Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя назіральнікі ад СНД не заўважылі ніякіх парушэньняў падчас выбарчай кампаніі


Валер Каліноўскі, Менск Міжнародныя назіральнікі ад СНД апошні тыдзень наведвалі беларускія рэгіёны, сустракаліся там з удзельнікамі выбарчай кампаніі. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі яны заявілі, што ніякіх істотных заўваг да хады перадвыбарчай кампаніі яны пакуль ня маюць.

Усе прадстаўнікі СНД, якія ажыцьцяўляюць доўгатэрміновые назіраньне за выбарчай кампаніяй, зьяўляюцца акрэдытаванымі ў Менску дыпляматамі, якія працуюць у выканкаме СНД. Яны не зафіксавалі ніякіх скаргаў і зваротаў, не пабачылі парушэньняў падчас рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і агітацыі за рэфэрэндум у дзяржаўных СМІ. Назіральнік ад СНД Аляксандар Авецісян зазначыў, што ён нічога ня ведае аб закрыцьці “Рэгіянальнай газэты” і штрафе рэдактару газэты “Біржа інфармацыі” за выказваньне меркаваньня наконт рэфэрэндуму.

Сёньня стала таксама вядома, што Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ адмовілася ўключыць у склад сваёй групы назіральнікаў за беларускімі выбарамі акрэдытаваных у Менску супрацоўнікаў выканкаму СНД. Быць кароткачасовымі назіральнікамі меліся два кіраўнікі дэпартамэнтаў выканкаму. Адмова АБСЭ была абгрунтаваная тым, што прапанаваныя кандыдатуры акрэдытаваныя ў Беларусі як дыпляматы і, такім чынам, залежныя ад беларускага ўраду. Некаторыя з назіральнікаў ад СНД ужо выказваліся на карысьць рэфэрэндуму Аляксандру Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG