Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя канфіскавала ўлёткі кандыдатаў у дэпутаты А.Дабравольскага і В.Палевіковай


Валер Каліноўскі, Менск Уначы 1 кастрычніка больш за дзесяць міліцыянтаў на чале з намесьнікам начальніка Ленінскага РАУС Менску правялі ператрус у кватэры, якая выкарыстоўваецца як перадвыбарчы штаб кандыдатаў у дэпутаты ад АГП па дзьвюх менскіх акругах Валянціны Палевіковай і Аляксандра Дабравольскага. Былі канфіскаваныя ўлёткі кандыдатаў і наклад газэты “Неделя”.

Аляксандр Дабравольскі кажа, што цяпер яму будзе цяжка весьці агітацыйную кампанію, бо застаўся амаль без улётак, якія былі легальна аддрукаваныя за кошт грошай Цэнтрвыбаркама. Валянціна Палевікова пацярпела меней – міліцыя забрала толькі частку накладу яе ўлётак. Дабравольскі і Палевікова прад’явілі ўсе патрэбныя накладныя на ўлёткі, рэгістрацыйнае пасьведчаньне і дамову на распаўсюд газэты “Неделя”, наклад якой таксама быў канфіскаваны нібыта для праверкі. Сьведкамі масавага дэсанту міліцыі ў штаб апазыцыйных кандыдатаў сталі тры назіральнікі ад АБСЭ, але спыніць канфіскацыю яны не здолелі.

Уначы падчас змаганьня за ўлёткі Валянціна Палевікова патэлефанавала нават старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, але і тая не дапамагла захаваць законна надрукаваную прадукцыю. Аляксандр Дабравольскі заўважыў, што міліцэйскі чын, які кіраваў апэрацыяй, быў п’яны, аднак той адказаў, што мае права выпіць ў пазаслужбовы час.

Аляксандр Дабравольскі ўжо абскардзіў дзеяньні міліцыі ў акруговай камісіі, пракуратуры і МУС. Аднак рэакцыі ад праваахоўных органаў пакуль няма, лёс ягоных улётак невядомы, а да выбараў засталося мала часу.

Валянціна Палевікова мяркуе, што прычынай прыезду міліцыі стала газэта “Неделя”, якую па дамове з рэдакцыяй распаўсюджвалі актывісты АГП ў месцах адведзеных для агітацыі. Асабліва раздражнялі міліцыянтаў карыкатуры на апошняй старонцы канфіскаванай газэты, пэрсанажы якіх нагадвалі дзейных беларускіх дзяржаўных дзеячоў.
XS
SM
MD
LG