Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Шыдлоўскага аштрафавалі больш як на паўмільёна за распаўсюд газэты


Любоў Лунёва, Менск Каардынатара моладзевага руху “Зубр” Аляксея Шыдлоўскага раённы Фрунзенскі суд сталіцы аштрафаваў на 570 000 рублёў за распаўсюд газэты. Міліцыянты папярэдзілі Аляксея, што цяпер за распаўсюд газэты “Зубр” моладзь будуць судзіць як за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Аляксея Шыдлоўскага затрымалі за распаўсюд газэты “Справядлівасьць”. У аддзеле міліцыі Фрунзенскага раёну газэту пачыталі і паведамілі Аляксею, што пратакол складуць не за распаўсюд выданьня без выходных дадзеных, а за арганізацыю несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

Справа ў тым, што на старонках газэты моладзь заклікае грамадзянаў 18 кастрычніка прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу, каб абмеркаваць вынікі рэфэрэндуму і выбараў у палату прадстаўнікоў.

Паводле новага закону аб масавых мерапрыемствах, за сам заклік удзельнічаць у акцыі, на якую яшчэ не далі дазвол улады, будуць судзіць як за арганізацыю гэтай акцыі. Фрунзенскі суд пакараў Аляксея штрафам на 570,000 рублёў (гэта каля 300 даляраў).

Адразу пасьля вынясеньня прысуду Аляксей Шыдлоўскі пракамэнтаваў Радыё Свабода гэты прысуд:

(Шыдлоўскі:) “Зараз мяне папярэдзілі, што ўсіх каго будуць затрымліваць, будуць судзіць паводле артыкулу 167 са значком 1, які прадугледжвае пакараньне на да 15 сутак. Цяпер ёсьць верагоднасьць таго, што кожнага сябра руху “Зубр” ці іншай палітычнай партыі будуць караць суткамі арышту, альбо вялізнымі штрафамі.”

Раней міліцыянты, калі затрымлівалі моладзь за распаўсюд газэтаў ці папросту за тое, што нешта знайшлі ў сумках, складалі пратаколы і накіроўвалі іх на разгляд адміністрацыйных камісіяў.

Каардынатары моладзевага руху “Зубр” лічаць, што з набліжэньнем даты рэфэрэндуму ўлады зьмянілі тактыку менавіта дзеля таго, каб нэўтралізаваць самых актыўных удзельнікаў вулічных акцый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG