Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызыў, выбары, падзаробак: тэхналёгіі посьпеху


Франак Вячорка, Менск Сёньня ў праграме: – Стартуе восеньскі прызыў ва Ўзброеныя сілы. Хлопец, які “адкасіў”, дзеліцца парадамі, а таксама разважае пра альтэрнатыўную службу. – Моладзь агітуе за кандыдатаў на дэпутаты. Меркаваньні чальцоў ініцыятыўных групаў і саміх выбарцаў. – На беларускай мове можна зарабляць грошы. Малады настаўнік піша на замову працы: ад школьных твораў да дыплёмных праектаў. – Моладзь і мабільная сувязь. Адмыслоўца аналізуе, наколькі сэрвіс адпавядае запытам маладых кліентаў. – Новае моладзевае захапленьне – інтэрнэт-дзёньнікі. У глябальным павуціньні карыстальнікі пакідаюць тое, з чым не жадаюць сутыкацца ў рэчаіснасьці.

ГАВОРКІ ПРА ВОЙСКА

У кастрычніку распачынаецца восеньскі прызыў ва Ўзброеныя сілы Беларусі. Больш за 10 тысячаў хлопцаў зьменяць джынсы і красачы на гімнасьцёркі й хромавыя боты. Гэтымі днямі ў калідорах ваенкаматаў – і ўчорашнія школьнікі, і дыплямаваныя маладыя спэцыялісты. Колькі не ўглядайся ў твары, вялікага жаданьня хутчэй стаць у вайсковыя шэрагі не заўважыш.

Аляксей скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны унівэрсытэт і меў усе шанцы апынуцца, як кажуць, “у ботах”, аднак яму пашанцавала.

(Франак Вячорка: ) “Ты мог трапіць у лік абаронцаў айчыны. Як табе ўдалося пазьбегнуць гэтага?”

(Аляксей: ) “Я ня надта касіў, прайшоў усіх лекараў, акрамя афтальмоляга, і ва ўсіх у мяне была першая ступень прыдатнасьці, то бок – спэцназ ПДВ. А вось на афтальмоляга мяне й зарубілі: паказала, што са сваім зрокам я не магу ані страляць, ані капаць, ані ўкладваць шпалы”.

(Франак Вячорка: ) “Калі ведаеце – падзяліцеся рэцэптам, як “адкасіць” ад войска?”

(Аляксей: ) “Калі ёсьць хоць нейкія хібы са здароўем – гэта ўсё адразу трэба казаць на мэдкамісіі й намагацца атрымаць як мага болей накіраваньняў на мэдабсьледаваньні ў стацыянарныя клінікі. Чым больш іх будзе, тым лепш. Калі ня ўдасца адкасіць, то хаця б праверыш сваё здароўе”.

(Франак Вячорка: ) “Якая была рэакцыя ў людзей на беларускую мову?”

(Аляксей: ) “Калі за дзень адзін ці два з тысячы чалавек будуць размаўляць па-беларуску, гэта, безумоўна, будзе кідацца ў вочы. Было некалькі выпадкаў, калі пыталіся: “А что это вы на неправильном языке говорите?” Калі тлумачыш, што гэта мова родная, тады ўсё ідзе нармалёва”.

(Франак Вячорка: ) “Няслужба ў войску раней лічылася заганаю, якія цяпер у моладзі асацыяцыі наконт гэтага?”

(Аляксей: ) “З маіх знаёмых адсоткаў 80 хлапцоў не жадаюць служыць у гэтым войску. Але згаджаюцца, што ў нейкім выпадку нападу на Радзіму возьмуцца за зброю й будуць абараняць свой дом. У Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце вайсковай катэдры няма, таму ў нас усе выпускнікі-хлопцы зьяўляюцца ваеннаабавязанымі й мусяць служыць год. Бо год службы мала таго, што будзе страчаны ў прафэсійным пляне, дык яшчэ пасьля вяртаньня прыйдзецца аднаўляць тыя веды, якія ты атрымаў ва ўнівэрсытэце”.

(Франак Вячорка: ) “Чаму ты ня хочаш ісьці ў войска? Ты ж там ня быў: там цябе будуць карміць, апранаць”.

