Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчыя камісіі хочуць абмежаваць колькасьць назіральнікаў?


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі незалежнага назіраньня зазначаюць, што кіраўнікі шэрагу акруговых камісіяў вырашылі абмежаваць колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках. У ЦВК не пацьвярджаюць гэтай інфармацыі й кажуць, што падобныя рашэньні трэба прызнаваць незаконнымі.

Мікола Астрэйка, кіраўнік арганізацыі “Партнэрства”, якая арганізоўвае незалежнае назіраньне, спасылаючыся на актывістаў гэтай кампаніі, паведаміў, што ў шэрагу абласьцей кіраўнікамі акруговых камісіяў былі прынятыя рашэньні абмежаваць колькасьць назіральнікаў пяцьцю, і ў склад гэтай квоты ўжо запісваюцца прадстаўнікі праўрадавых арганізацыяў.

Падобная інфармацыя паступае і ад шэрагу апазыцыйных кандыдатаў. Гаворыць Мікола Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Практычна ва ўсіх акругах было прынятае такое рашэньне, і таму цяпер ёсьць такая гонка, хто першым зарэгіструе назіральнікаў”.

Мікола Астрэйка перакананы, што такія квоты незаконныя. Падобнае меркаваньне мае і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Для мяне гэта навіна, так скажам. Ніколі ў нас не было практыкі абмежаваньня ліку назіральнікаў, і наўрад ці гэта мэтазгодна”.

Мікалай Лазавік нагадаў, што ў законе няма нормаў, якія б абмяжоўвалі колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках. Паводле Міколы Астрэйкі, кіраўніка незалежнага назіраньня, гэтая кампанія ахопіць каля чвэрці ўсіх выбарчых участкаў краіны .

Адзін зь лідэраў АГП Сяргей Альфер кажа, што ягоная партыя будзе выстаўляць сваіх назіральнікаў у тых акругах, дзе балятуюцца іх кандыдаты, лік такіх складае 36, усяго ж ад пяці апазыцыйных палітычных партыяў кандыдаты ёсьць у 90 акругах. На думку Сяргея Альфера, “збольшага выбарчыя ўчасткі ў гэтых акругах будуць ахопленыя назіральнікамі ад партыяў”.

Такім чынам, незалежнае і партыйнае назіраньне павінна ахапіць больш як палову выбарчых участкаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG