Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агітацыю кандыдатаў ад апазыцыі зрываюць ужо з дапамогай аўтаматчыкаў


Валер Каліноўскі, Менск Некалькі інцыдэнтаў з удзелам міліцыі адбылося ў Воршы, калі кандыдат ад АГП Генадзь Ананьеў пачаў сваю агітацыйную кампанію. Каб спыніць расклейваньне перадвыбарчых плякатаў Ананьева, былі выліканыя два нарады міліцыянтаў з аўтаматамі. А ў Менску міліцыя зрывае агітацыйную кампанію кандыдатаў у дэпутаты ад АГП Аляксандра Дабравольскага і Валянціны Палевіковай, канфіскаваўшы іх легальна выдадзеныя ўлёткі.

У нядзелю міліцыя Воршы двойчы затрымлівала сябраў перадвыбарчай каманды Генадзя Ананьева. Спачатку затрымалі на дзьве гадзіны і яго самога — за распаўсюд легальна выдадзеных перадвыбарчых улётак. Потым ўвечары, калі давераныя асобы спадара Ананьева расклейвалі ягоныя плякаты на рэклямных тумбах, іх затрымалі апэратыўнікі з аўтаматамі.

(Ананьеў: ) “Яны так заўсёды: спачатку нас забіраюць, трымаюць гадзіну-другую, потым разьбіраюцца і выпускаюць. У большасьці выпадкаў нават не складаюць пратакол”.

Генадзь Ананьеў лічыць: міліцыя разумее, што вядзецца законная агітацыйная кампанія, але адмыслова імкнецца запалохаць сябраў ягонай выбарчай каманды.

Тым часам іншыя кандыдаты ў дэпутаты ад АГП Аляксандар Дабравольскі й Валянціна Палевікова дамагаюцца вяртаньня ўлётак, канфіскаваных міліцыяй Ленінскага раёну Менску нібыта для праверкі. Аляксандар Дабравольскі й Валянціна Палевікова абскардзілі дзеяньні міліцыі ў акруговай камісіі, пракуратуры і МУС, паколькі гэта легальная выбарчая прадукцыя, надрукаваная за грошы ЦВК.

Тымчасам крымінальная міліцыя і падатковая інспэкцыя сёньня зацікавіліся ўжо штаб-кватэрай АГП у Менску. Падаткавікі правялі ў сядзібе партыі апэратыўна-рэйдавую праверку.
XS
SM
MD
LG