(Аляксей: ) “Я не хачу ў войска менавіта таму, што я там ня быў і нікога ня ведаю. Я лепей буду сам уладкоўваць сваё жыцьцё, зарабляць сабе грошы, чым бы пра мяне “клапацілася” мая родная дзяржава. Бо, у любым выпадку, у выніку сваёй роднай дзяржаве я застануся абавязаным болей, чым яна мне дала. Трэба было год дзесяць таму пераходзіць да прафэсійнага войска, як гэта зрабілі нашыя суседзі: Літва, Латвія, Польшча”.

(Франак Вячорка: ) “На чым грунтуюцца такія меркаваньні?”

(Аляксей: ) “Як для мяне, дык цяперашняе беларускае войска цалкам савецкае. Мне й маім аднагодкам шкада губляць год-паўтара дзеля таго, каб навучыцца капаць зямлю, зьбіраць-разьбіраць аўтамат Калашнікава альбо ўкладваць плітку на лецішчы ў якога-небудзь генэрала”.

(Франак Вячорка: ) “А альтэрнатыўная вайсковая служба ў выглядзе якой-небудзь працы цябе б задаволіла?”

(Аляксей: ) “Калі гэтая служба ня будзе ўспрымацца як высылка ў забруджаны рэгіён, калі будуць забясьпечаныя нармалёвыя ўмовы для маладога спэцыяліста. Тое самае жытло й хаця б мінімальны заробак, каб хапала чалавеку – чаму б не? У любым выпадку год працоўнага стажу, калі ты працуеш па спэцыяльнасьці, ён будзе карысны заўжды”.

ГАВОРКІ ПРА ВЫБАРЧУЮ АГІТАЦЫЮ

Перадвыбарная кампанія ў самым разгары: абыход кватэраў, стэнды ў шматлюдных месцах, спрэчкі з выбарцамі й палітычнымі супернікамі – і ўсё гэта дзеля таго, каб пераканаць, што менавіта гэты, а ніякі іншы прэтэндэнт варты стаць дэпутатам.

Дзень у перадвыбарчым штабе пачынаецца з таго, што сябры ініцыятыўнай групы раскладваюць улёткі. Тым часам сам кандыдат на дэпутата, назавем яго Аляксеем, складае плян далейшых дзеяньняў. На мапе выбарчай акругі пазначаныя назовы вуліцаў і нумары дамоў. Аляксей вызначае, хто куды пойдзе. На нашу просьбу ён раскрывае некалькі перадвыбарных хітрыкаў.

(Аляксей: ) “Глядзі, вось гэтая маленькая – яна татальна раскідваецца па скрынях. Яна на 4 старонкі: тут ёсьць праграма мая, біяграфія, вельмі падрабязна. Вельмі важна, каб нашая ўлётка была першая, бо шмат людзей арыентуецца на таго, чыю ўлётку яны першай атрымалі. “Вось гэтую ўлётку я атрымаў” – яны кладуць яе пад шкло ці каля тэлефону, і ўсе астатнія ўлёткі яны выкідаюць. Яны ім нецікавыя”.

Агітатары пачынаюць сваю працу. Разам мы падыходзім да пад’езду аднаго з дамоў.

(Андрусь Саротнік: ) “Добры дзень”.

(Мужчына: ) “Здраўствуйце!”

Тут валянтэры прадстаўляюцца й тлумачаць, чаму хочуць патрапіць усярэдзіну дома. Гучыць сыгналь дамафону, і дзьверы адчыняюцца.

(Андрусь Саротнік: ) “Так, раскідвай, 61, 63, 68, 69. Усё!”

Улёткі раскіданыя, і цяпер сябры ініцыятыўнай групы ідуць па кватэрах выбарцаў.

Праз паўгадзіны каманда выходзіць на ганак пад’езду. Актывіст выбарчага штабу Андрусь Саротнік трымае справаздачу.

(Андрусь Саротнік: ) “Людзей у першую чаргу хвалюе тое, што побач зь імі: тое, што ў іх працякае дах, тое, што ў іх неасьветлены пад’езд. Тое, што ня зроблена дарожка да школы. Тое, што іхныя дзеці вымушаныя перабягаць праз дарогу, дзе інтэнсіўны рух, калі йдуць у школу. Моладзі ж імпануе тое, што наш кандыдат – нестары, энэргічны, малады. Моладзь бачыць у кандыдаце такога самага, як і яны. Але ў той жа час ён пайшоў у палітыку, пайшоў на выбары, каб прадстаўляць інтарэсы ў тым ліку маладых людзей”.

(Франак Вячорка: ) “Напэўна, здараліся якія кур’ёзныя ці цікавыя выпадкі размоваў з выбарнікамі?”

(Андрусь Саротнік: ) “Заходзім, звонім у дзьверы, адчыняюць. Мы выдаем: “Добры дзень! Мы прадстаўнікі кандыдата такога й такога”. Жанчына тая адразу захлопвае дзьверы. Мы кажам: “Прабачце, да пабачэньня”. Пасьля мы спускаемся ўніз, адчыняюцца тыя самыя дзьверы, высоўваецца жанчына й пытаецца: “А вы зь якой партыі?” Мы кажам адкрыта: “Мы з партыі БНФ”. Яна падыходзіць, кажа: “А, з БНФ, супэр, дык я за вас!”

Асноўная форма – абыход “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, раскідка ўлётак і раздача. У нас яшчэ абзвон практыкуецца. Ёсьць жа тэлефонныя базы. Бярэцца нейкі дом па парадку, звоніцца ўва ўсе кватэры, мы кажам: “Добры дзень! Мы прадстаўляем такога й такога кандыдата, выбары адбудуцца тады й тады. Вось коратка наша праграма”. Часта людзі кажуць: “Добра, падтрымаем”.

Агітацыйная група рушыць далей. З пажаданьнем посьпеху мы разьвітваемся зь імі.

Пры мікрафоне зьяўляецца Алесь Трушкевіч. Сябе ён прадстаўляе так: “звычаны апалітычны малады чалавек”. Са сказанага вынікае, што Алесь і ёсьць патэнцыйным выбарцам.

(Алесь Трушкевіч: ) “Пра кандыдатаў мне вядома мала. Ведаю толькі прозьвішчы. Я думаю, большасьць выбарнікаў ня ведае, хто ад каго й якія пазыцыі ў людзей. Пакуль што гэта вядома толькі тым, хто займаецца й цікавіцца палітыкай”.

ГАВОРКІ ПРА ЧУЖЫ РОЗУМ

Падставаю для гэтага сюжэту стала абвестка ў газэце: “Якасна выканаю працы па беларускай гісторыі, літаратуры й мове”. Мы запрасілі ў нашую студыю творцу, які прадставіўся Юр’ем.

Нядаўні выпуснік Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту патлумачыў, што аказвае паслугі такога кшталту, каб падмаваць сваё матэрыяльнае становішча і здабыць грошы на навучаньне малодшай сястры.

(Франак Вячорка: ) “Каштарыс? Што колькі каштуе?”

(Юры: ) “Пачынаючы ад 8 даляраў за сачыненьне. Курсавая ад 35 да 50, у залежнасьці ад тэмы. Вельмі доўга прыходзіцца па асобных тэмах шукаць матэрыял, вычытваць яго. Матэрыял толькі зь бібліятэкаў. Прыходзіцца шмат розных навуковых выданьняў ахапіць, прывесьці думкі нейкіх навукоўцаў, а пасьля ўжо ў выснову выказаць меркаваньне, сваё ўласнае”.

(Франак Вячорка: ) “Якая самая складаная тэма была ў вас замоўленая?”

(Юры: ) “Самая складаная тэма аказалася па творчасьці Джона Толкіена па аповесьці “Хобіт”. Прыйшлося пачытаць як празаічныя творы Толкіена, так і літаратурна-крытычныя, і лісты”.

(Франак Вячорка: ) “Колькі часу праходзіць паміж момантам замовы й здачы матэрыялу?”

(Юры: ) “На сачыненьне трэба 2-3 дні. На кантрольную – 4-5 дзён, максымум – тыдзень. А што тычыцца курсавых – гэта мінімум 2 тыдні. Кожная праца індывідуальна. А ўвогуле ў навуцы хуткасьць – рэч непатрэбная. Адзнакі выдатныя, паколькі ніводная праца да мяне на пераапрацоўку не вярталася”.

