Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне дасьледчыцкага цэнтру Gallup: Колькасьць прыхільнікаў Лукашэнкі трохі вырасла


Юры Дракахруст, Прага За амаль месяц пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму колькасьць людзей, гатовых падтрымаць прапанову Аляксандра Лукашэнкі на плебісцыце падвысілася, аднак дагэтуль яна не складае патрэбнай яму паловы выбаршчыкаў. Пра гэта сьведчаць самыя апошнія дадзеныя апытаньняў праведзеных у Беларусі літоўскім дасьледчыцкім цэнтрам The Gallup Organization/Baltic Surveys і беларускім Незалежным інстытутам сацыяльна эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Даволі працяглы час – каля двух гадоў, паводле дадзеных незалежных сацыёлягаў колькасьць беларусаў, гатовых падтрымаць Лукашэнку на рэфэрэндуме пра трэці тэрмін, была заўважна менш, чым колькасьць гатовых галасаваць супраць. Але самае абвяшчэньне рэфэрэндуму, прапагандысцкая кампанія на карысьць ўладнага боку паўплывалі на грамадзкую думку.

Гаворыць кіраўнік літоўскага дасьледчыцкага цэнтру The Gallup Organization/Baltic Surveys Раса Алісаўскенэ:

(Алісаўскенэ: ) “Калі стала вядома, як фармулюецца пытаньне на рэфэрэндуме, людзям стала лягчэй сфармуляваць сваё стаўленьне. Але тэндэнцыя застаецца стабільнай: зьбіраюцца галасаваць "за" 39%, супраць – каля 32%. Але вялікая частка выбаршчыкаў – каля чвэрці, яшчэ ня вырашылі, як яны будуць галасаваць на рэфэрэндуме.

Трэба мець на ўвазе, што на выбары і на рэфэрэндум зьбіраюцца прыйсьці прыблізна 70-80% выбаршчыкаў. Мы можам меркаваць і гэта падказвае міжнародная практыка, што тыя выбаршчыкі, якія пакуль не прынялі рашэньня, як галасаваць, у рэшце разьмяркуюцца паводле прапорцыі тых, хто ўжо прыняў рашэньне. Тады пры прагназаванай яўцы выбаршчыкаў, каб атрымаць больш за 50% адказаў "За", галасоў усё ж не хапае. Адзіны варыянт, калі рэфэрэндум праходзіць, гэта калі амаль ўсе, хто сёньня яшчэ ня вызначыўся, прагаласуюць "за". Гэта адбываецца надзвычай рэдка”.

Гэта была Раса Алісаўскенэ – кіраўнічка літоўскага філіялу сусьветна вядомага сацыялягічнага цэнтру Gallup. Як вы чулі, паводле апошніх апытаньняў, праведзеных у сёлетнім кастрычніку, 39% беларусаў гатовыя падтрымаць на рэфэрэндуме Аляксандра Лукашэнку, а 32% маюць намер прагаласаваць супраць.
XS
SM
MD
LG