Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдату ў дэпутаты ад БНФ у Шклоўскай выбарчай акрузе аб’яўлена папярэджаньне


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Выбарчая камісія Шклоўскай акругі аб’явіла папярэджаньне кандыдату ў дэпутаты ад партыі БНФ Рыгору Кастусёву.

Паводле слоў кандыдата, вымова зьвязаная з ператрусамі, якія адбыліся ў давераных асобаў Кастусёва. У аднаго зь іх міліцыянты знайшлі асобнікі “зуброўскай” газэты і ўлёткі зь перадрукаваным зь інтэрнэту артыкулам пра беларускіх мільянэраў. Ва ўлётцы, у прыватнасьці, узгадваецца Уладзімір Канаплёў, які цяпер зьяўляецца супернікам Рыгора Кастусёва ў Шклоўскай выбарчай акрузе.

З гэтай прычыны акруговая выбарчая камісія і вынесла папярэджаньне з фармулёўкай “за распаўсюд адпачатна несапраўднай інфармацыі пра іншага кандыдата ў дэпутаты”. Аднак разбор сытуацыі не завершаны, і Рыгор Кастусёў запрошаны зьявіцца на паседжаньне выбарчай камісіі ў панядзелак.

Між тым у Магілёве ва ўсіх чатырох выбарчых акругах добраахвотна зьняліся з выбарчай гонкі чатыры кандыдаты ў дэпутаты: у кожнай акрузе стала меней на аднаго кандыдата. Вырашылі не балятавацца дзьве жанчыны, якія займаюць кіруючыя пасады ў Магілёўскім абласным аб’яднаньні прафсаюзаў, начальнік аднаго з падразьдзяленьняў аб’яднаньня “Хімвалакно” і дырэктар прафэсійнага ліцэя, усе – беспартыйныя.
XS
SM
MD
LG