Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм КХП БНФ заклікаў грамадзянаў Беларусі ня ўдзельнічаць у галасаваньні 17 кастрычніка


RFE/RL Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ заклікаў грамадзянаў Беларусі не ўдзельнічаць у галасаваньні 17 кастрычніка, кандыдатам ў дэпутаты – выйсьці з выбарчай кампаніі, Аляксандру Лукашэнку – адклікаць прапанову аб рэфэрэндуме, Вярхоўнаму суду – зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд па праверку адпаведнасьці рэфэрэндуму Канстытуцыі і нарэшце міжнародных назіральнікаў КХП БНФ заклікае не назіраць за выбарамі.

У заяве Сойму партыі адзначаецца, што “Рэфэрэндум – антызаконны. Дзеючае заканадаўства забараняе выносіць на рэфэрэндум пытаньні, зьвязаныя з выбарамі прэзыдэнта Беларусі”.

На думку партыі “зьвязаўшы выбары ў палату са сваім незаконным рэфэрэндумам, Лукашэнка датэрмінова зрабіў палітычную акцыю, прызначаную на 17 кастрычніка, цалкам незаконнай”.

Паводле КХП БНФ, “павінен адбыцца выхад з фарсу. Разыгрываецца бандыцкая афёра па ўвекавечваньні акупацыйнай дыктатуры”.

Партыя рэзка скрытыкавала палітычныя сілы, які ўзялі ўдзел у выбарах, паводле меркаваньня партыі “людзі ўжо пачынаюць разумець, што псэўдаапазыцыя працуе на інтарэсы антынароднага рэжыму, і выказваюць недавер яе “кандыдатам у дэпутаты”.

КХП БНФ называе незразумелым рашэньне АБСЭ накіраваць на выбары сваіх назіральнікаў. “Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і кіраўніцтва дэмакратычных краінаў адклікаць назіральнікаў і зрабіць заяву аб непрызнаньні вынікаў выбарчага фарсу і рэфэрэндуму” – гаворыцца ў дакумэнтах Сойму.

Кандыдатаў, што ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, Сойм КХП БНФ заклікаў выйсьці зь яе і далучыцца да байкоту.
XS
SM
MD
LG