Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абвяшчэньне Лукашэнкам рэфэрэндуму зьвяло да нуля сэнс выбараў у палатку”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 1 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добры вечар! У мяне ёсьць такое меркаваньне. Сёньня ўвечары паехала Зінаіда Бандарэнка, каб прымаць удзел у перадвыбарчай агітацыі. Дык я прапаную, каб усё, што гаварылася слушнага, добрага, калектыўным такім розумам, вы коратка й вельмі даступна надрукавалі і далі б у дапамогу, каб чалавек прачытаў і шмат добрых думак узяў бы сабе”.

(Спадарыня: ) “Скажыце, калі ласка, чаму ваша Свабода столькі брэша на нашага прэзыдэнта Лукашэнку. Чаму вы не паважаеце выбар нашага народу? Чаму вы зьвязаліся з гэтай апазыцыяй, якая нічога ня робіць, а толькі гарланіць на вуліцах горада і таксама нясе ўсякую лухту. Карысьці ад іх ніякай ні дзяржаве, ні народу! Адна нэрвовасьць”.

(Слухач Свабоды: ) “Паважаныя журналісты Радыё Свабода! Вы бываеце на прэс-канфэрэнцыях у Цэнтрвыбаркаме. Спытайцеся, калі ласка, у спадарыні Ярмошынай, ці даваў Аляксандар Рыгоравіч якія-небудзь указаньні наконт вынікаў рэфэрэндуму ў зьвязку з тым, што ўказаньні наконт вынікаў выбараў у парлямэнт Цэнтрвыбаркам, як вядома, мае. Дзякуй”.

(Валянцін Мацкевіч: ) “Добры дзень! Абвяшчэньне Лукашэнкам рэфэрэндуму зьвяло да нуля сэнс выбараў у палатку. Гэта канчаткова паказала, што Масква ня мае ніякіх рычагоў уплыву на гэтага некіруемага чалавека. На працягу трох гадоў лідэры апазыцыі езьдзілі ў Маскву па смаленскім шляху Лукашэнкі, як аказалася, за дзіцячай пустышкай. Гэта найвялікшая памылка і правал апазыцыі.

Зараз выбары – гэта паравоз рэфэрэндуму. Зразумела, што заўсёды ёсьць выйсьце з сытуацыі. Народнаму фронту беларускаму, сацыял-дэмакратам і АГП трэба здымаць свае кандыдатуры, ня пэцкацца. Гэта будзе моцным крокам. Хто ня здыме, тых выключаць з партыі, і ладзіць незалежны падлік удзельнікаў рэфэрэндуму, іх галасоў.

Ці можна было б дамовіцца зЛукашэнкам? Раней я думаў, што на грунце незалежнасьці Беларусі можна. Зараз я ведаю, што гэта было магчыма толькі тэарэтычна. А крыніцай улады ў Беларусі ўсё роўна зьяўляецца народ. Сёньня на крывой казе за 25-30 адсоткаў Лукашэнка хоча аб’ехаць гэты народ. Я думаю на гэты раз у яго гэта не атрымаецца. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што патрапяць альбо не дэпутаты ад апазыцыі ў парлямэнт, ён будзе ўсё роўна нелегітымным з прычыны існуючага рэвалюцыйнага сацыялізму ў нашай рэспубліцы, які, калі верыць эканамістам Захаду Марксу й Энгельсу, вядзе дзяржаву да сьмерці, да разбурэньня. Прапаную вярнуць старую ўладу, магчыма і Кебіча, прызнаць несапраўдным тое, што адбылося за 10 год, і паступова разьвіваць дэмакратыю”.
XS
SM
MD
LG