Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка спадзяецца, што насельніцтва клюне на танную прынаду перад рэфэрэндумам. Гэта нагадвае тое, што зрабілася ў Лёзна перад першым яго абраньнем”.


RFE/RL Водгукі слухачоў – 30 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Яўгенія Казлова: ) “Вітаю шаноўнае Радыё Свабоду і ўсіх слухачоў! Карыстаючыся магчымасьцю, заклікаю ўсіх сумленных разумных людзей Беларусі байкатаваць выбары і рэфэрэндум. І хачу прачытаць свой верш, які будзе дарэчным ў перадвыбарчай сытуацыі.

Мяне судзілі за любоў Да маёй маці-Беларусі. Яны маю сматкалі кроў І марылі, што я скаруся.

Службовец Астранькоў-маёр Зласьліва пагражаў турмой, Шыпеў зьмяёй і слаў дакор За рванай моваю маёй.

Ён ненавісьнік усяго, Што прадстаўляе беларускасьць, Ніяк ня дойдзе да яго: Тут – Беларусь! Пры чым жа рускасьць?

Дарэчы, сам жа беларус, І нарадзіўся каля Воршы. Але трымае ён хаўрус З прадажнай хеўраю найгоршай.

А судзьдзі хто? – Яны усе Паўсюль выконваюць загады, Губляюць імідж пакрысе, Каб зьберагчы свае пасады.

Чаму такое зараз ёсьць: Паўсюль – хлусьня падман, абсурды, Нікчэмнасьць поглядаў і злосьць; Высокародзтва дзе ж і мудрасьць?

Іх растапталі і зьмялі, Свае паставілі карыты. Цяпер на матчынай зямлі Пануюць хамы і бандыты.

Калі ж, о Божа, вечны мой, Надыдзе час шчасьлівы, ветлы, І будзе ўрэшце правіць свой урад – Нацыянальны, сьветлы?!

Жыве Беларусь! Жыве ў вяках!”

(Спадарыня: ) “Супрацоўнікам Радыё Свабода. Вось толькі што прагучала тэлефанаваньне, якое вы некалькі разоў ужо круцілі. Але ж вядома, што ў вас шмат тэлефанаваньняў аб байкоце, але ж вы іх чамусьці не прапускаеце ў эфір.

Ведаеце, працаўнікі Радыё Свабода! Вы вельмі падобныя, амаль што адно і тое ж, што Лукашэнка, недалёка вы ад яго зайшлі. Адным вы даяце ўсякую лухту малоць там: пра тэлевізар, пра тое-сёе… А вось надзённае, пра рэфэрэндум, пра боль, пра Беларусь, пра акупацыю, пра расейскую акупацыю, пра вайну супраць Беларусі, пра байкот – гэта вы замоўчваеце. Цудоўна працуеце на рэжым, менавіта на рэжым!”

(Спадар: ) “Меркаваньне простага грамадзяніна Беларусі. Я атрымоўваю інфармацыю з двух бакоў: з БТ і Радыё Свабода. Хацелася б паверыць і ў тое, і ў тое. Але я бачу, што заробкаў тых, якіх абяцаюць з БТ, ня маем, але і тых наступстваў, якія абяцае Радыё Свабода, як кажуць, вельмі вялікага ціску таксама няма. Але я бачу адно – што свабоду слова душаць, на працы начальніку нельга сказаць нават слова маленькага. І з астатніх вынікаў вынікае тое, што мы нічога ня можам зрабіць, калі не падымецца вялікая колькасьць насельніцтва. Дзякуй”.

(Міхаіл, Рыга: ) “Добры вечар! У апошнія два дні Свабода неаднаразова паведамляла пра тое, што заходнеэўрапейскія краіны забаранілі ўезд у Эўропу некалькім чыноўнікам. Канечне, зьнікненьне людзей – гэта трагедыя, і я асабіста выказваю спачуваньні іхным сваякам, сябрам, усім тым, хто ведаў зьніклых людзей. Але слухаючы людзей, якія ня ведаюць сытуацыю ў іншых краінах, ствараецца ўражаньне, што гэта адбываецца толькі ў Беларусі. На вялікі жаль, гэта ня так.

У мінулым годзе паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі кожны дзень у сярэднім зьнікала больш за аднаго чалавека, то бок каля 400 чалавек зьнікла. Я магу вам даслаць дакладныя лічбы.

Узьнікае пытаньне. Чаму вы не прыводзіце дадзеныя іншых краінаў? Што, у Беларусі самая дрэнная сытуацыя ў гэтым пляне? Эўропа таксама маўчыць пра бязладзьдзі, якія адбываюцца ў Латвіі! І вы таксама пра гэта маўчыце!

