Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Рыгор Сітніца


Рыгор Сітніца, Менск Перадача з сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе мастак Рыгор Сітніца.

19 верасьня, нядзеля

Сонца каторы ўжо дзень нібы вяртае нам тое, чаго не дадало ўлетку, а таму аддае з працэнтамі – цяплом, спакоем, цішаю. Стан, які вельмі люблю і чакаю штогод. Час, калі можна быць амаль шчасьлівым ужо толькі таму, што ў прыродзе і ў тваёй душы супадае, здаецца, усё.

Аднак шчасьце тваё прыватнае, маленькае, амаль несапраўднае. Наўрад ці яго зразумеў бы той апэрэтачны камбайнэр, што ўжо каторы дзень дзеліцца з тэлеэкрану сваім сапраўдным, санкцыянаваным ды адкарэктаваным шчасьцем. А яно ня толькі ў тым, што па “цілявізару” пакажуць, а найперш з нагоды таго, што кіраўнік краіны паабяцаў таму дзядзьку новы камбайн. І не ашукаў. Трэба думаць – з уласнае кішэні дастаў. Вось чалавек і шчасьлівы, як і іншыя дзядзькі ды цёткі, што ў гэты дзень пад псэўдафальклёрнае “умца-ца” ды местачковую папсу спраўляюць у Ваўкавыску ўрачыстае закрыцьцё калгаснае алімпіяды пад назовам “Дажынкі-2004”. Анягож. Нездарма алімпійцаў на спаборніцтвы выклікалі. І, здаецца, перамаглі. Куды там Афінам да Ваўкавыску! Нездарма ж з вуснаў Самога гучыць адзнака: “Масьцяра ўраджаю міравога ураўня”. Так што – слава героям ды іхнаму “ураўню” таксама.

Адно непакоіць. Як тыя палякі ці немцы выжываюць бяз бойкі за ўраджай, бяз выкліку алімпійцам, дый які там іх узровень майстроў ураджаю?

Так што цешся, бэтээшны дзядзька-камбайнэр. Вось толькі сам не магу парадавацца разам з табою, бо прыгадваю расповед свайго роднага брата – загадчыка калгасных рамонтных майстэрняў. Залетась брат са сваёю брыгадаю з 12 дабітых камбайнаў сабралі ажно 4 і, з Божаю дапамогаю, выстаялі ў бойцы супраць ураджаю.

20 верасьня, панядзелак

Раніца. Усьмешлівае тэлевізійнае дзяўчо са шчасьлівым выглядам дэманструе на экране розныя дыяграмы ды графікі, паглядзеўшы на якія, я мушу пераканацца, што жыву ў самай шчасьлівай краіне. Бо, здаецца, нідзе ў сьвеце няма такіх тэмпаў разьвіцьця, як у нашым краі. Ну й, вядома ж, шалёнае тое разьвіцьцё пачынаецца ад 1995 году, і вядома, дзякуючы каму.

Падобна, як камуністы ўсе свае дасягненьні параўноўвалі з 1913 годам, гэтак беларусам цяпер загадана раўняцца на год 1995. Мне таксама хочацца параўнаць. Напрыклад, колькі беларускіх школаў было да 1995 году, а колькі засталося цяпер. Колькі беларускай мовы было ў тэле- і радыёэфіры, рэкляме, візуальнай інфармацыі ў 1995 годзе, а колькі маем сёньня. Колькі палітэмігрантаў было да таго “шчасьлівага” году, а колькі цяпер.

Спрабую ўявіць, як тэледзяўчынка з тым самым узьнёсла-шчасьлівым выглядам паказвае мае дыяграмы з маёй інфармацыяй ды яшчэ й дадае, што ў Гомелі сёлета была зьліквідаваная апошняя беларуская школа. Апроч таго, яна магла б яшчэ нагадаць, што акурат 20 верасьня ў годзе, здаецца, 1990-м, была прынятая дзяржаўная Праграма разьвіцьця ды пашырэньня беларускай мовы. Самы час параўнаць з 1995 годам.