(Франак Вячорка: ) “Напэўна, даводзілася сутыкацца з выпадкамі, калі тэмы былі падобныя ці нават паўтараліся. Калі тэму вы ўжо аднойчы пісалі й зноўку прыйшла тая ж замова. Самаплагіят і самапаўтарэньне – наколькі гэтыя рэчы прыймальныя для вашага бізнэсу?”

(Юры: ) “Пачынаю працу ад пачатку, нават пры супадзеньні тэмаў, бо можна выкарыстаць розны практычны матэрыял. Калі тэарэтычная частка можа на 20% супадаць, то частка практычная – арыгінальная. Я чалавек творчы й шукаю творчы падыход пры напісаньні пісьмовых працаў”.

(Франак Вячорка: ) “У літаратуры ёсьць такі панятак як “літаратурныя нявольнікі”. У сваёй працы вы бачыце падабенства ды гэтай зьявы?”

(Юры: ) “Літаратурным нявольнікам сябе не лічу й лічыць не магу. На дадзены момант ужо маю каля 50 аўтарскіх публікацыяў у паэзіі, прозе й публіцыстыцы, чым я вельмі ганаруся. Адчуваю сябе вольным, свабодным.”

(Франак Вячорка: ) “Мы з вамі выдатна разумеем, у якім стане беларуская мова й беларуская літаратура. Разгледзім такі выпадак: да вас прыходзіць чалавек, каб вы яму напісалі працу. Ён замаўляе, плоціць грошы, вы яе пішаце. А іншы варыянт: вы адмаўляецеся, чалавек сам пачынае распрацоўваюць тэму. Каб не было магчымасьці замовіць працу, людзі б самі пачыналі рабіць яе, і зьвярталіся б да мовы й літаратуры. Ці не здаецца вам, што сваёй дзейнасьцю вы пагаршаеце стан беларускае літаратуры?”

(Юры: ) “Не лічу, што пагоршыцца стан беларускае мовы й літаратуры. Бывае, зьвяртаюцца людзі, якіх вельмі хвалюе лёс Беларусі, і трэба адрэдагаваць, падкарэктаваць ужо напісаную працу. І неабавязкова, каб той чалавек мне плаціў грошы. Я магу гэта й сам зрабіць, гэта цікава. Гэта можа нічога не каштаваць, бо гэта мой прафэсійны абавязак”.

ГАВОРКІ ПРА МАБІЛЬНУЮ СУВЯЗЬ

Беларусь займае адно зь першых месцаў што да хуткасьці распаўсюду мабільнай сувязі. Тут ёсьць пэўная гіронія лёсу: наагул, беларусаў можна лічыць хроснымі бацькамі сотавай сувязі. Народжаны ў Віцебску Жарэс Алфёраў атрымаў Нобэлеўскую прэмію за вынаходніцтвы ў фізыцы паўправаднікоў. Пазьней на глебе ягоных навуковых працаў пачалі ствараць мікрасхемы для мабільнікаў. Праўда, сама Беларусь сталася ледзь не апошняй эўрапейскай краінай, дзе зьявіўся стандарт GSM.

Сотавая сувязь – гэта цэлая субкультура. Тут ёсьць свая мода на мадэлі, на дадатковыя функцыі, на мэлёдыі й нават на гаманцы для тэлефонаў. Няма толькі моды на мову. А ўсё ад таго, што выбар адсутнічае, бо ўсе паслугі – толькі па-расейску.

На пытаньні адказвае супрацоўнік адной з кампаніяў, якая гандлюе мабільнымі тэлефонамі.

(Франак Вячорка: ) “Апэратары й мабільная сувязь – якая сёньня паміж імі сувязь?”

(Юрка: ) “Сувязь насамрэч вельмі нетрывалая і ўмоўная. На мой погляд, гэта вялікае глупства нашых апэратараў мабільнай сувязі: барацьба паміж імі вельмі жорсткая, і цяпер кожная тысяча абанэнтаў для іх вельмі значная, і вось гэтыя зрухі ў бок беларускамоўных людзей адразу былі прывітаныя, і гэта быў бы адзін з клясных фактараў для чалавека затрымацца ў нейкай кампаніі ці, наадварот, перайсьці ў іншую”.

(Франак Вячорка: ) “Вашае тлумачэньне: чаму апэратары не рэагуюць на кан’юнктуру рынку?”

(Юрка: ) “Яны баяцца саступацца сваімі прыбыткамі, баючыся, што могуць нашкодзіць уладзе, баяцца паказацца такой кампаніяй, якая падтрымлівае нацыянальныя рухі”.

(Франак Вячорка: ) “Тым ня менш, беларуская мова ў мабільнай сувязі хоць недзе прысутнічае?”

(Юрка: ) “Безумоўна, прысутнічае. Напрыклад, сэрвіс абмену лягатыпамі. У сэрвісе вельмі папулярная беларуская мова. Беларускія абанэнты вельмі зацікаўленыя ў мясцовым калярыце. Пачынаючы зь беларускай музыкі, і нейкія лягатыпы, фотаздымкі беларускі гуртоў – усё гэта вельмі вітаецца. І час паказаў, што гэта вельмі пэрспэктыўна. У лягатыпах і паштоўках беларуская мова зусім не здае сваіх пазыцыяў, а наадварот перамагае нейкія расейскія рэчы”.

(Франак Вячорка: ) “У тэлефонах Nokia ёсьць выбар мовы паміж латыскай, літоўскай, расейскай і ўкраінскай. Але там няма беларускай. Ці могуць беларускія апэратары тэхнічна забясьпечыць тэлефоны беларускай мовай?”

(Юрка: ) “Тэхнічна, безумоўна, гэта можна зрабіць. Але гэта ня справа апэратараў. Як мне вядома, кампанія Microsoft уключыла беларускую мову ў прадукты Microsoft Office толькі пасьля таго, як зьявілася бясплатная праграма праверкі беларускага правапісу. Я думаю, падобны сцэнар можа быць і ў мабільніках. Многімі энтузіястамі было зроблена шмат беларускамоўных прашывак для розныхтэлефонаў, напрыклад, для Siemens ME45. Калі гэта будзе распаўсюджвацца й карыстацца попытам, то гэта справа часу й канкурэнцыі”.

(Франак Вячорка:) “Panasonic і Samsung ужо ня першы месяц вядуць ажыўленую рэкляму сваіх тэлефонаў на беларускай мове – ці мае гэта нейкі сэнс?”

(Юрка: ) “У мяне ёсьць сябры, якія карыстаюцца тэлефонам Samsung толькі таму, што рэкляма па-беларуску, нягледзячы на тое, што тэлефон зусім ня танны, і стратэгія кампаніі менш за ўсё ўключае моладзь”.

ГАВОРКІ ПРА ІНТЭРНЭТ-ДЗЁНЬНІКІ

На сутыку прыватнага сьвету й высокіх тэхналёгіяў паўстае новае моладзевае захапленьне – інтэрнэт-дзёньнікі, якія яшчэ называюць “Жывымі часопісамі”. Сайт www.livejournal.com – гэта кампіляцыя з электроннай пошты, пляткарні й прыватных вэб-старонак. У сеціве – поўная дэмакратыя: хочаш – чытай чужое, а хочаш – пішы сваё. Будзеш выказвацца цікава – знойдзеш новых сяброў і станеш папулярным.

У маладой мянчучкі Антаніны Курдзі захапленьне інтэрнэт-дзёньнікамі пачалося зь непрыемнага выпадку.

(Антаніна Курдзя: ) “Так сталася, што мая лепшая сяброўка пачала пра мяне пісаць усялякія гадасьці ў інтэрнэце. Мне перадалі, і я пачала шукаць, дзе гэта, і сутыкнулася з такой зьяваю, як “Жывы журнал”. Так сталася, што зь дзяўчынкай мы пасварыліся, але дзёньнік у мяне зьявіўся. І праз пэўны час я заўважыла, што не пісаць туды кожны дзень пра ўсё, што ў мяне адбываецца, я проста не магу”.

