Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жодзіне другі месяц не наведвае школу 8-гадовы Янка Лапіцкі


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне ўжо другі месяц не наведвае школу 8-гадовы Янка Лапіцкі. Бацькі хлопчыка дамагаюцца аднаўленьня беларускамоўнай клясы, зьліквідаванай на пачатку гэтага навучальнага году.

Янка мусіў пайсьці ў трэцюю клясу. Аднак увесь верасень ён правёў дома:

(Янка: ) “Я хацеў вучыцца ў беларускамоўнай клясе. Таму што гэта мая родная мова. Я дома размаўляю па-беларуску”.

(Карэспандэнт: ) “Ты цяпер чытаеш беларускія кніжкі?”

(Янка: ) “Так. Адна называецца “Казкі з праўдай напалам”. Другая — “Вясёлая азбука”.

(Карэспандэнт: ) “Ты хацеў бы цяпер вучыцца?”

(Янка: ) “Хачу хадзіць у школу”.

(Карэспандэнт: ) “Янка, хто вінаваты ў тым, што ты ня вучысься?”

(Янка: ) “Кіраўнікі”.

Як лічыць маці хлопчыка Сьвятлана Лапіцкая, жодзінскае начальства зьліквідавала беларускамоўную клясу неабгрунтавана:

(Лапіцкая: ) “Справа ў тым, што мы зьвярталіся ў школу, каб яны аднавілі нашу беларускамоўную клясу. Зьвярталіся ў гарадзкі аддзел адукацыі, бо мы ўсё-такі знаходзімся ў Беларусі, на сваёй роднай зямлі. І лічым, што няма нічога кепскага ў тым, каб наша дзіця навучалася па-беларуску. Тым больш, ёсьць рашэньне Менскага абласнога савету дэпутатаў, якое кажа, што трэба пашыраць сфэру выкарыстаньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі”.

Насамрэч у Менскай вобласьці прынятая праграма, паводле якой у кожным райцэнтры і горадзе гэтага рэгіёну мусіць быць хаця бы адна беларускамоўная школа. Аднак, паводле намесьніка начальніка абласнога ўпраўленьня адукацыі Мікалая Бажка, у жодзінскіх уладаў былі падставы для ліквідацыі клясы, у якой вучыўся Янка Лапіцкі:

(Бажко: ) “Была кляса, калі тры вучні навучаліся. Але на сёньняшні дзень двое бацькоў адмовіліся, каб навучаньне вялося на беларускай мове. І ён застаўся адзін. А навучаньне аднаго дзіцяці на беларускай мове — праблематычна, і колькі гэта каштуе для дзяржавы?! І ён пайшоў на такі крок. Гэта спроба бацькі ўцягнуць дзіця ў палітычную дзейнасьць”.

Бацька хлопчыка Аляксей Лапіцкі, які ёсьць цяпер кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ у Жодзінскай выбарчай акрузе №81, зь меркаваньнем спадара Бажка не пагаджаецца:

(Лапіцкі: ) “Для мяне вельмі дзіўна чуць, што Мікалай Мікалаевіч Бажко пераводзіць правы беларускамоўных дзяцей, бацькоў і права навучацца ў плоскасьць палітычную. Тут няма ніякай палітыкі. Тут ёсьць праграма Міністэрства адукацыі, якая павінна выконвацца. А ў Жодзіне яна якраз не выконваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG