Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады выкарыстоўваюць настаўнікаў у палітычнай кампаніі


Алесь Дашчынскі, Менск У пятніцу прайшлі мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню настаўніка. Самі настаўнікі кажуць, што такой пашаны да іх даўно не выяўлялі. Відавочна, што гэта зьвязана з палітычнымі кампаніямі, выбарамі й рэфэрэндумам, у часе якіх на настаўнікаў улады моцна разьлічваюць.

У Стаўбцоўскай выбарчай акрузе падлічылі, што ў склад выбарчых камісій уваходзіць 59 прадстаўнікоў сфэры адукацыі. Адно зь Дзераўнянскай сярэдняй школы каля 10 чалавек працуюць у выбарчых камісіях. Настаўнікі актыўна падключаныя да выбарчай кампаніі й рэфэрэндуму, адзначыла дырэктарка школы Марыя Шумчык:

(Шумчык: ) “Вось цяпер настаўнікі наведваюць амаль што кожную сям’ю, праводзяць работу па ўдзеле ў выбарах і рэфэрэндуме, даводзяць да ведама, хто ў нас будзе выбірацца, зь якой мэтай праводзіцца рэфэрэндум, што за пытаньні выносяцца. Усю гэтую тлумачальную працу нашы настаўнікі вядуць сярод насельніцтва. Яны разьмеркаваныя па вуліцах нашай вёскі Дзераўная і па суседніх маленькіх вёсачках, завітваюць у кожны дом, размаўляюць і праводзяць такую тлумачальную працу”.

Дзераўнянская школа вялікая, тут навучаецца каля 400 дзяцей – менавіта яе і ўпадабаў кандыдат у дэпутаты ад уладаў Мікалай Дубовік.

(Шумчык: ) “Ён завітаў да нас разам са старшынём сельскага савета, прайшла сустрэча з настаўнікамі, ён расказаў пра посьпехі, якіх дасягнула Беларусь у апошні час за гады праўленьня прэзыдэнта, вёў увогуле размову з настаўнікамі пра ўсе праблемы, якія ўзьнікаюць менавіта ў вёсцы, і абяцаў дапамагчы гэтыя праблемы вырашыць на больш высокім узроўні”.

Хаджэньне кандыдатаў на дэпутаты ад улады ў школы – гэта асаблівасьць цяперашняй палітычнай кампаніі. У часе так званага адзінага дня інфармаваньня адбылася сустрэча настаўнікаў і тэхнічнага пэрсаналу Красьненскай школы-садка з кандыдатам у дэпутаты Анатолем Лісам. Распавядае дырэктарка школы Натальля Есьман:

(Есьман: ) “Анатоль Ліс быў у нас у школе, сабралі ўвесь калектыў, ён прадставіўся, усё расказваў пра сябе, праграму. Ён працуе ў Наваградку, старшыня Наваградзкага райвыканкама. Ён ідзе ў нас кандыдатам на дэпутата ад нашай сумеснай акругі Карэлічы-Наваградак”.

Натальля Есьман асабіста кіруе мясцовай участковай камісіяй.

(Есьман: ) “Гэта ўжо шостыя выбары ў мяне будуць. Пачынала калісьці з выбараў у мясцовыя саветы, потым палата, прэзыдэнт, ізноў па другому кругу ўсё пайшло”.

Традыцыйна выбарчыя ўчасткі разьмяшчаюцца ў школах. Да прыкладу, па Ўруцкай выбарчай акрузе ў Менску 22 участкі з 38 знаходзяцца ў сярэдніх навучальных установах. А ў менскай школе №131 разьмешчаныя тры выбарчыя ўчасткі. Тут вывешаныя плякаты аб падзеях 17 кастрычніка, выбарчыя камісіі абралі сабе памяшканьні, і неўзабаве пачнецца іх абсталяваньне. У склад камісій на працоўным сходзе абраны тры прадстаўнікі школьнай адміністрацыі, адзначае дырэктарка Галіна Мартыновіч. Што да палітычнай арыентацыі, то паводле спадарыні Мартыновіч:

(Мартыновіч: ) “У нас настаўнікі не ўваходзяць у партыі, у грамадзкія аб’яднаньні, ня ведаю, пакуль ніхто не сказаў, што будзе прысутнічаць ад імя якой-небудзь грамадзкай арганізацыі ці палітычнай партыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG