Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік расстраляным фашыстамі жыхарам вёскі Задні Мост усталявалі на кургане з ХІ стагодзьдзя


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

“Белорусская деловая газета” на першай паласе зьмясьціла матэрыял пра тое, як беларускі экспарцёр узбраеньняў двойчы парушыў закон ЗША. Газэта паведамляе, што ў самы бліжэйшы час амэрыканскія ўлады мусяць вызначыцца з санкцыямі супраць “Інфабанка”. Спачатку банк абвінавацілі ў адмываньні грошай іракскага дыктатара Садама Хусэйна і патрабавалі цягам месяцу прадставіць тлумачэньні. А на мінулым тыдні зноў адбыўся скандал: гэтым разам “Белзьнешпрамсэрвіс” абвінавацілі ў парушэньні закону аб нераспаўсюдзе ў дачыненьні да Ірана.

У рубрыцы “Гучная справа” БДГ распавядае пра тое, што Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле прысуд у справе банка “БелБалтыя”. Кіраўнікоў банка прызналі вінаватымі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Цяпер і самі асуджаныя, і тыя, хто паклалі грошы ў банк, пазбавіліся надзеі даведацца, куды ж зьніклі грошы.

Пад загалоўкам “Расея выступае за кардон” газэта зьмяшчае матэрыял пра 15 паседжаньне канстультатыўнай Рады кіраўнікоў МЗС краінаў СНД, якое праходзіла ў Душанбэ. Там Расея выступіла зь ініцыятывай, якая ставіць пад пагрозу двухбаковыя саюзныя дамоўленасьці. Расейцам з 2005 году спатрэбяцца замежныя пашпарты для наведваньня краінаў СНД. Натуральна, Расея будзе патрабаваць ад іншаземцаў адпаведных пашпартоў.

БДГ распавядае пра маючы адбыцца 7-8 кастрычніка зьезд навукоўцаў. На думку аўтаркі Яніна Балонскай, дата правядзеньня зьезду не выпадкова прызначаная за тыдзень да правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму.

Днямі стануць вядомыя вынікі разгляду Міжнароднай асацыяцыяй авіядыспэтчараў справы аб звальненьні былога віцэ-прэзыдэнта Беларускага прафсаюзу авіядыспэтчараў Алега Долбіка. Ёсьць спадзяваньне, што гэтае рашэньне можа паўплываць на кіраўніцтва “Белэнэрганавігацыі”.

БДГ прапануе чытачам цікавае інтэрвію з Львом Панамаровым, дырэктарам расейскага руху за правы чалавека. Ён адказвае на пытаньне: “Чаму беларускія ўлады так нэрвова рэагуюць на атрыманьне фінансавай дапамогі праваабарончымі цэнтрамі з-за мяжы?”

“Народная Воля” на першай паласе ў працяг тэмы выбараў зьмясьціла артыкул пра Валянціну Палевікову і ейную бойку зь міліцыянтамі за ўлёткі на кватэры Марыі Аліевай.

Аўтары Міхаіл Пастухоў і Юры Тапарашаў аналізуюць прававы аспэкт закрыцьця газэты “Биржа информации.”

А Пётр Васілеўскі распавядае пра канфлікт Валерыя Шчукіна зь мясцовымі міліцыянтамі ў Віцебску.

Газэта “Гоман Барысаўшчыны” друкуе цыкл артыкулаў пра гісторыю вуліц Барысава. Гэтым разам пра вуліцу Камсамольскую. Раней яна называлася Віленская, а яшчэ раней Солціна (гэта прозьвішча першага жыхара), а да гэтага Швэдзкая (з часоў вайны са Швэцыяй). На вуліцы захаваліся будынкі ХІХ – пач.ХХ стагодзьдзяў.

Артыкул пад назвай “Ушанаваньне памяці адных за кошт іншых” распавядае пра ўсталяваньне помніка жыхарам вёскі Задні Мост, якіх расстралялі фашысты – але помнік усталяваны чамусьці на кургане з ХІ стагодзьдзя.

А на былых турэмных могілках пад Барысавам цяпер агароды, дзе мясцовыя жыхары вырошчваюць бульбу, піша газэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG