Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік нямецкага МЗС Ульрых Брандэнбург прыехаў у Беларусь


Ул. інф. У Беларусі знаходзіцца намесьнік дырэктара палітычнага дэпартамэнта МЗС Нямеччыны Ульрых Брандэнбург. Пасьля візыту міністра замежных справаў Нямеччыны Клаўса Кінкеля ў 1995, гэта першы такі візыт у Беларусь афіцыйнага чыноўніка зь Нямеччыны высокага рангу. Фармальнай прычынай візыту спадара Брандэнбурга ў Менск ёсьць адкрыцьцё новага будынку консульска-прававога аддзелу нямецкай амбасады, прымеркаванае да сьвята нямецкага адзінства – 3 кастрычніка.

Як лічаць назіральнікі, гэты візыт таксама азначае, што Нямеччына, з аднаго боку, па-ранейшаму хоча супрацоўнічаць з сувэрэннай Беларусьсю, з другога боку, Бэрлін цалкам падзяляе ўсю заклапочанасьць Эўразьвязу што да разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў краіне.

“Я магу сказаць, што Беларусь вельмі часта стаіць на парадку дня паседжаньняў нямецкага МЗС і зусім ня ў зьвязку з добрымі навінамі”, заявіў Ульрых Брандэнбург учора ўвечары ў часе сустрэчы з беларускімі журналістамі.

Паводле намесьніка палітычнага дырэктара нямецкага МЗС, Бэрлін цяпер вельмі пільна адсочвае ход маючых адбыцца ў Беларусі выбараў і рэфэрэндуму. Гэтыя падзеі стануць свайго роду сыгналам для далейшых дачыненьняў Беларусі зь іншымі краінамі Эўропы.

На цяперашні момант стасункі паміж краінамі нельга назваць адназначнымі. Так, па колькасьці атрыманьня нямецкіх візаў – звыш за 100 тысячаў у год – Беларусь, сярод усіх краінаў, якія падтрымліваюць візавы рэжым з ФРГ, займае чацьвёртае пазыцыю. З адкрыцьцём новага будынку консульства выезд беларусаў у Нямеччыну яшчэ ўзрасьце, і ў самім Бэрліне гэта вельмі вітаюць. Зь іншага боку, Нямеччына добра азнаёмленая з дакладам спадара Пургурыдэса пра зьніклых апанэнтаў беларускага рэжыму і тыя захады, якія Эўразьвяз прыняў у дачыненьні да некаторых беларускіх чыноўнікаў, не маглі ня выклікаць адпаведнай рэакцыі і ў нямецкім кіраўніцтве.

Што да пытаньня Свабоды адносна таго рэзанансу, які меў у нямецкім МЗС адкрыты ліст Ганса-Георга Віка, Клаўса Зэгбэрса і Гезінэ Шван да міністра Фішэра, пра які мы перадавалі раней у нашых праграмах, (ліст быў накіраваны кіраўніцтву МЗС адразу пасьля закрыцьця ЭГУ), спадар Ульрых Брандэнбург адказаў наступнае: аўтары звароту маюць вельмі высокі аўтарытэт у краіне, і іхную заклапочанасьць адносна палітычнага разьвіцьця ў Беларусі ў Бэрліне цалкам падзяляюць. Нямецкі ўрад ўжо выклаў у гэтай сувязі свае пазыцыі афіцыйнаму Менску, аднак, як можна было зразумець са словаў спадара Брандэнбурга, афіцыйнага адказу з боку беларускага кіраўніцтва пакуль не было.

Спадар Брандэнбург таксама паведаміў, што ў Бэрліне пакуль вырашылі не рэагаваць на тыя абвінавачваньні на адрас Нямеччыны, якія былі агучаныя кіраўніком беларускай дзяржавы ў часе паседжаньня Рады бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG