Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне цэнзары выразаюць з праграмаў апазыцыйных кандыдатаў згадкі пра трэці тэрмін


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць У Гомельскай вобласьці дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ня толькі замоўчваюць нэгатыўнае стаўленьне многіх жыхароў рэгіёну да рэфэрэндуму, але і выразаюць з праграмаў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты меркаваньні пра трэці прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. Асабліва вызначылася раённая газэта “Сьветлагорскія навіны”.

Кандыдат у дэпутаты парлямэнту ад Партыі БНФ у Сьветлагорскай выбарчай акрузе №48 Віктар Раманішка перадаў для публікацыі сваю праграму асабіста рэдактару газэты “Сьветлагорскія навіны” Алегу Давыдаву. Пры гэтым папрасіў паведаміць, калі будуць нейкія там стылёвыя ці карэктарскія заўвагі. Аднак рэдакцыя без узгадненьня з кандыдатам надрукавала праграму з купюрамі. Распавядае Віктар Раманішка:

(Раманішка: ) “Я не чакаў такога нахабства ад рэдакцыі газэты. Па сутнасьці, яны выкінулі мае разважаньні пра тое, што прэзыдэнт не абмяжуецца трэцім тэрмінам. Пасьля будзе чацьверты, пяты і гэтак далей. Размова ідзе не пра трэці тэрмін як такі. Мы можам атрымаць не прэзыдэнта, усенародна абранага, а дэспатычнага манарха”.

Рэдактар “Сьветлагорскіх навінаў” Алег Давыдаў, у сваю чаргу, лічыць, што, скараціўшы праграму, выратаваў кандыдата ад БНФ:

(Давыдаў: ) “Я іх выратаваў. Яны напісалі: “дэспатычны манарх”, “рэжым Лукашэнкі”. Ёсьць жа закон пра абарону гонару і годнасьці прэзыдэнта. Калі мы сталі рыхтаваць праграму, я цягам дня званіў Раманішку дахаты, але ніхто не адказваў. Мне не было з кім параіцца. У мяне выбар быў такі: альбо зьняць праграму з паласы, альбо пакінуць у пачатковым выглядзе. Тады б іх паклікалі “на дыван” і зьнялі бы наагул з дыстанцыі”.

Са значнымі купюрамі выходзяць у тэлеэфір і звароты шэрагу дэмакратычных кандыдатаў, запісаныя на Гомельскім тэлебачаньні. А выступ прадпрымальніцы і кандыдаткі ў дэпутаты Тацяны Марчанкі наогул не выпусьцілі ў тэлеэфір.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік на скаргу кандыдаткі Марчанкі паведаміў, што ейны выступ быў затрыманы ў сувязі з праверкай на адпаведнасьць закону пра СМІ.

Паводле Лазавіка, выказваньні пра “перадачу прэзыдэнцкай улады ў спадчыну”, пра палітыку, скіраваную на “зьнішчэньне” прадпрымальніцтва могуць разглядацца як паклёп.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG