Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы прывыклі да бізуна і моцнай рукі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Праз два тыдні Беларусь можа трапіць у шэраг дзяржаў, лідэры якіх застаюцца нязьменнымі на працягу дзесяцігодзьдзяў. Наступствы рэфэрэндуму 17 кастрычніка непакояць і трывожаць многіх нашых слухачоў, якія сваімі роздумамі й сумневамі дзеляцца ў лістах на Свабоду. Cёньняшні агляд нашай пошты апошніх дзён пачну з пісьма з Рагачова, якое даслаў Віктар Баранаў. Ён піша:

“Глядзець сёньня дзяржаўнае тэлебачаньне – гэта сапраўдная божая кара. Хочацца ўбачыць разумную перадачу, дыскусію, дыялёг, а табе тыц у морду дурнаватыя ролікі – пра тое, што, апроч Лукашэнкі, у нас няма людзей, здольных кіраваць дзяржавай. І што гэта за людзі гавораць такое ў кадры? Напэўна, адмыслова падабраныя і добра аплачаныя. Няшчасная краіна! Значыць, калі заўтра Лукашэнкі ня будзе, дык народ пачне гінуць? Гісторыя дала Лукашэнку шанец – праявіць свой розум. Але ён гэты шанец выкарыстаў толькі дзеля ўмацаваньня асабістай улады. І ягонае імкненьне застацца на трэці тэрмін – гэта страх згубіць уладу, страх за тое, што ў наступнага прэзыдэнта ўсё будзе атрымлівацца лепш, чым у яго”.

У палітычнай рэкляме, якую вы, спадар Баранаў, згадваеце, здымаліся прафэсійныя акторы – у кадры яны казалі пра Лукашэнку ня тое, што самі думаюць, а тое, што ім напісалі сцэнарысты. Гэтыя ролікі здымаліся задоўга да таго, як Лукашэнка абвясьціў рэфэрэндум, і аплачваліся зь бюджэту дзяржаўнай тэлекампаніі – іншымі словамі, іх аплацілі самі беларускія грамадзяне. У тэлеэфіры палітычная рэкляма зьявілася адразу ж пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка выступіў з заявай пра перагляд Канстытуцыі й свой намер застацца пры ўладзе. Стваральнікі ролікаў, відавочна, вельмі хацелі паказаць сваю адданасьць Аляксандру Лукашэнку. Але сам жа Лукашэнка паўшчуваў іх за гэта і праз тыдзень загадаў зьняць ролікі з эфіру – пасьля таго, як стала відавочна, што ў большасьці людзей яны выклікаюць раздражненьне і абурэньне.

Ліст ад Васіля Куцэнкі з Валожынскага раёну. Слухач піша:

“Вельмі нямногія палітыкі здольныя так падабацца простаму чалавеку, як гэта ўдаецца рабіць Лукашэнку. У Беларусі іншых такіх палітыкаў няма. Апазыцыянэры й блізка не стаялі побач зь ім. Плятуць нешта аб дэмакратыі, дыктатуры, правах чалавека. Ды навошта нашаму чалавеку тыя правы? Вы яму дайце працу, каб ён мог пракарміцца. Пахваліце. Палайце ягонае начальства. Наладзьце сьвята, каб чалавек мог выпіць і песьню пасьпяваць. Лукашэнка апазыцыю душыў і будзе душыць. І людзі яго ў гэтым падтрымліваюць. У краіне павінен быць адзін моцны гаспадар. А тое, што скажа з гэтай нагоды Захад – нікога не цікавіць. Мы – не Нямеччына, ня Францыя і нават ня Польшча. За стагодзьдзі беларусы прывыклі да бізуна і моцнай рукі. А што такое дэмакратыя – ніколі ня ведалі й ведаць ня хочуць. Лукашэнка гэта разумее, а вось апазыцыя – не. Таму і асуджаная на вечную паразу”.

Сапраўды, спадар Куцэнка, беларусы фактычна ня жылі ва ўмовах дэмакратычнай дзяржавы, і многім цяжка ўсьвядоміць і прыняць асабіста для сябе каштоўнасьці дэмакратыі. Гэта, аднак, зусім не азначае, што грамадзтва застаецца нязьменным – такім, як, напрыклад, у 1994 годзе, калі за Аляксандра Лукашэнку, сапраўды, прагаласавала большасьць палітычна актыўных грамадзянаў. Беларусы цяпер шмат езьдзяць па сьвеце, асабліва на заробкі, альбо па тавары ў суседнія краіны. Бачаць, як жывуць людзі там, дзе няма пажыцьцёвых прэзыдэнтаў, дзе грамадзяне вольныя казаць пра ўладу тое, што думаюць, дзе не зьнікаюць палітыкі й ня кідаюць у турму падлеткаў за нацыянальныя сымбалі. Людзі назіраюць, супастаўляюць, робяць высновы.

Ня думаю, што вашыя, спадар Куцэнка, абагульненьні слушныя й актуальныя для большасьці сёньняшняга беларускага грамадзтва. Іншая рэч, што выявіць сапраўдныя грамадзкія настроі цяперашнія беларускія выбары, якія наладжаныя на савецкі ўзор, ня могуць. Беларусы сёньня фактычна пазбаўленыя права на свабодны й справядлівы выбар сваёй улады.

Ліст ад Міколы Чыбісава зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Слухач піша:

“Сьвядомыя грамадзяне Беларусі не павінны быць саўдзельнікамі злачынства (а перагляд Канстытуцыі і пажыцьцёвае прэзыдэнцтва я лічу менавіта злачынствам, бо гэта прывядзе да яшчэ большай галечы простага люду). Раю журналістам Свабоды часьцей расказваць пра тое, як працуюць і колькі зарабляюць людзі ў Эўропе. Сам я нядаўна вярнуўся з заробкаў з Санкт-Пецярбургу. Там спрабуюць зарабіць капейку на жыцьцё тысячы беларусаў, якім на радзіме плацяць, як жабракам, толькі на хлеб і ваду. Людзі ж павінны зразумець: пасьля вайны гарады, напрыклад, Нямеччыны ляжалі ў такіх жа руінах, што і Менск. Гаспадарка была гэтак жа разбурана і зьнішчана. Дык чаму нямецкі фэрмэр зарабляе тры тысячы эўра за месяц, а беларускі калгасьнік – дваццаць эўра? Гэта надзвычай важнае палітычнае пытаньне”.

Нямецкі фэрмэр, спадар Чыбісаў, працуе на ўласнай зямлі, якая пяройдзе ў спадчыну ягоным дзецям. Ён сам распараджаецца вырашчаным, сам вырашае, што яму сеяць, калі й чым убіраць. Над ім няма начальнікаў і распарадчыкаў.

Зрэшты, ёсьць і шмат іншых абставінаў, якія абумовілі такую гіганцкую розьніцу ва ўзроўні жыцьця эўрапейцаў і насельнікаў былога Савецкага Саюзу. Тут і гістарычныя, і культурныя, і мэнтальныя асаблівасьці. Нават тады, калі беларускія сяляне мелі ўласную зямлю, жыцьцё і аблічча беларускай вёскі было вельмі не падобным на аблічча вёскі нямецкай.

Ліст ад Дзьмітрыя Мухі з Кіраўска Магілёўскай вобласьці. Слухач піша:

“Адарваць Лукашэнку ад прэзыдэнцтва можна толькі разам з крэслам – а гэтага ня будзе. І з прычыны нашага агульнага страху трэці тэрмін яму забясьпечаны. Але калі-небудзь ён усё роўна вымушаны будзе сысьці. І нехта пасьля яго будзе пазбаўляцца ад гэтага аджыўшага сваё сацыялізму. Мы пазьней за іншых пройдзем той самы шлях. У пакутах будзе нараджацца гаспадар – а гэта цяжка. І, магчыма, людзі нават будуць казаць, што пры Лукашэнку жылося лепш. Але вінаваты ў гэтым найперш ён. Вось чаго людзі ў Беларусі ніяк ня могуць зразумець.

Я ніколі не галасаваў за Лукашэнку. Я стаміўся слухаць ягоны голас і бачыць ягоны твар. Думаю, ён і сам ня ведае, што далей рабіць. Калі ён абвясьціў, што хоча застацца пры ўладзе, мне было сорамна за яго. І гэтак жа сорамна будзе за землякоў, калі яны прагаласуюць за яго на рэфэрэндуме. А ў тым, што ён даможацца свайго, я не сумняюся. Паміж ягонымі размовамі й справамі, гэтак жа, як і паміж ім і людзьмі – вялізная бездань. Але калі гэта зразумеюць людзі? Сам я ўжо ня маю сілаў змагацца й проста пастараюся зьехаць адсюль. А яшчэ я яго баюся, на тое ёсьць прычыны. Таму прашу не называць майго сапраўднага прозьвішча”.

Дзьмітрый Муха з Кіраўску Магілёўскай вобласьці таксама выказаў меркаваньне наконт іншай грамадзкай праблемы – моўнай. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Я ня супраць, калі мае дзеці будуць ведаць беларускую мову”, піша Дзьмітры Муха. “Я супраць, каб яны на ёй навучаліся. Хоць на кожным беларускім слове, як казаў нехта, ляжаць кроплі расы й пахне яго хваёвым лесам, але гэтага мала. Мова – гэта толькі адзін з каранёў нашай духоўнасьці й культуры. Не патрэбна вам махаць мовай, як Лукашэнка замуляным сьцягам яднаньня. Мова – гэта толькі дэталь, але далёка не галоўная праблема, вакол якой трэба ламаць коп’і. Нешта галоўнае вы пры гэтым прапускаеце”.

У моўным пытаньні вы, спадар Муха, вельмі блізкі да поглядаў Аляксандра Лукашэнкі. Тое ж грэблівае стаўленьне – як да чагосьці непаўнавартаснага, другаснага. Калі вы ажыцьцявіце свае намеры й апынецеся дзе-небудзь у Фінляндыі ці Галяндыі, то, магчыма, зразумееце, наколькі ўсё ж важная нацыянальная мова і ў пабудове незалежнай дзяржавы, і ў фармаваньні нацыянальнай сьвядомасьці. Наўрад ці вы адважыцеся тлумачыць, напрыклад, фінам, што на іхнай мове размаўляе ня надта шмат людзей – а таму, маўляў, чаму б не вярнуцца да мовы колішняга старэйшага брата і не перавесьці адукацыю на расейскую мову, на якой навучаліся ў 19 стагодзьдзі прадзеды сёньняшніх фінскіх дзяцей.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікола Волін і Сяргей Патаранскі зь Менску, Віталь Гусеў з Магілёва, Уладзіслаў Зьвернік зь мястэчка Чысьць Маладэчанскага раёну і Мікалай Малмыга зь вёскі Дамейкі Шчучынскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG