапалітычныя ведамствы сваіх краінаў бізнэсоўцы па парады: што рабіць? Перадусім, тыя бізнэсоўцы, якія ўжо працуюць у Беларусі. Пасьля вось такіх выступаў людзі вельмі занепакоеныя: што будзе адбывацца надалей у Беларусі? Так што, тут можна чакаць, наадварот, зьмяншэньня сувязяў і паездак”.

У МЗС Беларусі паведамілі, што выдача дыпляматычных, службовых, турыстычных, транзытных, працоўных і навучальных візаў будзе ажыцьцяўляцца ранейшым парадкам.

Гл. таксама • Грамадзянам Эўразьвязу будзе прасьцей трапіць у Беларусь, але ці паедуць яны сюды?
XS
SM
MD
LG