Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі 22% апытаных крычаўцаў згодныя з тым, каб Аляксандар Лукашэнка пажыцьцёва кіраваў Беларусьсю


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У Крычаве мясцовае грамадзкае аб’яднаньне “Кантакт-цэнтр” сумесна з праваабарончай групай правялі апытаньне грамадзкага меркаваньня. Крычаўцы, канечне, не прэтэндуюць на грунтоўнае навуковае дасьледаваньне: яны проста падсумавалі адказы на пытаньні пра выбары і рэфэрэндум 120 жыхароў Крычаўскага раёну – гэта работнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, прадпрымальнікі і сяляне.

Ідэя правесьці перадвыбарчае апытаньне нарадзілася ў штабах кандыдатаў у дэпутаты. У Крычаўскай акрузе, акрамя кандыдата ад улады, балятуюцца два прадстаўнікі палітычных партыяў – вылучэнец Народнай грамады Мікалай Гердзій і сябра АГП Сяргей Няроўны.

Якія ж перадвыбарчыя настроі крычаўцаў? Пераважная частка выбарнікаў зьбіраецца браць удзел у выбарах і рэфэрэндуме, хаця амаль палова тых, хто адказваў на пытаньні, яшчэ ня вызначыліся з кандыдатам, за якога аддадуць свой голас.

Што да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі, то каля паловы крычаўцаў, якія бралі ўдзел у апытаньні, мяркуюць адказаць “не” на прапановы Лукашэнкі. Актывісты, якія вывучалі грамадзкае меркаваньне, лічаць самай галоўнай наступную лічбу: толькі 22 адсоткі згодныя з тым, каб Аляксандар Лукашэнка пажыцьцёва кіраваў Беларусьсю, а большасьць – катэгарычна супраць. Вось такія настроі выявіла гэтае міні-апытаньне напярэдадні 17 кастрычніка ў жыхароў Крычава.

Наколькі можна давяраць вынікам гэтага аматарскага апытаньня? Лічбы нават грунтоўных дасьледаваньняў зусім не заўсёды супадаюць з вынікамі выбараў. Што гавораць на гэты конт арганізатары апытаньня? Я размаўляла з кіраўнікамі грамадзкага аб”яднаньня “Кантакт-цэнтр” Лявонам Сьвецікам і Андрэем Кузьміным.

Па-першае, наконт шчырасьці адказаў. Як карэспандэнт Свабоды я таксама маю вопыт апытаньняў – праўда, крыху іншых, журналісцкіх, якія робяцца на вуліцы – і я добра ведаю, што ня ўсе хочуць адкрыта адказваць на пытаньні, тым больш палітычныя. У такіх выпадках дапамагае толькі ананімнасьць, якую гарантавалі удзельнікам апытаньня і крычаўцы. Але так падаецца, што дапамагае яна не заўсёды. Гаворыць Андрэй Кузьмін, кіраўнік крычаўскага інфармацыйнага цэнтру:

(Кузьмін: ) “Значная частка людзей, якіх мы апытвалі й якія адмовіліся ўдзельнічаць у апытаньні, у прынцыпе – яны пабойваюцца. На вынікі гэтага апытаньня трэба накласьці фактар боязі. Усё ж такі людзі баяцца, і ня ўсе й не заўсёды адказваюць шчыра”.

Сапраўды, вынікі выбараў, здараецца, адрозьніваюцца ад апытаньняў, якія робяцца напярэдадні. Тут ёсьць некалькі праблемаў, адна зь якіх – псыхалягічнага кшталту, калі людзі мяняюць сваё нібыта цьвёрдае меркаваньне проста на выбарчым участку. Бывае й так, што яны самі галасуюць, як большасьць, галасуюць, як сказалі ці як трэба ўладзе, з самых розных прычынаў.

Аднак здараюцца і іншыя сытуацыі, пра якія сказаў кіраўнік “Кантакт-цэнтру” Лявон Сьвецік:

(Сьвецік: ) “Ёсьць такая праблема, калі людзі адказваюць на анкеты адным чынам, а пасьля выбараў дадзеныя іншыя. Баюся, што тут не ад саміх людзей залежыць, а ад таго, як спрацуюць камісіі, будуць падтасоўкі ці не. Мы даведаемся пра гэта, толькі калі адбудуцца выбары”.
XS
SM
MD
LG