Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без прад’яўленьня ордэру міліцыянты робяць ператрус у кватэры кандыдатаў у дэпутаты Палевіковай і Дабравольскага


Валер Каліноўскі, Менск Як толькі што нам паведамілі, у гэтыя хвіліны (22:00 гадзіны) адбываецца ператрус у кватэры, якая выкарыстоўваецца як перадвыбарчы штаб кандыдатаў у дэпутаты па Менску Валянціны Палевіковай і Аляксандра Дабравольскага.

Міліцыянты ўвайшлі ў кватэру разам з сантэхнікамі і без прад’яўленьня ордэру пачалі аглядаць памяшканьні.

Пабачыўшы легальна аддрукаваныя перадвыбарчыя ўлёткі і газэту “Неделя” яны выклікалі зь Ленінскага РАУС падмогу.

Цяпер складаецца пратакол на канфіскацыю друкаваных матэрыялаў, нягледзячы на тое, што ёсьць усе неабходныя дакумэнты на ўлёткі і газэту “Неделя”, – паведаміла беларускай службе Радыё Свабода давераная асоба В. Палевіковай Жана Шынкарык.

Дзесяць міліцыянтаў на чале з намесьнікам начальніка Ленінскага РАУС Менску прыбылі сёньня а палове 11-й вечара ў кватэру. Яны спрабуюць канфіскаваць усе перадвыбарчыя матэрыялы кандыдатаў. У тым ліку па 15 тысячаў улётак кандыдатаў у дэпутаты Аляксандра Дабравольскага і Валянціны Палевіковай, якія былі легальна аддрукаваныя за кошт грошай Цэнтрвыбаркама.

Спадар Дабаравольскі паведаміў Радыё Свабода, што міліцыі былі паказаныя ўсе патрэбныя накладныя на ўлёткі, а таксама на наклад зарэгістраванай газэты “Неделя”, аднак міліцыя хоча забраць усе матэрыялы нібыта “для праверкі”.

Спадар Дабравольскі зазначыў, што не зьбіраецца аддаваць улёткі і іншыя матэрыялы добраахвотна.

Зараз, аб 11-й гадзіне вечара, процістаяньне працягваецца. На падтрымку кандыдатаў прыбылі міжнародныя назіральнікі ад АБСЭ і спадар Дабравольскі спадзяецца, што зь іхнай дапамогай удасца адстаяць сваю друкаваную прадукцыю.
XS
SM
MD
LG