Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уратаваць беларускую адукацыю ад ідэалягізацыі й русыфікацыі з боку дзяржавы?


Сьвятлана Курс, Менск У першую нядзелю кастрычніка традыцыйна сьвяткуецца Дзень настаўніка. Гэта – нагода пагаварыць пра ролю й стан беларускага настаўніцтва, адукацыі ўвогуле. Якія першыя вынікі школьнае рэформы ў Беларусі? Што адбываецца зь беларускамоўнай адукацыяй? Ці можа грамадзянская супольнасьць выратаваць альтэрнатыўную адукацыю ад наступу дзяржавы? Сёньня ў менскай студыі “Свабоды” пра гэта разважаюць намесьнік старшыні Таварыства Беларускай мовы Сяргей Кручкоў ды каардынатар бацькоўскага камітэту пры ТБМ Ігар Хляба. Пры тэлефоне – старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка.

Апошнім часам сыстэма адукацыі апынулася пад пільнаю ўвагай дзяржавы. Адбываецца зьнішчэньне альтэрнатыўнае, недзяржаўнае адукацыі, ідэалягізацыя, палітызацыя й дэнацыяналізацыя навучальнага працэсу. На гэтым фоне праходзіць рэформа сярэдняе школы. Як спалучаюцца гэтыя працэсы? Што адбываецца з сыстэмай адукацыі? Пра гэта – сёньняшняя размова ў студыі “Свабоды” і пры тэлефоне.

Яшчэ летась Аляксандар Лукашэнка выказаўся за ўсебаковую падтрымку расейскай мовы й культуры ў Беларусі. Свой намер спрыяць пашырэньню расейшчыны ва ўсіх сфэрах жыцьця кіраўнік дзяржавы пацьвердзіў і на сустрэчы са студэнтамі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пра падтрымку беларускае мовы ні тады, ні цяпер Лукашэнка не гаварыў. Паводле апошніх зьвесткаў, 26,4 % школьнікаў навучаюцца па-беларуску. Што адбываецца зь беларускамоўным навучаньнем у садку, школе й ВНУ?

Пры тэлефоне – старшыня ТБШ Алесь Лозка:

(Лозка: ) “Безумоўна, больш адмоўнага. Будзе ісьці такая тэндэнцыя, усё менш і менш дзяцей будзе заканчваць беларускамоўныя школы. Беларускамоўныя ўстановы не гатовыя для таго, каб прымаць беларускамоўных дзяцей. Не адкрываюцца беларускамоўныя плыні, менш стане падручнікаў. Таму дзеці, скончыўшы беларускамоўную школу, паступаюць на расейскамоўнае навучаньне. Не набіраюцца дзеці ў першыя беларускамоўныя клясы, зачыняюцца беларускамоўныя школы. Перад гэтым навучальным годам 118 школаў зь беларускай мовай навучаньня былі зачыненыя. Летась такіх было 152 школы”.

Якія першыя вынікі школьнае рэформы?

(Лозка: ) “Нават афіцыйная статыстыка цьвердзіць, што 66,2% збудаваньняў базавай школы маюць ненадзейныя драўляныя перакрыцьці. Гэта ж летась школы №1 у Краснапольлі абвалілася, задушыўшы й пакалечыўшы дзяцей і настаўніка. І ўсё-такі неадэкватна нізкія заробкі ў пэдагогаў. Далей – кантрактная аснова. Дзяржаўныя прафэсійныя зьвязы зусім маўчаць наконт гэтага. Далей: адбываецца рэфармацыйная мітусьня. Можа, што й добра робіцца ў рэформах, але без нацыянальнага кампанэнту. Многія чыноўнікі ад адукацыі й культуры пачалі прамаўляць па радыё і тэлевізіі выключна па-расейску, хаця яны ведаюць мову. У іх, відаць, ёсьць усё-ткі моцны страх”.

Намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў мяркуе:

(Кручкоў: ) “Прыкладам, у беларускамоўнай гімназіі набіраюцца некалькі (выпадкова, як яны кажуць, па жаданьнях бацькоў) расейскамоўных клясаў. Норма напаўняльнасьці гэтых клясаў – 20 чалавек (па Менску). А ў пятай клясе норма напаўняльнасьці 25 чалавек. Фактычна, клясы некаторыя трэба расфармоўваць, і расфармаваньне адбываецца за кошт беларускамоўных клясаў. Такая сыстэма другі год пачала працаваць у 17-й беларускамоўнай гімназіі. Дзеткі заканчваюць базавую школу, і ім прапаноўваюць выбраць спэцклясы. Гэта, безумоўна, падвышае якасьць навучальнага працэсу, але пры гэтым клясы ператвараюць у расейскамоўныя. Такія два небясьпечныя бар’еры пасьпелі збудаваць улады падчас так званай Рэформы”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Сяргей, ТБМ сёлета 15 гадоў. Гэта 15 гадоў змаганьня. Вам яшчэ не надакучыла?”

(Кручкоў: ) “Калі гавораць: пазмагаемся, я адказваю: я не змагаюся, а дамагаюся сваіх правоў і раблю гэта з задавальненьнем. Нашу арганізацыю ведаюць і зьвяртаюцца да яе па абарону правоў, але пры гэтым людзі перасталі называць свае прозьвішчы. І мяне не зьдзіўляе гэта, асабліва пасьля размовы з дырэктаркай 168 школы. Для яе не галоўным было, што яна парушае моўны рэжым у беларускамоўных клясах. Ёй было галоўнае даведацца, хто прынёс нам інфармацыю. Жах, які апаноўвае грамадзтва ўсё больш і больш, замінае, хаця людзі звоняць нам усё больш. Людзі хочуць, каб іхныя дзеці вучыліся па-беларуску”.

(Карэспандэнтка: ) “Аляксандар Лукашэнка ў лістападзе 2001 году на Другім Зьезьдзе настаўнікаў заявіў: “Школа і пэдагогі граюць найбольш важную ролю ў стварэньні моцнай і квітнеючай дзяржавы. Калі ў краіне будуць моцныя настаўнікі, то будуць і моцныя, добра выхаваныя вучні”.

Пра сэрвільнасьць беларускага настаўніцтва пісаў яшчэ Якуб Колас. У гэтым настаўнікаў вінаваціць у нядаўнім інтэрвію і старшыня ТБМ Алег Трусаў. Што Вы думаеце на гэты конт?

(Лозка: ) “З аднаго боку, трэба пагадзіцца, гэта заўсёды было, згадайце хаця б зь гісторыі часы царызму й сталіншчыны і г.д. Але сярод настаўнікаў ёсьць добрыя, з эўрапейскімі поглядамі, з уласнымі думкамі”.

(Хляба: ) “Настаўнікі сёньня выкарыстоўваюцца дзяржаваю для правядзеньня ейнае палітыкі, давядзеньня ідэалёгіі, лепкі “новага чалавека”. Адпаведна дзяржава з аднаго боку дае ім магчымасьць для кар’ернага росту (дырэктары школаў – кадравы рэзэрв для дзяржаўных органаў), з другога боку – настаўніка сёньня лёгка звольніць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як і адбываецца гэтай восеньню: адны настаўнікі былі звольненыя па палітычных матывах, а іншыя (у асноўным – дырэктары школаў) у вялікай колькасьці пайшлі кандыдатамі ў дэпутаты ПП НС ад дзяржавы.

(Хляба: ) “Так”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ацэньваеце першыя вынікі школьнай рэформы?”

(Кручкоў: ) “Са станоўчых момантаў магу назваць тое, што нагрузка на дзяцей паменшылася, бо расьцягнулася зь 10 да 12 гадоў. Добра тое, што разьмежавана, дзе ёсьць пачатковая, базавая і агульнаадукацыйная школа. Але зьмяніўся сам падыход да адукацыі. Калі ў Законе аб адукацыі 90-х гадоў гаварылася, што працэс адукацыі накіраваны на гуманізацыю, разьвіцьцё ўсебакова адукаванай асобы, то ў новай рэдакцыі закону ўсіх гэтых эўрапейскіх “замарочак” няма. Там ужо ставіцца мэта вырошчваць асобу, патрэбную дзяржаве. Школа пачала палітызавацца, што забаронена Канстытуцыяй. Уносіцца элемэнт палітызацыі праз піянэрскую арганізацыю і БРСМ. Я згодзен у пэўнай ступені з кіраўніком дзяржавы, што адукацыю мы даем някепскую, але і ў савецкія, і ў нашыя часы даюць “па шапцы” ініцыятыўным дзецям. Заўсёды было пацешна слухаць, што ў нас такая цудоўная адукацыя. Чаму ж так мала лідэраў? Людзей, якія здольныя гуртаваць вакол сябе, ствараць надзвычайныя цудоўныя бізнэс-праекты і эканамічныя прарывы? Проста таму, што нашая школа зараз скіраваная на 100% на вырошчваньне паслухмянага матэрыялу з добрымі мазгамі. Дзеці вырастаюць і хочуць, каб іх вялі, давалі ільготы і кватэркі за паслухмяныя паводзіны і г.д.”

(Карэспандэнтка: ) “Пачатак школьнае рэформы й ідэалягізацыі школы супаў са зьнішчэньнем сыстэмы альтэрнатыўнае, недзяржаўнае адукацыі: прыгадайма “Беларускі калегіюм”, Беларускі ліцэй, ЭГУ, некалькі іншых недзяржаўных ВНУ. Аднак сусьветны досьвед прапануе ратаваць непалітычную, грамадзянскую сыстэму адукацыі шляхам арганізацыі гэтак званых навучальных установаў з дыстанцыйным навучаньнем. Ці магчыма такое выйсьце ў беларускіх умовах?”

(Хляба: ) “Я мяркую, што гэта зрабіць ня толькі магчыма, але й трэба. Гэта ня толькі магчымасьць навучацца праз сучасныя камунікацыйныя сродкі – сеціва, відэа, але й магчымасьць ладзіць сэсійныя сустрэчы, дзе будзе супольны асяродак. Гэта важна – адчуць, што ты не адзін. І ў нас навокал досыць спрыяльных краінаў, на тэрыторыі якіх можна зладзіць сэсіі”.

(Кручкоў: ) “Пэўна, нам засталася адзіная магчымасьць – арганізаваць навучальную ўстанову, дзе б выкарыстоўваліся дыстанцыйныя формы навучаньня па сучасных тэхналёгіях. Але ёсьць шэраг ВНУ зь беларускамоўнымі плынямі, узгадаваліся й загартаваліся выкладчыкі, якія сьвядома хочуць выкладаць па-беларуску. Гэткія прыклады ў Лінгвістычным, пэдагагічным унівэрсытэтах, унівэрсытэце культуры, мэдычным унівэрсытэце. Усё робіцца на энтузіязьме, але паціху робіцца. Дзяржава сьціскае зубы: калі ўжо хочаце рабіць, то рабіце, трасца з вамі”.

Такім чынам, у сучасным інфармацыйным сьвеце заўсёды захоўваецца магчымасьць засьцерагчы дзяцей ад палітызацыі й ідэалягізацыі нават у краінах, чые палітычныя рэжымы схіляюцца да таталітарызму.
XS
SM
MD
LG