Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень працягваецца страйк кіроўцаў таксовак у Ваўкавыску – у ім удзельнічаюць больш як 60 таксістаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Ваўкавыску працягваецца страйк кіроўцаў таксовак. Сёньня, як і ўчора, дваццаць машын прыехалі й сталі на плошчы Леніна, дзе нядаўна ўлады адзначалі “Дажынкі-2004”. На рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду заблякаваны рахунак уладальніка таксовак прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Кіроўцы вырашылі не абслугоўваць пасажыраў, пакуль рахунак не разблякуюць і не дадуць ім магчымасьці нармальна працаваць.

Разам не працуюць сёньня 60 кіроўцаў і 7 дыспэтчараў. Вось што сказаў Мікалай Аўтуховіч наконт свайго рахунку:

(Аўтуховіч: ) “На яго наклалі такую паперу, якая дазваляе забіраць усе грошы, якія паступаюць на рахунак. Гэта значыцца, яны хочуць той штраф усё ж атрымаць. А мы ведаем, што мы нічога не парушалі”.

Ужо год падатковая служба імкнецца спагнаць з прадпрымальніка вялікі штраф. У падатковых чыноўнікаў добрае паразуменьне з судовымі чыноўнікамі, гаворыць Аўтуховіч. Паводле яго, кіроўцы кажуць, што суды сёньня несправядлівыя і цяжка дамагчыся праўды, таму яны вымушаны праводзіць акцыю пратэсту.

Год таму сам Аўтуховіч і кіроўцы правялі масавую галадоўку. Тады быў арыштаваны рахунак прадпрымальніка і машыны, людзей пазбавілі працы. Падатковая інспэкцыя імкнулася спагнаць з прадпрымальніка вялікі штраф. Праз суд яму ўдалося дамагчыся справядлівасьці. Аднак цяпер Вышэйшы гаспадарчы суд зноў надаў правамоцнасьць ранейшаму судоваму рашэньню, якім была ўзаконеная пастанова абласной падатковай службы: спагнаць з Аўтуховіча 267 мільёнаў рублёў.

Мікалай Аўтуховіч цяпер зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Ваўкавыскай выбарчай акрузе N50.
XS
SM
MD
LG