Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяліла, чарніла


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Ёсьць два беларускія назоўнікі – чарніла й бяліла. Зрэшты, як ісьці за акадэмічнымі слоўнікамі, то бяліла нібыта й няма – у тых слоўніках толькі бялілы, толькі множналікавая форма. Некалі на гэтую слоўнікавую памылку браў увагу ў сваіх кніжках Фёдар Янкоўскі. Слоўнікі, аднак, перавыдаюцца, паўтараючы памылку.

Чарніла й бяліла – назоўнікі той самай будовы, структурна аднолькавыя. Гэтаксама як і чарніла, у народнай мове бяліла, як правіла, ня ведае множнага ліку. “Я й сініла, я й бяліла. Бяліла ўсякім бялілам, болей ручкамі бяліла, сваімі белымі бяліла”, – гэтыя песенныя сказы Фёдар Янкоўскі запісаў пад Глускам. Нашто ж пераносіць у беларускую літаратурную мову граматычныя характарыстыкі расійскага слова белила, якое ня мае адзіночнага ліку? У нашай мове іначай – граматычна бяліла ня розьніцца ад чарніла – абодва словы ніякага роду і ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку.

Сярод лексычных рэзэрваў мовы ў бяліла й чарніла ёсьць, вядома ж, сынонімы. Белую мінэральную фарбу па-беларуску могуць назваць не адно бялілам – гэта яшчэ й бель ці пабела. Апрача як чарнілам, раствор для пісаньня называюць словам лацінскага паходжаньня – атрамэнт або (з націскам, абумоўленым польскім пасярэдніцтвам пры пазычэньні) атрамант. “Змачу пёрка ў атрамэнту ды як чыркну на паперы”, – пісаў Купала.

Пры канцы яшчэ раз пра бяліла й чарніла. Яны ўжываюцца ў нас толькі ў адзіночным ліку: пісаў чарнілам, бяліў бялілам.
XS
SM
MD
LG