Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілітарызацыя жыцьця ў Беларусі будзе працягвацца


Алег Грузьділовіч, Менск У Беларусі завяршыліся вайсковы манэўры “Шчыт Айчыны 2004”. Паводле дадзеных, гэты былі найбуйнейшыя за апошнія гады манэўры, у якіх акрамя вайскоўцаў задзейнічалі некалькі тысячаў цывільных грамадзянаў. Назіральнікі ўжо спрабуюць падлічыць, колькі грамадзянаў прызавуць на манэўры ў наступным годзе.

“Шчыт Айчыны 2004” скончыўся ўчора на палігоне пад Барысавам урачыстым аглядам войскаў , якія бралі ўдзел у гэтых беспрэцэдэнтных для найноўшай гісторыі Беларусі манэўрах. Гэта была дэманстрацыя моцы, рашучасьці і адзінадушнага “ўра” ў адказ на заклікі галоўнакамандуючага.

Што ў гэтых манэўрах было адметнага ? Паводле назіральнікаў, найбольш іх адрозьнівала вялікая колькасьць мабілізаваных на манэўры цывільных грамадзянаў. Усяго з запасу на манэўры прызвалі каля 2 тысяч чалавек, але не звычайных пехацінцаў, а найперш адмыслоўцаў. Тых, хто ўмее пракладваць сувязь, бурыць сьвідравіны для забесьпячэньня войска вадой, хто хутка наводзіць праз рэчку пантоны ды іншых.

Мабілізавалі і кіраўнікоў для працы ў штабах, у тым ліку для новых частак гэтак званай тэрытарыяльнай абароны. Карацей, прайшла буйнейшая рэпэтыцыя мабілізацыі ня столькі арміі, колькі ўсяго насельніцтва на адпор гіпатэтычнаму ворагу. Міністар абароны Леанід Мальцаў патлумачыў гэта патрабаваньнямі часу.

(Мальцаў: ) “Новыя формы й спосабы баявых дзеяньняў патрабуюць адэкватнага рэагаваньня. Натуральна, што трэба думаць, як у гэтых новых умовах дзейнічаць”.

Думалі пра новыя формы трэніровак ня толькі вайскоўцы. У выніку далучаныя да манэўраў салдаты ўнутраных войскаў імітавалі на палігоне разгон дэманстрантаў, якія паводле сцэнару “правакавалі ўнутраны канфлікт”. Супрацоўнікі КГБ шукалі арганізатараў абурэньняў, а на мяжы памежнікі змагаліся з тэрарызмам.

Мой знаёмы ў аўторак перасякаў беларуска-літоўскую мяжу на пераходзе “Каменны лог”. Мікалай на сабе пазнаў, што такое пошукі ўмоўнага тэрарыста ў пэўным турыстычным аўтобусе.

(Мікалай: ) “Проста загадалі пакінуць аўтобус і адагналі мэтраў на 200-300. Быў страшэнны холад, а сярод пасажыраў былі дзеці. І гэта ў такі інфэкцыйны час…Усё гэта выглядала вельмі непрыгожа. І нам усім падалося, што такое стаўленьне да цывільных у сувязі з вайсковымі вучэньнямі – гэта звычайная прафанацыя. Армія мусіць трэніравацца не за кошт людзей, якія ня маюць да яе ніякіх адносінаў”.

Дарэчы, мінулыя манэўры адрозьніваліся й тым, колькі ўвагі ім надавалі афіцыйныя мэдыі. Менавіта паведамленьнямі з палігонаў у апошнія дні пачыналіся зводкі навінаў на дзяржаўным тэлебачаньні, вайсковая тэма там часова засланіла нават тэму будучага рэфэрэндуму. І кожны такі блёк сюжэтаў заканчваўся кароткім інтэрвію. “Порах трэба трымаць сухім” – звычайна казаў з экрану чарговы чалавек ў цывільным.

Паводле незалежных назіральнікаў мілітарызацыя жыцьця ў Беларусі будзе працягвацца. Аўтарам сцэнароў да манэўраў заўсёды падаецца, што варта ахапіць імі яшчэ большую колькасьць удзельнікаў – і патэнцыйны вораг канчаткова спалохаецца , нагадваюць адмыслоўцы.
XS
SM
MD
LG