Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія сябры КХП БНФ адбылі 10 сутак арышту і ...адразу накіраваліся ў суд


Браніслава Станкевіч, Віцебск Уладзімер Плешчанка ды Аляксандар Салаўян, адбылі 10 сутак арышту і накіраваліся ў Чыгуначны суд па канфіскаваныя плякаты Найбліжэйшымі днямі яны мяркуюць працягнуць у Віцебску агітацыю за байкот выбараў ды рэфэрэндуму 17 кастрычніка.

Апоўдні віцебскія сябры КХП БНФ сустракалі спадароў Плешчанку ды Салаўяна, якія адбылі 10 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня за агітацыю супраць выбараў ды рэфэрэндуму. Пакараньне, прысуджанае судзьдзёй Чыгуначнага раённага суду Аленай Грабянчук, спадар Плешчанка лічыць незаконным, але аспрэчваць яго не зьбіраецца, бо ня мае спадзеву на посьпех гэтае справы.

(Плешчанка: ) “Судзьдзя лічыць, што гэта пікет. Значыць, нам трэба браць дазвол на гэта. Фактычна, гэтым абмяжоўваюцца правы чалавека, бо ідзе агітацыйная кампанія, і кожны чалавек мае права агітаваць як “за”, так і “супраць”. Мы абвясьцілі, што будзем агітаваць за байкот, пакуль ня скончыцца агітацыйная кампанія”.

Такім чынам, Уладзімер Плешчанка ды Аляксандар Салаўян маюць намер працягваць агітацыю за байкот выбараў ды рэфэрэндуму, распачатую разам з Барысам Хамайдам 17 верасьня. Нагадаю, што спадар Хамайда таксама быў пакараны за пікетаваньне ля “Сіняга дому”: яму прысуджаны штраф 380 тысяч рублёў.

Апазыцыянэры мяркуюць вярнуць канфіскаваныя ў часе затрыманьня плякаты “Пустыя выбарчыя ўчасткі — найлепшы сродак супраць фальсыфікацыяў” і “Не хадзіце на выбары ды рэфэрэндум — усё адно падмануць”, або напісаць новыя, ды зноў выйсьці днямі да “Сіняга дому”.
XS
SM
MD
LG