Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыдарожны гандаль у Беларусі – не ад добрага жыцьця


Міхал Стэльмак, Менск Прыдарожны гандаль у апошнія гады стаў заняткам многіх беларусаў. Найперш – вяскоўцаў. І ня толькі дарослых. Сярод гандляроў можна бачыць шмат дзяцей. Што вымушае іх да такой працы? Як ставяцца да яе грамадзтва й дзяржава? Адказаў на гэтыя пытаньні шукаў наш карэспандэнт.

Прыдарожны гандаль – занятак сэзонны. Пачынаецца ўвесну й доўжыцца да глыбокай восені. Уздоўж аўтамабільных трасаў, найперш ажыўленых, якія праходзяць праз паселішчы альбо паблізу іх, узьнікаюць стыхійныя міні-рынкі. Тут кіроўцам-гараджанам прапануюць сельскагаспадарчую прадукцыю й дары лесу. Як непадалёк ёсьць рэкі й азёры, на продаж выстаўляецца й рыба. Але калі рыбай гандлююць пераважна хлопчыкі-падлеткі, то продажам малака, бульбы, гуркоў, кропу, яблыкаў, іншых тавараў займаюцца дзеці рознага ўзросту й полу. Аднаго зь юных гандляроў я спаткаў ля вёскі Шышчыцы Слуцкага раёну – празь яе праходзіць аўтатраса Менск – Мікашэвічы.

(Цімур: ) “Мяне завуць Цімур”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі табе год?”

(Цімур: ) “Восем”.

(Карэспандэнт: ) “Як ты лета праводзіў? Што рабіў?”

(Цімур: ) “Ягады зьбіраў”.

Як ставяцца дарослыя да дзяцей-гандляроў? Любоў Ломаць – пэнсіянэрка зь вёскі Шышчыцы:

(Ломаць: ) “Вядома, займаюцца ўнукі мае. Дапамагаюць зьбіраць, прадаваць. А што ж! Гэта грошы. А то хіба ж цяпер за адну пэнсію пражывеш?! Трэба варушыцца – гэта адно. А другое, трэба любоў да працы выхоўваць. Вось я як была малою, дык мой бацька вадзіў мяне ў лес і прывучаў да працы”.

Тацяна Мяцельская – таксама ўраджэнка Шышчыцаў:

(Мяцельская: ) “У нас у акрузе Шышчыцы як бы цэнтар. Налева ў той бок – гэта Паўлаўка, Замосьце, Палікараўка, Адамова. У той бок – гэта Камень, Швяды. Крыху ўбок – Грэск, Вераб''ёва. І тут з усіх навакольных вёсак ідуць на гэтую вось галоўную трасу, і ўсе хочуць грошай”.

Дзеці ідуць да бойкай шашы пехатою і едуць на роварах, цягнуць з сабой вёдры, сумкі, мяхі… Нават пасярод тыдня, калі яны павінны быць у школах… Прыдарожны гандаль – зьява маштабная ня толькі паводле колькасьці вёсак, але й колькасьцю дзяцей, што займаюцца гэтым.

(Мяцельская: ) “У цяперашні час у асноўным усе дзеткі, якія ёсьць у вёсцы, усе зьбіраюць. Асабліва тыя, у каго складанае фінансавае становішча ў сям’і. Грошы трэба, цяпер столькі спакусы, столькі ўсялякіх прысмакаў”.

А што думаюць наконт гэтага прадстаўнікі дзяржавы? Разважае Жанна Шчамялёва, галоўная спэцыялістка ў пытаньнях праблемы занятасьці й народанасельніцтва Міністэрства працы й сацыяльнай абароны:

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд, беларускае грамадзтва ці павінна ўхваляць такую ініцыятыву?”

(Шчамялёва: ) “Напэўна, гэтага рабіць ня варта. Дзіця найперш мае вучыцца. У яго няма адукацыі. Цяпер яно гандлюе ягадамі, але праз год-два яно падрасьце, і што потым? Тут ёсьць і адміністрацыйныя парушэньні. Забаронена гандляваць каля дарог. Я ведаю, што міліцыя штрафуе тых, хто гандлюе каля дарог”.

Як правіла, гандляваць да аўтадарог дзяцей выпраўляюць бацькі альбо бабулі з дзядулямі. Дык вось, на іх думку, аргумэнты спадарыні Шчамялёвай тэарэтычна слушныя, але ў жыцьцёвым пляне не прыгодныя. Цяперашнія вяскоўцы ў сваёй большасьці – людзі малазабясьпечаныя, атрымліваюць мізэрныя заробкі, а то й наагул беспрацоўныя. Гаворыць Алена Нікіціна са Случчыны:

(Нікіціна: ) “У нас у пасёлку шмат моладзі нідзе ня робіць. Таму што няма працы. Хаця б нейкі цэх пабудавалі. Раней у нас быў цэх. А потым гэты цэх зачынілі. І вось так гаруем. Лес ратуе. Каб ня лес, то ня ведаем, як бы жылі”.

У сяміклясьніцы Алены Чычко зь вёскі Гацук на Случчыне бацькі – беспрацоўныя.

(Чычко: ) “Я прадаю ягады, а бацька з маці зьбіраюць. Тут завод амаль спыніў працу, і мы зьбіраем ягады й грыбы і прадаем іх. Бываюць дні, што стаіш, а машыны не спыняюцца”.

Калі Алена гандлюе, каб выжыць – на выручаныя грошы купіць самой і бацькам ежу ды адзеньне, то васьмігадовы Цімур зьбірае ягады й грыбы дзеля іншай мэты.

(Карэспандэнт: ) “А на што ты грошы траціш?”

