Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобінская міліцыя распачала справу супраць актывіста АГП, раздрукаваўшы ягоныя артыкулы з прыватнага кампутара


Казімер Яноўскі, Жлобін Судзьдзя Жлобінскага раённага суду Алена Ярмольчык адправіла на дапрацоўку адміністрацыйную справу супраць лідэра мясцовай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Пятра Мірашнічэнкі. Яго, як лідэра арганізацыі й кіраўніка выбарчага штабу кандыдата ў дэпутаты парлямэнту ад АГП Марата Афанасьева, міліцыя прыцягвала да адказнасьці за нібыта незаконны выпуск і распаўсюд пэрыядычных выданьняў.

У верасьні пад выглядам таго, што ў аддзяленьні Белдзяржстраху была скрадзена яшчэ летась аргтэхніка, міліцыянты ўчынілі ператрус і гвалтоўна адабралі ў Пятра Мірашнічэнкі хатні кампутар і некаторыя інфармацыйныя матэрыялы, раздрукаваныя з інтэрнэту.

Кампутар Мірашнічэнкі ніякага дачыненьня да скрадзенай аргтэхнікі ў Дзяржстраху ня меў. Тады міліцыя распачала адміністрацыйны перасьлед супраць актывіста АГП нібыта за незаконны выпуск і распаўсюд пэрыядычнага выданьня. Такім выданьнем у міліцыянтаў стаў падрыхтаваны на кампутары ў раённую газэту артыкул пра рэфэрэндум: “Скажам “не” пажыцьцёвай дыктатуры!”

Судзьдзя Алена Ярмольчык двойчы пераносіла суд, патрабуючы ад сьледчага міліцыі Сяргей Касаўца прынесьці сам артыкул, а не раздрукаваныя непасрэдна ў райаддзеле міліцыі розныя інфармацыйныя матэрыялы, самавольна ўзятыя з жорсткага дыску кампутара Мірашнічэнкі.

І вось сёньня судзьдзя вярнула гэту справу ў міліцыю на дапрацоўку, патлумачыўшы, што падобныя адміністрацыйныя справы павінны ініцыяваць службовыя асобы, упаўнаважаныя саветамі. Пры гэтым прыватнага кампутара лідэру жлобінскай арганізацыі АГП суд не вярнуў. Вось што кажа на гэты конт сам Мікалай Мірашнічэнка:

(Мірашнічэнка: ) “Сфабрыкавалі супраць мяне адміністрацыйную справу. Міліцыя займалася яўнаю падробкаю з тым, каб неяк даказаць, што я нібыта незаконна выдаваў нейкае пэрыядачнае выданьне. Інфармацыйныя матэрыялы з майго кампутара друкавалі ў міліцыі пачкамі. Любы кваліфікаваны судзьдзя мог гэта бачыць з самага пачатку. Але ўсё робіцца ў адпаведнасьці з публічнымі выказваньнямі прэзыдэнта: праводзіць у парлямэнт тых людзей, якія патрэбны ўладзе. Не ўспрымае ўлада і крытыкі рэфэрэндуму і паказвае, як паводзіць адносна тых людзей, якія ня згодны зь незаконнай дзейнасьцю ўлады”.
XS
SM
MD
LG