Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нашы падручнікі робяцца людзьмі, якія самі ў школе не працуюць”


Іна Студзінская, Менск Сёньня – Міжнародны дзень настаўніка. Сьвята гэта было заснавана ЮНЕСКА 10 гадоў таму, у 1994 годзе. У былым Савецкім Саюзе Дзень настаўніка адзначаўся ў першую нядзелю кастрычніка, але пэдагогі краінаў СНД сьвяткуюць цяпер разам з усім сьветам, менавіта 5 кастрычніка. А вось Беларусь засталася вернай савецкім традыцыям – беларускія настаўнікі cваё прафэсійнае сьвята адзначылі пазаўчора. Ці стала за гады незалежнасьці беларуская школа нацыянальнай?

Чыноўнікі Міністэрства адукацыі з гонарам адзначаюць, што першая й асноўная прыкмета нацыянальнай школы – пераход на свае, беларускія падручнікі. Сёлета да новага навучальнага году Нацыянальны інстытут адукацыі выпусьціў 160 найменьняў падручнікаў для школьнікаў. Гутару з намесьнікам дырэктара Цэнтру навуковай кнігі Нацыянальнага інстытуту адукацыі Рыгорам Чамаданавым:

(Карэспандэнтка: ) “Вы рэкамэндуеце школам усё ж такі нашы падручнікі, беларускія выкарыстоўваць?”

(Чамаданаў: ) “Так. Менавіта ў гэтым годзе адзін з апошніх прадметаў, па якіх ствараюцца нацыянальныя падручнікі – ангельская мова. Можна сказаць, што нацыянальныя падручнікі па ўсіх прадметах ужо ёсьць. У нас ужо ня будзе больш ніякіх расейскіх падручнікаў – я маю на ўвазе па новай праграме 12-гадовай школы (бо для 11-годкі ў апошніх клясах яшчэ будуць, дзе вучацца па старой праграме). А па новай праграме – ужо толькі свае, нацыянальныя падручнікі”.

А як ацэньваюць нацыянальныя падручнікі настаўнікі, дзеці? Безумоўна, ёсьць вельмі прыстойныя падручнікі, якія рабіліся на конкурснай аснове, прайшлі экспэртызу. Я сама з захапленьнем гартала падручнік для трэцяй клясы “Мая Радзіма – Беларусь” (аўтары Тарасаў, Артур Вольскі, Паноў), “Гісторыю Беларусі ў сярэднія вякі” Штыхава й Ракуця. Дзецям гэтыя кніжкі вельмі падабаюцца, яны прыгожыя, ілюстраваныя. Але гэта – выключэньне. Вось што мне распавялі пра свае падручнікі школьнікі:

(Хлопчык: ) “Мне ня ўсе падручнікі падабаюцца. Матэматыка не падабаецца, бо там практычна няма малюнкаў. Прыгожы цікавы падручнік толькі па гісторыі, астатнія наагул шэрыя, некаляровыя, без малюнкаў. Такое ўражаньне, што ў друкарнях стаяць “карвэты”, а не нармальныя кампутары – у падручніках толькі два колеры: чорны і сіні”.

(Дзяўчынка: ) “Чытаючы падручнік па беларускай літаратуры за 4 клясу, можна плакаць кожны ўрок. Цэлы год мы вывучалі апавяданьні, у якіх дзеці паміраюць. Прачытаць хаця б апавяданьні “Міхаська” і “Страта”! А падручнікі па матэматыцы – хутчэй па сельскай гаспадарцы. 6 гадоў мы лічым на ўроках кашы з бульбай, трактары, машыны са збожжам...”

Вось такі нацыянальны аспэкт атрымліваецца – то трагічнае мінулае, то ўхіл у сельскую гаспадарку. Крытычна ставяцца да падручнікаў і настаўнікі. Малады спэцыяліст Аляксей Галіч лічыць, што беларуская школа, нягледзячы ні на што, так і засталася савецкай.

(Галіч: ) “Школа – яна засталася як бы з савецкіх часоў. Мэты гэтай школы не адпавядаюць патрэбным мэтам, якія бацькі ставяць, якія дзяржава павінна ставіць. Таму й падручнікі адпавядаюць той клясычнай савецкай традыцыі”.

А вось меркаваньне настаўніцы з Полацку Валерыі Сом:

(Сом: ) “На маю думку, як настаўніка зь 15-гадовым стажам, нашы падручнікі робяцца людзьмі, якія самі ў школе не працуюць. Па нашых падручніках немагчыма самастойна вывучыць прадмет”.

Так што беларускія падручнікі, хутчэй за ўсё, будуць перапісвацца і ўдасканальвацца кожны год. Выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню настаўніка, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў заявіў: “Адной з найважнейшых задач, што стаяць перад сыстэмай адукацыі, зьяўляецца захаваньне традыцыяў айчыннай школы з адначасовай арыентацыяй на досьвед замежных краінаў”.

Застаецца толькі спадзявацца на энтузіязм беларускіх настаўнікаў. Сярэднемесячная заработная плата пэдагогаў, па прызнаньні самога Радзькова, 314 тысяч рублёў (прыкладна 140 даляраў).
XS
SM
MD
LG