Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хопіць Лукашэнку для перамогі 39 % без выкарыстаньня адміністратыўнага рэсурсу?


Валер Каліноўскі, Менск “The Gallup Organization/Baltic Surveys” апублікавала вынікі апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў у Беларусі адносна гатовасьці галасаваць за змьняненьне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь так, каб А. Лукашэнка мог абірацца прэзыдэнтам у трэці раз. На пачатку кастрычніка пагаджаюцца за такое зьмяненьне галасаваць 39 адсоткаў рэспандэнтаў, супраць – 32,5. Яшчэ не вызначыліся 20,5 адсотка рэспандэнтаў. Упершыню за апошні час колькасьць прыхільнікаў трэцяга тэрміну А. Лукашэнкі перавысіла колькасьць праціўнікаў. Раней суадносіны былі ў сярэднім : 25% – “за”, 47% – “супраць”. Чым тлумачаць сацыёлягі такую перамену?

Па-першае, трэба адзначыць, што цяпер адбылася зьмена пастаноўкі пытаньня – калі раней сацыёлягі пыталіся ў людзей наконт іх адносінаў да адмены канстытуцыйнага палажэньня, якое абмяжоўвае знаходжаньне адной асобы на пасадзе прэзыдэнта Беларусі двума тэрмінамі, то цяпер паставілі пытаньне так, як яно гучыць на рэфэрэндуме: ці дазваляюць выбаршчыкі першаму прэзыдэнту Беларусі ўдзельнічаць у якасьці кандыдата на выбарах прэзыдэнта і ці прымаюць частку першую Канстытуцыі ў новай рэдакцыі: “Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права”. Істотная розьніца. А калі наўпрост запытаць грамадзянаў, ці не супраць яны, каб А. Лукашэнка ўдзельнічаў у выбарах 2006 года, то можна атрымаць яшчэ нейкі іншы вынік.

Па-другое, рост прыхільнікаў трэцяга тэрміну Лукашэнкі тлумачыцца якраз тым, што раней гэта было чыста тэарэтычнае пытаньне, якім мала хто цікавіўся, а цяпер ужо – практычнае, прычым яно падмацаванае моцнай агітацыйнай і прапагандысцкай кампаніяй за Аляксандра Лукашэнку. Вось як патлумачыў прычыны гэтага росту Аляксандр Сасноў, намесьнік дырэктара Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, які актыўна супрацоўнічае з цэнтрам Гэлапа.

(Сасноў: ) “Чым патлумачыць? А тым, што ня сьпяць. Працуюць – працуюць “зампаліты”, праводзяць рознага кшталту мерапрыемствы, на якіх, так бы мовіць, у чарговы раз абяцаюць людзям штосьці добрае – людзі йдуць і вераць. Ідзе размываньне тых групаў, якія раней былі нявызначаныя. А што датычыцца супрацьлеглага боку, дык самі разумееце, у яго магчымасьцяў уплываць на сытуацыю менш, хаця яны й працуюць зь людзьмі, але... Прапанаваць узвышэньня заробку яны ня могуць”.

Гэта, відавочна, апошняе сацыялягічнае апытаньне перад рэфэрэндумам, бо пасьля 6 кастрычніка, паводле закону, публікаваць вынікі сацапытаньняў нельга.

Што кажуць сацыёлягі наконт таго, як будзе разьвівацца сытуацыя? Кіраўніца літоўскага дасьледчыцкага цэнтру “The Gallup Organization/Baltic Surveys” Раса Алісаўскэнэ кажа, што тыя выбаршчыкі, якія пакуль не прынялі рашэньня, як галасаваць, урэшце разьмяркуюцца паводле прапорцыі тых, хто ўжо прыняў рашэньне. Пры яўцы выбаршчыкаў на рэфэрэндум ў 70 – 80 адсоткаў атрымаць больш за 50% галасоў унесеных у сьпісы грамадзянаў, каб зьмяніць Канстытуцыю, будзе даволі складана. Натуральна, калі ня ўлічваць так званы адміністратыўны рэсурс.

Які, паводле апошніх зьвестак сацыёлягаў, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі? Ён зьмяніўся неістотна: раней каля траціны апытаных казалі пра сваю гатовасьць галасаваць за яго, гэтак і цяпер за Лукашэнку пагаджаюцца галасаваць 34,5 %, а 31, 5 % будуць галасаваць за іншага кандыдата. Яшчэ не вызначыліся – 24 %.
XS
SM
MD
LG