Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

4 кастрычніка 1980 году ў аўтамабільнай катастрофе загінуў Пётр Машэраў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 3 і 4 кастрычніка

Спачатку – пра каляндарныя даты ўчорашняе нядзелі.

3 кастрычніка адзначаўся Дзень нямецкага адзінства – у гонар аб’яднаньня дзьвюх частак Нямеччыны. Таксама ў гэты дзень у розныя гады прыйшлі на сьвет францускі паэт, заснавальнік сюррэалізму Луі Арагон; літоўскі паэт, найбольш знаны па-за межамі Літвы, Эдуардас Межэлайціс, і вядомы артыст савецкага тэатру й кіно Армен Джыгарханян, які нарадзіўся ў 1935 годзе.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

4 кастрычніка 1535 году з друку выйшла першая ў сьвеце Біблія на ангельскай мове. Вартая ўвагі акалічнасьць: беларусы, дзякуючы Францішку Скарыну, атрымалі сваю Біблію па-беларуску ў 1517 годзе, гэта значыць – амаль на дваццаць гадоў раней за ангельцаў.

А яшчэ 4 кастрычніка ў 1980 годзе ў аўтамабільнай катастрофе загінуў Пётр Машэраў, першы сакратар ЦК КПБ і герой Савецкага Саюзу. Менавіта зь ягонай асобаю зьвязваюць усё добрае і кепскае, што рабілася ў Беларусі за часамі савецкага застою.

4 кастрычніка 1750 году ў Віцебску нарадзіўся паэт Францішак Дыянізі Князьнін. Адукацыю ён атрымаў у Беларусі. Спачатку вучыўся ў Віцебскай езуіцкай калегіі, дзе скончыў клясу рыторыкі, затым у Полацку, Нясьвіжы і Слуцку. Ягоныя вершы, оды, элегіі й байкі, напісаныя на лаціне й па-польску, сталі клясыкай літаратуры ракако ў Рэчы Паспалітай. Ягоныя опэры ставіліся па ўсёй Беларусі, у тым ліку і ў Слонімскім тэатры Агінскага. Апроч таго, Францішак Князьнін быў адным зь першых зьбіральнікаў беларускага фальклёру, а многія героі ягоных твораў гавораць па-беларуску. Ягоны беларускі верш “Кросенкі” выконваўся сялянамі як народная песьня.

4 кастрычніка 1816 году нарадзіўся Эжэн Пацье, славуты францускі паэт, удзельнік Парыскае камуны, які ўвайшоў у гісторыю як аўтар ведамага ўсім “Інтэрнацыяналу”.

А ў гэты дзень у 1904 годзе памёр іншы дзеяч францускае культуры, Фрэдэрык Агюст Бэртольдзі, выдатны скульптар і графік. У гісторыю мастацтва ён увайшоў дзьвюма рэчамі: па-першае, як аўтар вострых палітычных карыкатураў, а па-другое – як аўтар статуі Свабоды. Свабода была створаная ў Парыжы, і толькі значна пазьней яе копія была падораная францускім урадам Злучаным Штатам і стала неад’емным сымбалем Ню Ёрку.
XS
SM
MD
LG