Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мара пра мора – настальгія па страчаным моры


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 30 верасьня). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае пісьменьнік, літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Шчасьлівымі пачуваюцца народы марскіх дзяржаваў, што маюць магчымасьць гандлю, рыбалоўства, фантастычных круізаў. Дзяржавы-выспы, кшталту Канараў або Тонгі, наагул уважаюцца за зямныя выраі. Нездарма Ўсходні вучоны з трагікамэдыі Янкі Купалы “Тутэйшыя” так настойліва раіць Янку Здольніку, праўдзіваму беларусу і прафэсару беларускае басоты, як найхутчэй “прорубить окошко к морю”. А той яму адказвае, што было ў нас сваё мора — Пінскае, ды акупанты зьмяшалі яго з гразёю, вось і сталася Пінскае балота. Так і жывуць сёньня беларусы — бяз мора. А ім так хочацца мора, хоць якога, хай сабе і свайго. Саматужнага. Здаецца, стае ім рэк, азёраў. Балотаў, а беларус гатовы любую калюжыну нарачы морам, вось і называюць Заслаўскае вадасховішча Менскім морам. Дык чаму ж беларусы так любяць мора?”

(Пятро Васючэнка: ) “Бо мора ў іх калісьці было. Любоў беларусаў да мора — гэта сублімаваная настальгія, — сказаў бы Юнг, — па тым няспраўджаным, страчаным моры”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, вы кажаце, што ў Беларусі мора калісьці было. Цікава даведацца, у якую гэта было эпоху?”

(Васючэнка: ) “Папытаймася ў геолягаў. А яны нам скажуць, што ўжо на золку палеазойскай эры, а гэта значыць. 570 мільёнаў гадоў таму, ішла вайна паміж сушаю і вадою, паміж гэтымі дзьвюма стыхіямі. Часам перамагала вада, і тады ўтваралася мора. Часам мора адступала на захад і на ўсход, адкуль яно і зьявілася. І тады заставаліся салёныя азёры, або лагчыны на тэрыторыі гэтак званай Берасьцейскай катлавіны й на тэрыторыі Прыпяцкай ўпадзіны”.

(Ракіцкі: ) “І ці доўга гэта працягвалася?”

(Васючэнка: ) “Калі верыць географу Аркадзю Смолічу, аж да кайназойскае эры, гэта прыблізна 40–45 мільёнаў гадоў таму назад. А пасьля былое мора накрылі ледавікі. Так і засталіся беларусы бяз мора”.

(Ракіцкі: ) “А што нам пакінула мора?”

(Васючэнка: ) “Страчанае мора беларусы карыстаюць і сёньня. Прыкладам, тая соль, якую здабываюць у Салігорску, пласты таўшчынёю 2 кілямэтры — гэта сьляды былога мора. Альбо тая крэйда, якой карыстаюцца і сёньня шкаляры, на якой выхавалася не адно пакаленьне беларускай інтэлігенцыі, — таксама падарунак памерлага мора”.

(Ракіцкі: ) “Вельмі часта кажуць, што ў Беларусі. Перадусім, на Палесьсі столькі выкапняў, што можна нават казаць ледзь не пра табліцу Мендзялеева. І гэта ўсё нам пакінула тое фантасмагарычнае мора, пра якое вы кажаце?”

(Васючэнка: ) “Часткова мора, часткова зямная стыхія”.

(Ракіцкі: ) “Я, магчыма, прадэманструю сваё невуцтва ці адсутнасьць яскравай фантазіі, падобнай да вашай, пісьменьніцкай. І тым ня меней, скажыце, як выглядала тое мора, хто насяляў яго?”

(Васючэнка: ) “На вялікі жаль, як я ўжо казаў, людзей яшчэ не было. Хаця, хто ведае, нядаўна нібыта знайшлі ж сьляды дыназаўра побач са сьледам чалавека недзе ў сярэднеазіяцкай пустэльні… А мора тое ад самога пачатку насялялі дзіўныя істоты, абсалютна не падобныя на сучасных жывёлаў, ссуноў, рыбаў. Прыкладам, трылябіты — дзіўныя ракападобныя істоты, накшталт гіганцкіх макрыцаў, даўжынёй каля дзесяці сантымэтраў. Альбо бэлямніты. Уявіце сабе кальмара альбо васьмінога ў вялікай ракаўцы даўжынёю на паўмэтра. А яшчэ гэтае мора насялялі брахіяподы, іх яшчэ называюць плечаногімі. Уявіце сабе ракаўку зь дзьвюма палавінкамі, якая нагой замацавалася за марское дно. Ужо пазьней зьявіліся рыбы. А ў часе юрскага пэрыяду зьявіліся іхтыязаўры — нашыя беларускія цмокі”.

(Ракіцкі: ) “Гэта па ўсёй зямной кулі былі такія моры, і такія істоты іх насялялі, ці гэта ўласна беларуская флёра і фаўна? Якая розьніца паміж гэтым фантасмагарычным беларускім морам і іншымі морамі, якія і сёньня існуюць?”

(Васючэнка: ) “Мяркуючы па ўсім, падчас вялікае паводкі, якой не адмаўляюць ні тэолягі, ні геолягі, мора пакрывала ўсю зямную прастору. Але ў Беларусі яно было незвычайным: яно то адступала, то залівала берагі. Найчасьцей яно было плыткае, і ваду яго можна параўнаць з той вадой, якую апісвае Ўладзімер Караткевіч у сваёй аповесьці “Ладзьдзя роспачы” — карычневая жыжка накшталт вады ў Палескім балоце. Беларускае мора вельмі нагадвала балота. Недарэмна географу Герадоту славутае Пінскае балота, зацягнутае туманамі, падалося бяскрайнім морам. І адсюль назва — Герадотава мора. Недарэмна ў хрэстаматыйным творы “Энэіда навыварат” Вінцэся Равінскага бура на беларускім моры нагадвае буру на балоце. Паэт яе таксама параўноўвае з бурленьнем піва ў шынку:

Калі хто відзеў, як Бакціха Нямецка піва задаець, Яко яно падыме ліха, Запеніцца ды розна прэць, — От так і мора заравела, Бублілась, пенілась, шумела. Эней спалохаўся, ўсхадзіўся. Матуз ад портак аж зваліўся, Са страху й нюні распусьціў Ды. Як у трасцы, ён завыў. Траянцы ўсе казла задралі, Са ўсіх чаўноў яны гукалі, Ў балоце быдта лісавей”.

(Ракіцкі: ) “А вось калі ўжо зьявіўся чалавек на тэрыторыі сучаснай Беларусі, там, дзе было мора, — ці ўспрымаў ён колішнюю прысутнасьць таго мора?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што ў чалавека ўяўленьне, настальгія пра мора заставалася ў генэтычнай памяці. Гэта можа паказацца дзіўным, бо, паводле геалягічных зьвестак, чалавек у тыя часы ня жыў. Але, калі верыць Дарвіну, усе мы пайшлі ад ніжэйшых істотаў: ад малпаў, а раней ад тых жа паўзуноў, плечаногіх, чарвякоў. І. калі ісьці за Юнгам, дык памяць пра зьніклае мора перадалася сучаснаму чалавеку ад гэтых ніжэйшых істотаў. І яшчэ — у гісторыі нічога не праходзіць бязь сьледу. Тым болей, што і ў гістарычным часе беларусы мелі сваё мора”.

(Ракіцкі: ) “Вы, напэўна, маеце на ўвазе фарпосты на Вараскім моры, Гэрсіку ды Кукейнос, якія напраўду існавалі за часамі Полацкага княства?”

(Васючэнка: ) “У свой час і грамадзяне Вялікага Княства Літоўскага ганарыліся тым, што маюць ажно два выхады да мора — да Вараскага і да Чорнага, мелі на іх і гарады, і фарпосты”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, за часамі Вялікага Княства беларусы жылі ў дзяржаве, якая распасьціралася ад мора да мора. Беларусы абжывалі марскія парты…”

(Васючэнка: ) “Невыпадкова Лібаве — порту, адкуль беларусы эмігравалі ў розныя краіны, — Максім Багдановіч прысьвяціў верш “Эмігранцкая песьня”, таксама споўнены настальгіяй па страчаным моры”.