Учора і сёньня пачуў, што судзяць журналістку за апублікаваны артыкул. Але зноў атрымліваецца, што вы прымушаеце нас верыць, што кагосьці перасьледуюць за паклёп і г.д. Разумееце, каб нам радыёслухачам меркаваць аб гэтым, нам трэба пачуць гэты артыкул, ведаць яго сутнасьць, хаця б зьмест. Прачытайце нейкую частку гэтага артыкула! А вы ж гэтага ня робіце! Чаму вы зноў не даяце ўсёй інфармацыі? У выніку атрымліваецца зноў паўпраўда, як у савецкія часы: не чытаў, ня маю аб’ектыўнай інфармацыі, але ўсё ведаю. Трэба вам навучыцца працаваць у сучасным стылі, калі вы кажаце, што вы дэмакраты й робіце сапраўды, як у разьвітых краінах. Давайце ня будзем лічыць усіх слухачоў маргіналамі, дэбіламі, малапісьменнымі людзьмі й г.д. Давайце паправім гэтае становішча! Я разумею, што ня лёгка навучыцца прафэсіянальна працаваць, але ж давайце будзем вучыцца!

Зьвяртаюся асабіста да дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука. На гэтым тыдні вы ў радыёслухачоў пытаецеся “Колькі чалавек ад апазыцыі будзе выбрана ў парлямэнт?” Але вы, паважаны дырэктар, не паведамляеце аб’ектыўнай інфармацыі аб кандыдатах. Як можна судзіць, ня ведаючы людзей? Вы зноў просіце адказаць на пытаньне, сыходзячы толькі з палітычных меркаваньняў. Але ж гэта неаб’ектыўна! Нельга ж рабіць як у савецкія часы! Нельга ж так працаваць!

Як паправіць становішча? Вельмі проста. Раскажыце аб’ектыўна біяграфію 9 кандыдатаў, якія балятуюцца ад апазыцыі і 9 кандыдатаў ад афіцыйных уладаў. Лічбы можна браць і іншыя, скажам, па два чалавекі зь Менскай вобласьці. Вось гэта будзе чэсна і аб’ектыўна! Трэба пачаць грунтоўна працаваць!”

(Анастас Семяновіч: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! На пытаньне тыдня, колькі будзе выбрана дэпутатаў ад апазыцыі, магу ўпэўнена сказаць: ня больш за 10 чалавек. Каб не было фальсыфікацыі, то дэпутатаў ад апазыцыі было б чалавек 70-80. 10 чалавек фальсыфікатары вымушаны будуць прапусьціць з-за рэфэрэндуму. І яны будуць трубіць на ўвесь сьвет, што ў нас дэмакратыя Лукашэнкі. Вучыцеся, маўляў, як трэба праводзіць выбары і рэфэрэндум. Але я ўпэўнены, што Эўропа і Амэрыка іх не прызнае, акрамя Расеі. Для Расеі няма нічога сьвятога. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Лукашэнка, зрабіўшы заяву наконт таго, што Захад яго хоча забіць, такім чынам спадзяецца, што адна частка насельніцтва будзе яго шкадаваць, а другая ганьбіць Захад. На яго думку насельніцтва клюне на такую танную прынаду перад рэфэрэндумам. Гэта нагадвае тое, што зрабілася ў Лёзна перад першым яго абраньнем. Гэта наступны зман людзей, каб павысіць свой рэйтынг. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Два дні таму назад раніцай каля 10-й гадзіны я пайшоў на выбарчы ўчастак па месцу жыхарства ў коледж на скрыжаваньні вуліцаў Матусевіча й Глебкі, каб пазнаёміцца са сьпісам кандыдатаў у дэпутаты. Прыйшоў, а там па-расейску напісана: “Работает с 16 до 19”. Ну добра. Прыйшоў я а 17-й гадзіне – дзьверы зачыненыя. Вось вам і хвалёны лукашэнкаўскі парадак: напісана “работает”, але ж “не работает”. Ішла жанчына з вучэбнай часткі, якая сказала, што будзе працаваць з 1 кастрычніка. Я патэлефанаваў у Масюкоўшчынскі вокруг №104, мне адказвае жанчына, што ідзе ўдакладненьне сьпісаў. Ну вось, я прыйшоў да высновы, што робяць чыстку, каб пакінуць лукашэнкаўскіх дэпутатаў і павыкідваць дэпутатаў ад апазыцыі.

Так што я лічу, што ў Палату прадстаўнікоў патрапіць нязначная колькасьць дэпутатаў ад апазыцыі. Дай Бог, каб было больш! Усяго вам добрага. Да пабачэньня”.
XS
SM
MD
LG