(Цімур: ) “Я на кампутар зьбіраю. Каб гуляць. Урокі рашаць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці цяжка зьбіраць ягады?”

(Цімур: ) “Так. Камары кусаюць і сьляпні”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі дзён ты хадзіў у лес?”

(Цімур: ) “Два тыдні кожны дзень”.

Прыдарожным гандлем займаюцца ня толькі вясковыя хлопчыкі й дзяўчаткі, але й гарадзкія дзеці, якія маюць у вёсках сваякоў. 15-гадовая Ганна жыве ў Менску, але на выходныя пакідае сталіцу.

(Ганна: ) “Мяне завуць Ганна Хацько”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе ты праводзіш лета?”

(Ганна: ) “У бабулі. На гаспадарцы дапамагаю. Прадавалі – калі таньней, а калі даражэй. Некаторыя становяцца, дык хочуць таньней купіць. А мы кажам, што не, бо цяжка”.

(Карэспандэнт: ) “Што можна купіць на грошы, якія ты зарабіла на ягадах?”

(Ганна: ) “Падручнікі, сшыткі, адзеньне, можа, якое”.

Маці Ганны, Раіса Хацько, працуе ў Менску на заводзе ровараў, але дзіцячыя грошы й ёй ня лішнія.

(Раіса Хацько: ) “Прадалі на 100 тысяч рублёў. Дзяцей шкада, вядома, але маме таксама трэба дапамагчы”.

Ня толькі спадарыня Хацько, а й іншыя бацькі ў пераважнай большасьці шкадуюць дзяцей, якія займаюцца прыдарожным гандлем. Але адным шкадаваньнем не абмяжоўваецца іхнае стаўленьне да такога занятку. Гаворыць пэдагог Тацяна Мяцельская:

(Мяцельская: ) “З аднаго боку, шкада. А з другога, трэба прывучаць дзіця да працы з маленства”.

Такой самай думкі прытрымліваецца большасьць вясковых настаўнікаў. Зь імі пагаджаецца й вядучая навуковая супрацоўніца Нацыянальнага інстытуту мацярынства й дзяцінства Маргарыта Дзевялтоўская:

(Дзевялтоўская: ) “Я думаю, што ў наш час гэта адназначна правільна. Гэта тое пакаленьне, якое будзе жыць пры рынкавых адносінах. І чым раней яны будуць вучыцца гэтым адносінам, тым лепшая будзе ў іх тады адаптацыя”.

Як спэцыяліст спадарыня Дзевялтоўская, аднак, не ўхваляе працы малалетак. Таму ж васьмігадоваму Цімуру, які марыць пра кампутар, штодзённы шматгадзінны збор ягадаў наўрад ці быў карысны.

(Дзевялтоўская: ) “У іх ёсьць узрост, гадоў да 10, калі яны ўсё ўспрымаюць як гульню. Дзіцяці ў такім веку нельга сказаць, што ты будзеш працаваць і атрымліваць грошы”.

А вось пасьля 12 гадоў дзіцячы арганізм і псыхіка, як лічыць вядучая навуковая супрацоўніца Інстытуту мацярынства й дзяцінства, падрыхтаваныя да працоўнага выхаваньня.

(Дзвялтоўская: ) “У падлеткавым веку праца можа быць фактарам, які засьцерагае ад нэгатыўных звычак. Інакш кажучы, займаецца працай і не ідзе курыць, піць”.

Паводле заканадаўства, працаздольны ўзрост для дзяцей наступае ў Беларусі ў 14 гадоў. Гаворыць Жанна Шчамялёва, якая, нагадаю, у Міністэрстве працы й сацыяльнай абароны займаецца пытаньнямі дзіцячай занятасьці:

(Шчамялёва: ) “Ён можа працаваць 4 гадзіны, калі гэта адбываецца ўлетку. І 2 гадзіны 36 хвілін, калі ён працуе ў часе навучаньня. Гэта што да дзяцей 14-16 гадоў. Тут дакладна агаворвае закон”.

У дзяржаўных нарматыўных актах, якія датычаць дзіцячай працы, рэглямэнтаваны й віды занятку для беларускіх падлеткаў. У прыватнасьці, падлеткі могуць рыхтаваць да сяўбы насеньне, даглядаць пасевы, падбіраць лён, падграбаць сена й салому, зьбіраць гуркі, памідоры, бульбу. Працоўнае заканадаўства дазваляе таксама 14-гадовым падлеткам зьбіраць грыбы й ягады. Але, як падкрэсьліла спадарыня Шчамялёва, пры наступнай умове:

(Шчамялёва: ) “Для гэтага дзіця павінна ці то пры школе працаваць, ці то зьвярнуцца ў службу занятасьці. Інакш кажучы, гэта ўсё робіцца ня проста. Гэта ўсё мае быць зафіксавана. Калі мы плацім заробак, то мы павінны гэта арганізавана рабіць. А вось гэты гандаль ягадамі й грыбамі – неарганізаваны”.

Выходзіць, дзеці-гандляры, найперш малалетнія, займаюцца сваёй справай на прыдарожных міні-рынках незаконна. У многіх мясьцінах зь іхным, так бы мовіць, “бізнэсам” змагаецца міліцыя. Хлопчыкі й дзяўчаткі імкнуцца пазьбягаць сустрэч з ахоўнікамі правапарадку: хаваюцца ў прыдарожных канавах альбо лесе, уцякаюць да родных хатаў... А пасьля зноў выходзяць да аўтатрасаў і гандлююць. Бо ў іх свая праўда. Яны хочуць есьці й мець тое, чаго ня могуць купіць за свае заробкі іхныя бацькі.
XS
SM
MD
LG