(Ракіцкі: ) “А ці можам мы казаць пра настальгію па моры як пра цэлую плынь у беларускай літаратуры і мастацтве ўсьлед за генэтычнай памяцьцю народу?”

(Васючэнка: ) “Гэтая настальгія працягваецца і ў наш час. Так, сучасны паэт Віктар Шніп свой новы зборнік вершаў так і назваў: “Беларускае мора”. Беларусы працягваюць сумаваць па сваім страчаным моры”.

(Ракіцкі: ) “А чаму і сёньня беларусы так прагнуць вярнуць сваё страчанае мора?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што для беларусаў мора перадусім ёсьць увасабленьнем воднай стыхіі — стыхіі, якой ён поруч зь зямной аддаюць перавагу. Ім мала рэчак, мала азёраў. Апроч таго, мора зьяўляецца ўвасабленьнем волі, неабсяжнага прастору, свабоды дзеяньня. Невыпадкова тая ж Цётка верш, прысьвечаны бунту, рэвалюцыі, назвала “Мора”. Хаця і ў ейным вершы бура дужа нагадвае буру на балоце. Мяркуйце самі. У часе буры ўцякаюць з гэтага самага балота русалкі, якія яго насялялі:

Не такое цяпер мора, Не такі ў хвалях шум: Цяпер бурна, страшна мора! Хваля поўна дзікіх дум.

Мора вуглем цяпер стала, Мора з дна цяпер гарыць, Мора скалы пазрывала, Мора хоча горы змыць.

Мора злуе, крэпнуць хвілі, Зь дзікім шумам бераг рвуць; Гром грыміць за вёрсты-мілі, З мора брызгі ў неба б’юць.

Месцам хваля стогнам рыкне, Месцам плач сарвецца з губ, Месцам бераг болем ікне, Гром грыміць у тысяч труб.

Мора зброіцца палкамі, Шум русалак разбудзіў, Запаліўся смок агнямі, Неба чорны гнеў пакрыў”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, нейкая супярэчнасьць. Мы ўвесь час традыцыйна гаворым, што беларусы — вельмі прыземленая нацыя, што для іх зямля найважнейшая каштоўнасьць, і раптам вы цьвердзіце, што для беларусаў мора ці не важнейшае за зямлю…”

(Васючэнка: ) “Беларусы, якія аддаюць перавагу зямной стыхіі, у той жа час прагматыкі: яны ведаюць, што і з мора можна карыстаць таксама. Яны ня супраць, каб была свая флятылія, сваё рыбалоўства і свае круізы. І іншыя даброты, якія нясе мора. Памятаю, колькі часу таму на паседжаньні парлямэнту дэпутат Алег Трусаў прапанаваў заснаваць сваю беларускую флятылію. Дэпутаты тады дружна яго засьмяялі. Але зь цягам часу гэтая ідэя становіцца ўсё болей актуальнай”.

(Ракіцкі: ) “Зрэшты, час ад часу мы чытаем у газэтах, што ўрад абмяркоўвае праблему арэнды латыскіх, літоўскіх, польскіх ці расейскіх партоў. А ў болей шырокім, філязофскім нават, пляне, спадар Васючэнка, ці верыце, што мора да беларусаў вернецца?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што гэтак, як і ў прыродзе, мора і ў філязофскім пляне для беларусаў зьяўляецца працягам азёраў, рэк, непазьбежнай іх самарэалізацыяй. Таму і вяртаньне да беларусаў мора таксама непазьбежнае. Толькі ня ведаю, у якой форме адбудзецца гэтае вяртаньне — ці то напраўду будзе заснаваная беларуская флятылія, ці то зноў беларусы абжывуць нейкі порт, ці выкапаюць нейкае новае, незвычайнае вадасховішча і наракуць яго зноў морам, а мо нават у выніку глябальнага пацяпленьня да Беларусі зноў падступіцца мора. Хто ведае, дазвольце мне нават палетуценіць, беларусы асвояць мора-пустэльню на Месяцы. Але вяртаньне гэтае адбудзецца непазьбежна. Ну, а туга, беларуская настальгія па страчаным моры заўсёды будзе неспатольнаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG