Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увагу – зьвяртаць, мець, браць


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Вельмі частая ў літаратурным маўленьні фразэма – зьвяртаць увагу. За мінулае стагодзьдзе гэтае кніжна-калькаванае спалучэньне трывала ўкаранілася ў нашай мове. Тым часам іншыя раўзначныя з названым беларускія спалучэньні ў сучаснай літаратурнай мове амаль забытыя. “Ня ведаю, як дзе, – пісаў у 1920-ыя пісьменьнік Лукаш Калюга, – а ў нас кажуць... узяць увагу на што ці на каго або мець увагу на каго”. Так казалі й да сёньня кажуць далёка ня толькі на Койданаўшчыне, дзе нарадзіўся Калюга. У XIX стагодзьдзі фразэму мець увагу зафіксаваў у сваім слоўніку Іван Насовіч: “Мей увагу на пагоду! Як у гэтакую непагадзь ехаць у дарогу?” Тое самае спалучэньне знаходзім і ў пазьнейшым на 100 гадоў фразэалягічным слоўніку Фёдара Янкоўскага. “Як будзе вучыцца паступаць, дык каб мелі на яго ўвагу”, – гэты сказ Янкоўскі запісаў у Баранавіцкім раёне. З жывога народнага маўленьня фразэмы ўзяць увагу й мець увагу фрагмэнтарна праніклі ў першай траціне ХХ стагодзьдзя ў літаратурную мову – найперш у мастацкія тэксты. “А бусел усё ж такі трэцца па сьвеце, і на яго словы можна мець увагу”, – пісаў у адным з абразкоў Якуб Колас.

Вось жа, побач з рэгулярнай фразэмаю зьвяртаць увагу ёсьць сярод рэсурсаў мовы традыцыйныя сынанімічныя спалучэньні. Дбаючы пра натуральнасьць, арыгінальнасьць беларускага маўленьня, варта, думаю, нам іх актуалізоўваць. Можам сказаць, што зьвярталі ўвагу, а можам, што бралі ўвагу або – яшчэ – мелі ўвагу на некага або на нешта.
XS
SM
MD
LG