Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 кастрычніка ў Беларусі і ў сьвеце адзначаецца Дзень настаўніка


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 5 кастрычніка

Таксама 5 кастрычніка ў 1921 годзе ў Лёндане быў заснаваны Міжнародны ПЭН-клюб – пісьменьніцкая арганізацыя сусьветнага маштабу. Сёньняшні беларускі ПЭН-клюб пасьля сьмерці ягонага прэзыдэнта Васіля Быкава ўзначальвае Лявон Баршчэўскі, а ўваходзяць у яго найбольш аўтарытэтныя літаратары краіны. Штогод беларускі ПЭН уручае дзьве літаратурныя прэміі – імя Францішка Багушэвіча і імя Алеся Адамовіча.

5 кастрычніка 1796 году нарадзіўся расейскі граф Міхаіл Мураўёў, які працяглы час быў адміністратарам на далучаных да Расеі беларускіх землях. Мураўёў вядомы тым, што фактычна ператварыў уніяцкую краіну ў праваслаўную. Па ўсёй Беларусі былі збудаваныя сотні аднолькавых праваслаўных цэркваў, якія дагэтуль называюць “мураўёўкамі”. Да таго ж граф Мураўёў праводзіў жорсткую палітыку русыфікацыі ва ўсіх сфэрах жыцьця Беларусі. На ягоным сумленьні – жыцьці беларускіх паўстанцаў за незалежнасьць, у тым ліку й нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, якога ён загадаў павесіць, за што Мураўёва празвалі ў народзе “вешальнікам”.

5 кастрычніка 1902 году нарадзіўся Рэй Крок, амэрыканскі рэстаратар, стваральнік сеткі рэстаранаў хуткае абслугі McDonald’s. Пасьля сканчэньня першай сусьветнай вайны, дзе 15-гадовы Крок служыў кіроўцам-санітарам, ён вярнуўся ў родны Чыкага, дзе пераспрабаваў мноства ўсялякіх прафэсіяў. Быў джазавым піяністам, гандляваў нерухомасьцю. А ў 1954-м годзе наведаў рэстаран братоў Морыса і Рычарда Макдональдсаў, якія ўжывалі ўсялякія новыя тэхналёгіі хуткае абслугі й прыгатаваньня ежы. Вось жа Крок вырашыў іхныя ідэі распаўсюдзіць і ўвасобіць у цэлай сетцы рэстаранаў, і братам плаціў паўпрацэнта даходаў за выкарыстаньне іхнага прозьвішча. Першы такі рэстаран быў адчынены ў 1955 годзе. Калі Крок памёр, па ўсім сьвеце налічвалася ўжо сем з паловай тысяч Макдональдсаў.

5 кастрычніка 1936 году нарадзіўся Вацлаў Гавэл – драматург, апошні прэзыдэнт Чэхаславакіі й першы прэзыдэнт сучаснай Чэскай Рэспублікі. Гавэл – адзін з самых вядомых сёньня ў сьвеце інтэлектуалаў. Ён шмат разважае й піша пра тыя зьмены, якія адбываюцца ў сьвядомасьці людзей на перавале ад камунізму да нармальнага, неэкстрэмальнага жыцьця.

5 кастрычніка 1830 году ня стала чалавека, які сваім лёсам сьведчыў пра лучнасьць Літвы й Беларусі, літоўскага і беларускага народаў. Гэта – мастак Язэп Аляшкевіч. Нарадзіўся ён у літоўскай Шылуве, але ў сям’і музыкі, якая прыехала сюды з Радашкавічаў. Скончыў Язэп Віленскую мастацкую школу. Вучыўся ў францускіх майстроў, а пасьля перабраўся ў Санкт-Пецярбург. Аляшкевіч часта прыяжджаў у Беларусь, і тут напісаў шмат партрэтаў, у тым ліку Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла, Чартарыйскіх, Адама Міцкевіча ды іншыя.
XS
SM
MD
LG