Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Клаўдыя Нольтэ: “Беларуская сытуацыя патрабуе прынцыпова новых падыходаў”


Ул. інф. Прадстаўнікі апазыцыйнай фракцыі Бундэстагу — ХДС/ХСС — лічаць, што зьмест іхных прапановаў, выкладзеных у адхіленым нямецкай парлямэнцкай большасьцю праекце рэзалюцыі па Беларусі, усё ж будзе пачуты кіроўнымі нямецкімі палітыкамі й фэдэральным урадам.

Хрысьціянскія дэмакраты перакананыя, што беларуская сытуацыя патрабуе прынцыпова новых падыходаў і крокаў з боку Эўразьвязу і маюць намер прадоўжыць беларускую дыскусію ў Бундэстагу пасьля 17 кастрычніка. Пра гэта ў інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода паведаміла дакладчыца фракцыі ХДС/ХСС па Беларусі Клаўдыя Нольтэ.

(Нольтэ: ) “Безумоўна, калі на разгляд дэпутатам прапануюцца два праекты, немагчыма прыняць абодва. Аднак пасьля ўчорашніх дэбатаў мы гаварылі са спадарыняй Цапф і прыйшлі да высновы, што на чарговым паседжаньні Бундэстагу, пасьля таго, як адбудуцца парлямэнцкія выбары ў Беларусі, мы ўсё ж вернемся да абмеркаваньня прапанаваных у нашым праекце канкрэтных пунктаў”.

(Карэспандэнтка: ) “У той час, калі сацыял-дэмакраты канстатуюць, што цяперашнія беларуска-эўрапейскія дачыненьні знаходзяцца ў тупіку і іх можна хіба што толькі пагоршыць (з гэтым, напэўна, зьвязаны іхны даволі мяккі дакумэнт па Беларусі), вашая фракцыя прапануе канкрэтныя крокі, якія, у любым выпадку, ня могуць узрадаваць афіцыйны Менск. Напрыклад, стварэньне замежных радыёпраграмаў, скіраваных на Беларусь”.

(Нольтэ: ) “Спачатку пра моманты, якія робяць дачыненьні складанымі й тупіковымі. Беларусь сьвядома манэўруе ў ізаляцыю, дэманстратыўна ігнаруючы пэўныя эўрапейскія прынцыпы, кшталту прынцыпаў АБСЭ, наносячы шкоду розным міжнародным сувязям. У выніку Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, шэрагу іншых структураў. З гэтага гледзішча, эўрапейцам вельмі цяжка што-небудзь рабіць у гэтай краіне.

Зь іншага боку, беларускае пытаньне пастаянна дыскутуецца ў Эўропе. І як лічыць нашая фракцыя, штосьці зрабіць тут усё ж можна. У гэтым зьвязку мы і прапануем асобныя мэханізмы, якія, зразумела, яшчэ трэба вывучыць, і якія скіраваныя на супрацоўніцтва не зь беларускім урадам, а зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Зыходзячы з досьведу былой ГДР, я магу сьцьвярджаць, наколькі важна ва ўмовах недэмакратычнага грамадзтва мець доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі. Таму сярод прапанаваных намі крокаў — магчымасьць стварэньня незалежнага радыёвяшчаньня на Беларусь. Калі Эўразьвяз возьме на сябе такую адказнасьць, то ажыцьцявіць гэты варыянт цалкам магчыма. Я думаю, што праект можа выклікаць падтрымку з боку самых розных эўрапейскіх краінаў, у тым ліку з боку Польшчы, якая паводзіць сябе вельмі зацікаўлена ў пытаньнях дачыненьняў зь Беларусьсю”.

На наступным тыдні ў аўторак ўвечары са спадарыняй Нольтэ можна будзе сустрэцца ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры, дзе яна выступіць з публічным дакладам “Трансфармацыйныя працэсы ў былой ГДР”.
XS
SM
MD
LG