Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы раунд тэледэбатаў з Джонам Кэры Джордж Буш прайграў


Кастусь Бандарук, Прага Учора вечарам ва ўнівэрсытэце Маямі, Фларыда, адбыўся першы з трох раундаў прэзыдэнцкіх тэледэбатаў Джорджа Буша і Джона Кэры. У дэбатах, якія доўжыліся паўтары гадзіны, асноўны акцэнт быў зроблены на пытаньнях замежнай палітыкі й нацыянальнай бясьпекі, перш за ўсё – вайны ў Іраку. Паводле першых апытаньняў, у першым раундзе дэбатаў кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША ад партыі дэмакратаў Джон Кэры перамог свайго апанэнта – рэспубліканца, цяперашняга прэзыдэнта Джорджа Буша.

Джон Кэры атакаваў Джорджа Буша, сьцвярджаючы, што ягонае рашэньне аб вайне ў Іраку было памылковым. На думку Кэры, гэтая вайна аніяк не зьяўляецца элемэнтам вайны з тэрарызмам, але наадварот перашкаджае гэтаму змаганьню з тэрорам. Паводле Кэры, гэта няправільная вайна, распачатая ў няправільны час, у няправільным месцы.

(Кэры: ) “Ён (прэзыдэнт Джордж Буш) пасьпешліва распачаў вайну ў Іраку, ня маючы пляну – як дабіцца міру. Калі б ён карыстаўся здаровым сэнсам, то прэзыдэнт ЗША не павінен быў гэтага рабіць. Нельга весьці Амэрыку на вайну, калі няма пляну дасягненьня міру”.

Дэмакратычны кандыдат даказваў, што Сэнат ЗША дазволіў прэзыдэнту ўжыць сілу супраць Іраку толькі ў выпадку неабходнасьці, калі будуць вычарпаныя ўсе дыпляматычныя сродкі дзеля таго, каб нэўтралізаваць Садама Хусэйна.

Кэры абвінаваціў Буша ў тым, што той не заручыўся падтрымкай усіх традыцыйных саюзьнікаў ЗША і разваліў існуючыя альянсы. У выніку амэрыканскія сілы нясуць у Іраку 90% стратаў, а амэрыканскія падаткаплацельшчыкі пакрываюць 90% коштаў гэтай вайны.

(Кэры: ) “Буш быў выступіў з прамовай у якой сказаў, што мы будзем рабіць нашы пляны абачліва. Што мы будзем паводзіць сябе асьцярожна. Што для нас вайна не зьяўляецца непазьбежнай. Што мы пойдзем на яе разам з нашымі саюзьнікамі. Ён ня выканаў ніводнага з гэтых абяцаньняў”.

Аргумэнтацыя Буша зводзілася да таго, што Ірак зьяўляецца цэнтрам вайны з тэрарызмам. Ён таксама папракнуў свайго апанэнта ў непасьлядоўнасьці, сьцвярджаючы, што раней Кэры галасаваў за выдзяленьне 87 мільярдаў даляраў на вайну ў Іраку, а потым зьмяніў сваю думку на гэты конт. Найгоршае – паводле Буша – гэта тое, што Кэры не падтрымлівае салдатаў, якія ваююць у Іраку.

(Буш: ) “Мой апанэнт хоча, каб вы забыліся, што ён галасаваў за ўжываньне сілы, а цяпер кажа, што гэта няправільная вайна, распачатая ў няправільны час, у няправільным месцы. Я ня бачу, як пры такім стаўленьні можна павесьці краіну да перамогі ў Іраку. Які сыгнал ён накіроўвае нашым салдатам, які гэта сыгнал для нашых саюзьнікаў, і нарэшце – што маюць думаць пра гэта самі іракцы”.

Паводле Буша, прэзыдэнт не павінен пасылаць супярэчлівыя сыгналы. Ён ня можа гаварыць, што гэта несвоечасовая вайна, і пры гэтым прасіць у саюзьнікаў дапамогі. Прэзыдэнт ЗША рашуча падкрэсьліў, што пад ягоным кіраўніцтвам, апэрацыя ў Іраку закончыцца посьпехам.

(Буш: ) “Найбольшая катастрофа, якая магла б здарыцца, гэта нашая параза ў Іраку. Але мы пераможам. Мы маем плян, як гэтага дасягнуць. І галоўная падстава нашага аптымізму тое, што іракцы хочуць быць свабоднымі”.

Аднак Джордж Буш, паводле меркаваньняў аглядальнікаў, ня быў у найлепшай форме. Ён выглядаў стомлена, часта запінаўся. А калі прамаўляў Кэры, і тэлекамэра паказвала твар Буша, было відаць, што ён зь цяжкасьцю хавае сваё раздражненьне. Цягам амаль усіх дэбатаў Буш часьцей адбіваўся ад атакаў свайго канкурэнта, чым сам атакаваў.

Аглядальнікі лічаць, што ў выніку, пасьля першага раунду дэбатаў можна казаць пра перамогу Джона Кэры. Гэтак лічаць таксама 53% апытаных амэрыканцаў. Толькі 37% прызнала пераможцам Буша.

Наступны раунд дэбатаў адбудзецца ў пятніцу, праз тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG