Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік Рады Эўразьвязу ў “Белорусской газете”: “Лукашэнка згубіў кантакт з рэальнасьцю”


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд беларускага друку

Газэта “Белорусский рынок” у дадатку дае вялізны матэрыял “Людзі справы” пра малы й сярэдні бізнэс.

Чытачам прапануюць артыкул пра праект Указа аб стварэньні парка высокіх тэхналёгіяў. Размова ідзе пра афшорнае праграмаваньне. Праграмісты намагаюцца стварыць для сябе вялікія ільготы.

Газэта “Белорусский рынок” працягвае тэму выбараў. Чытачы могуць азнаёміцца з вынікамі апытаньня. Рэспандэнты адказвалі на пытаньне: “Якім павінен быць дэпутат парлямэнту?”

Апроч таго, газэта публікуе інтэрвію з Аляксандрам Вайтовічам, у якім ён адзначыў, што “павінны зьявіцца новыя ідэі”. Газэта надрукавала статыстычныя дадзеныя ў сфэры занятасьці – колькі беспрацоўных, якія заробкі і г.д.

“Белорусская газета” працягвае тэму так званых “невыяздных”. Надрукавана інтэрвію з чыноўнікам Рады Эўразьвязу, які пажадаў застацца ананімным. Ён абверг выказваньні Лукашэнкі наконт таго, што на яго рыхтуецца замах. Чыноўнік выказаўся, што Лукашэнка згубіў кантакт з рэальнасьцю. Чаму ў сьпісе толькі 4 асобы? Таму што валодаюць доказамі іх віны. Наконт выказваньня пра распаўсюд гомасэксуалізму адказаў, што не разумее, як гэта можна распаўсюджваць. Ён спаслаўся на тое, што Эўропа імкнецца да таго, каб геі мелі роўныя правы з іншымі людзьмі.

У інтэрвію зь Леанідам Школьнікавым ідзе гутарка наконт захадаў беларускіх уладаў у адказ. Журналісты ўзгадалі, якія могуць быць аргумэнты – вайна поўначы і поўдня, парушэньне правоў індзейцаў, недасьледаваная да канца справа Марціна Лютэра Кінга. Спадар Школьнікаў сказаў, што трэба паставіць заслон на дарозе замежных пракурораў і розных міністраў.

Журналісты наведалі псыхіятрычны шпіталь: яны высьвятлялі, як будуць галасаваць 17 кастрычніка пацыенты гэтай установы.

Смаргонская газэта “Местное время” распавядае пра сьвяткаваньне 239-х угодкаў Міхаіла Клеафаста Агінскага . Гучалі яго творы ў выкананьні капэлы Алеся Лася з Пінску, дзіцячага хору з Вілейкі і мясцовага ансамбля “Альтанка”.

“Местное время” надрукавала артыкул пра незвычайнае здарэньне ў вёсцы Залесьсе. На сьвяце ўсе заўважылі, што амаль не было мясцовых жыхароў. Высьветлілася, што яны знайшлі ў калгасным садзе цэлую фуру сьпірту. Кажуць, што кіроўца грузавіка заўважыў, што за ім сочаць міліцыянты і скінуў небясьпечны груз у садзе. Мясцовыя жыхары з радасьці так пілі, што некаторыя нават трапілі ў псыхіятрычны шпіталь.

А вось самымі сьвядомымі жыхарамі аказаліся дзеці. Яны яшчэ летам арганізавалі экалягічны патруль. Смаргонская газэта распавядае, як школьнікі чысьцілі раку Бялу. Яны вывезьлі чатыры машыны сьмецьця, якое мясцовыя жыхары выкідвалі на бераг ракі. Цяпер дзеці патрулююць ля ракі. Яны спачатку просяць гаспадароў прыбраць сваё сьмецьце, а, калі тыя не пагаджаюцца, то ідуць да экаінспэктараў, каб тыя штрафавалі несьвядомых дарослых.
XS
SM
MD
LG