(Франак Вячорка: ) “Што моладзь звычайна піша ў “Жывых дзёньніках?”

(Антаніна Курдзя: ) “Ёсьць тры тыпы карыстальнікаў: Першы тып піша допісы кшталту “што я еў сёньня на сьняданак, што я рабіў пасьля сьняданку, што я рабіў на працы...” Другі тып карыстальнікаў амаль ня пішуць нічога, яны проста час ад часу кідаюць спасылкі на сайты зь цікавай інфармацыяй, каб ёю падзяліцца з сваімі сябрамі, знаёмымі. І трэці тып карыстальнікаў піша даволі экспрэсіўныя допісы, каб іх пашкадавалі. Значна цікавей чытаць, хто з кім пабіўся, хто каго кінуў ці хто каго не кахае, чым пра “добрае, сьветлае, вечнае”.

(Франак Вячорка: ) “Да якога тыпу карыстальнікаў ты адносіш сябе?”

(Антаніна Курдзя: ) “Я ня ведаю, але баюся, што да трэцяга. Шмат якія рэчы мяне хвалююць і раздражняюць, таму мне лепей напісаць у дзёньнік, каб забыцца на іх у рэальным жыцьці”.

(Франак Вячорка: ) “Дзёньнікі, традыцыйна – рэч прыватная, куды чалавек занатоўвае свае самыя шчырыя перажываньні й думкі. Са зьяўленьнем інтэрнэт-дзёньнікаў адбываецца нейкае скажэньне зьявы, і людзі проста дзеляцца сваім ўражаньнямі й думкамі, і ўсе прыватныя рэчы пераўтвараюцца ў публічную маёмасьць. Гэта заканамерная зьява у сувязі з прыходам высокіх тэхналёгіяў”.

(Антаніна Курдзя: ) “Калі казаць пра беларускамоўныя дзёньнікі, людзі зьмяніліся з часам. Яны сталі больш сьмелымі. Ёсьць настолькі сьмелыя, што пішуць пра ўсё ў дзёньніку, ведаючы, што любы пароль можна ўзламаць, альбо нехта вельмі небясьпечны можа сачыць за гэтым дзёньнікам. Вельмі нечаканыя людзі, пра каторых мы таксама пішам, таксама часам патрапляюць у інтэрнэт і чытаюць наш дзёньнік. І потым праз гэта можна мець вялікія праблемы. Але дзёньнікі вельмі карысныя. Напрыклад, я маю багата сяброў у інтэрнэце, і ня ўсе яны жывуць у Беларусі. Ня ўсім я магу напісаць лісты, бо 20 лістоў гэта даволі складана. Я магу зрабіць допіс, каторы кожны зможа прачытаць і адкамэнтаваць зьнізу, такім чынам я буду ведаць іх меркаваньне, буду ведаць, як у іх справы”.

(Франак Вячорка: ) “У нашай краіне не заўсёды можна кожнаму чалавеку выказацца ў этэры радыё ці тэлебачаньня, надрукавацца ў газэце. Ці можна лічыць, што зьяўленьне ЖЖ абумоўлена абмежаваньнем свабоды слова?”

(Антаніна Курдзя: ) “Шмат якія допісы проста нявартыя, каб быць надрукаванымі ў газэце ці выпушчанымі ў радыёэтэр, бо сапраўды гэта звычайна “што я еў на сьняданак” ці “як мяне забралі на акцыі”. Нешта такое, што сапраўды цікава толькі сябрам альбо вельмі спэцыфічным людзям. Я думаю, што рост папулярнасьці ЖЖ зьвязаны з тым, што вельмі цікава мець свой дзёньнік, калі яго маюць усе твае сябры, і вельмі крыўдна ня мець. Для большасьці гэта мода”.

Гэты выпуск “Маладых галасоў” на хвалях Беларускай Свабоды фінішуе. А мне, Франаку Вячорку, застаецца толькі дадаць, што тэкст праграмы можна прачытаць на сайце www.svaboda.org Тут жа можна пакінуць свой камэнтар і прапанаваць тэмы для наступных выпускаў. Разьвітваюся з вамі. Да хуткае сустрэчы!
XS
SM
MD
LG