Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У маладых беларускіх спэцыялістаў зьявілася магчымасьць легальна атрымаць чэскае грамадзянства, працуючы ў Чэхіі


Ганна Сурмач, Прага У Чэскай Рэспубліцы некалькі гадоў дзейнічае пілётны праект адбору кваліфікаваных замежных спэцыялістаў, які дазваляе легальна іміграваць у краіну і атрымаць там права на працу і пастаяннае жыхарства. Ад 1-га кастрычніка ўдзел у праграме могуць браць і грамадзяне Беларусі.

Чэхія падобна іншым дзяржавам дазваляе замежнікам прэтэндаваць на легальны статус у краіне, але толькі пра 10 гадоў легальнага пражываньня. Пілётны праект чэскага ўраду дае магчымасьць скараціць гэты тэрмін да двух з паловай гадоў.

Удзел у праекце раней быў абмежаваным – толькі для грамадзян Баўгарыі, Харватыі й Казахстану. Ад 1-га кастрычніка 2004 году чэскія ўлады пашырылі колькасьць краінаў. Да сьпісу дадаліся Беларусь і Малдова.

Падаваць заявы на ўдзел у праекце могуць маладыя людзі, якія - маюць сярэднюю ці вышэйшую адукацыю, - наяўнасьць візы на побыт у Чэхіі на тэрмін больш 90 дзён з мэтаю працаўладкаваньня альбо дазвол на побыт у сувязі з працаю - дазвол на працу ў Чэхіі, выдадзены службаю занятасьці Чэскай Рэспублікі

Заявы не прымаюцца ад тых, хто знаходзіцца ў Чэхіі нелегальна, а таксама ад тых, хто падаў заяву аб прадстаўленьні прытулку як уцякач. Асобы, якім было адмоўлена у прызнаньні права на статус уцекача, і якія жадаюць удзельнічаць у праекце, мусяць пакінуць Чэхію і толькі пасьля гэтага будуць мець магчымасьць падаць заяву у амбасаду Чэхіі ў сваёй краіне.

Ня могуць прымаць удзел у праекце і прадпрымальнікі, а толькі тыя, хто будзе працаваць па найму.

Праект не прадугледжвае абмежаваньняў сьпісу прафэсіяў, прадстаўнікі якіх патрабуюцца ў Чэхіі.

Адметнасьцю праекту зьяўляецца і тое, што ад 1-га кастрычніка ў ім могуць удзельнічаць і выпускнікі чэскіх вышэйшых навучальных установаў, незалежна ад грамадзянства.

Жадаючыя прыняць удзел у праекце могуць падаць заяву ў Міністэрства працы і сацыяльнага забесьпячэньня Чэскай рэспублікі, ці ў амбасаду Чэхіі ў краіне свайго пражываньня, абавязкова асабіста.

Больш падрабязную інфармацыю пра тое, як практычна можна ажыцьцявіць удзел у праекце, форму заявы і сьпіс патрэбных дакумэнтаў вы можаце знайсьці на афіцыйным сайце гэтага праекту: www.imigracecz.org*.

* - беларуская служба Радыё Свабода не нясе адказнасьці за зьмест вэбсайтаў, на якія дае спасылкі.
XS
SM
MD
LG