Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст АГП напісаў уладам адкрыты ліст пратэсту супраць палітычнага вышуку


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Кацора зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыняў Канстытуцыйнага суду, КДБ, генэральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў і іншых вышэйшых службоўцаў краіны. У адкрытым лісьце спадар Кацора піша пра недапушчальнасьць вядзеньня дзяржаўнымі органамі палітычнага вышуку.

Палітычны вышук – заганная зьява для любой краіны, а тым больш ў цэнтры Эўропы. Што паслужыла нагодай дзеля напісаньня актывістам АГП адкрытага ліста вышэйшым службоўцам краіны?

У жніўні Уладзімера Кацору затрымалі ў Жлобінскім раёне, калі ён на прыватным легкавіку вёз зь Менску газэты “Время” і ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Зроблена гэта было пад выглядам пошуку нібыта скрадзенага легкавіка.

Аднак насамрэч міліцыю й людзей у цывільным цікавілі газэты і ўлёткі. Усё здымалася на відэастужку. Праз два тыдні жлобінская судзьдзя Алена Ярмольчык аштрафавала Уладзімера Кацору на буйную суму нібыта за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай палітычнай партыі ці грамадзкай арганізацыі. У дадатак, відэастужку канфіскацыі ўлётак і газэт круцілі на дзяржаўным тэлебачаньні.

У верасьні гомельскі актывіст АГП езьдзіў прыватна ў Чарнігаў. На мяжы мытнікі двойчы ўчынялі ператрус ягоных рэчаў. Паездка таксама згадвалася ў тэлефільме. Распавядае Уладзімер Кацора:

(Кацора: ) “Палітычная барацьба – гэта добра, але калі дзяржава змагаецца з палітычнымі апанэнтамі – гэта ўжо вельмі дрэнна. Выпадкі ў Жлобіне з затрыманьнем, а потым на мяжы, калі я ехаў у Чарнігаў, былі мне асабіста, паколькі я займаюся палітыкай, зразумелымі. Яшчэ больш зразумелым гэта сталася, калі Азаронак выпусьціў на беларускім дзяржаўным тэлебачаньні фільм, пра які я таксама нагадаў у адкрытым лісьце. Дзяржаўныя органы, на жаль, працуюць на змаганьне дзяржавы з грамадзтвам, з грамадзянамі”.

Прыклад спадара Кацоры не адзіны ў рэгіёне. Апошнія ўнутрыпалітычныя кампаніі ў краіне, пачынаючы, бадай, з парлямэнцкіх выбараў 2000 году і асабліва з прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, не абыходзяцца без адкрытага перасьледу апанэнтаў улады. Ператрусы грамадзкіх арганізацыяў, партыйных актывістаў, зрыў сэмінараў, канфіскацыя кампутараў, улётак і нават афіцыйна зарэгістраваных газэт, штрафы, забароны на агітацыю – гэта сталася прыкметай дзеяньняў сілавых структураў і органаў улады падчас важных палітычных кампаніяў.

Нядаўна ў Сьветлагорску на прыватнай кватэры мнагадзетнай маці, мастачкі, прыхільніцы беларушчыны Натальлі Бордак сабраліся некалькі сяброў. Былі сярод іх і госьці зь Менску, вядомыя ў краіне людзі, але, відавочна, не прыхільнікі ўлады. І тут званок у дзьверы. Спадарыня Бордак выйшла. На лесьвічнай пляцоўцы стаялі спалоханы сын Натальлі, двое міліцыянтаў і апэратар у цывільным з уключанай відэакамэрай. Міліцыянты, не называючы сябе, не патлумачыўшы прычыну візыту, запатрабавалі пашпарт, пасьля правяралі пашпарты гасьцей. Некаторых сьветлагорцаў, што былі без пашпартоў, міліцыянты павялі з сабою ў апорны пункт для так званага высьвятленьня асобаў. Усё фіксавалася на відэастужку, уключна з карцінамі мастачкі.

Кадры, зьнятыя ў кватэры, міргалі пасьля на тэлебачаньні зноў-такі у фільме сумнавядомага рэжысэра.

Дзеяньні міліцыянтаў Натальля Бордак, маці траіх дзяцей, абскардзіла ў пракуратуру. Адтуль адказалі, што міліцыянты не парушалі дзейнага заканадаўства. Сама спадарыня Натальля сказала нашаму Радыё наступнае:

(Бордак: ) “Са мною абышліся не па-чалавечы. Гэта прагніла ўлада і прагніло ўсё, калі да маці мнагадзетнай так ставяцца ў гэтым грамадзтве”.
XS
SM
MD
LG