Аднак на БТ параўнаньні іншыя. Ім зноў “Масква прыслала падкрапленьне”, як пяялі ў колішняй, сталінскіх часоў, песеньцы. Учора шчыраваў Станіслаў Куняеў – рэдактар часопісу “Наш современник”. Часопіс той, як памятаецца, падчас перабудовы быў ці ня самы рэакцыйны. Цяпер жа агрэсіўна-імпэрскі, калі не сказаць – карычневы. Куняеў не шкадаваў эпітэтаў на адрас нашага галоўнага начальніка, назваўшы яго “вождём, рождённым из чрева народного”. І гэты правадыр, маўляў, павінен кіраваць намі як найдаўжэй, аж да поўнага ўзьяднаньня, ну і гэтак далей. Пішу ды пазяхаю.

Але, дзякаваць Богу, ёсьць падставы і для іншых эмоцыяў. Вечарам мае эмацыйна-энэргетычныя страты ад таварыша Куняева напоўніцу кампэнсавала на канале НТВ спадарыня Навадворская – адзіны расейскі палітык, ня хворы на шавінізм, што й дазваляе ёй надзіва цьвяроза, разумна і гранічна жорстка ацэньваць расейскі народ, гісторыю, культуру ды ўсе грахі Расеі перад іншымі народамі. Пры гэтым – бліскучы інтэлект, імгненная рэакцыя на любое пытаньне, не пакідаючы ніякіх шанцаў апанэнтам. Як той казаў, здымаю капялюш. А тым больш прыгадаўшы, што Валерыя Ільлінічна неаднаразова выходзіла зь бел-чырвона-белым сьцягам да беларускай амбасады ў Маскве, каб падтрымаць нашых незалежнікаў. Так што фраза зь песьні “Нам Масква прыслала падкрапленьне” часам можа мець і іншы сэнс.

21 верасьня, аўторак

Верасьнёвае сонца надзіва хутка сплаціла свае даўгі. Шэрай, вільготнай, даволі халоднай раніцай, ідучы на працу, на скрыжаваньні праспэкту Скарыны ды вуліцы Макаёнка бачу процьму міліцыянтаў. Падумалася – аварыя. Ды не. Ідучы далей, бачу безьліч тыповых людзей у цывільным, якія перакрылі выхады з усіх двароў, а шмат каго зь мінакоў у тыя двары заганяюць. Зразумела: хутка праедзе Той Самы. Параўняўшыся з адным тыпова-цывільным, кажу, што, маўляў, як жа таму VIP-пасажыру страшна на сьвеце жыць, калі гэтулькі аховы нагнаў. Змрочны цывільны на мае правакацыйныя развагі не паддаецца. Можа, інструкцыя не дазволіла, а мо, пашкадаваў. Моўчкі дзякую ды разважаю ўжо ў думках. Напэўна, і сапраўды, кіраваньне краінаю – справа дужа небясьпечная. Мо таму ён і вырашыў кіраваць пажыцьцёва, каб усю небясьпеку адцягнуць на сябе ды не падстаўляць пад удар каго іншага.

Ці таму, што наглядзеўся на прафэсійна-шэрых ды адмыслова невыразных хлопцаў, што блякавалі вуліцу Макаёнка, а мо ад таго, што дождж не сьціхае, дзень здаецца гэткім жа шэрым і невыразным. У такі час асабліва прыемна прыгадваць імпрэзу, на якую патрапіў учорашнім вечарам. Нацыянальны мастацкі музэй адчыніў выставу вялікага армянскага жывапісца Сар’яна. Дэфіцыт сонца й цяпла кампэнсуецца напоўніцу. Маючы ў сваім скарбе гэткі жывапіс, армянская нацыя можа лічыць сябе вялікай.

Спрабую прыгадаць прозьвішча дзейнага прэзыдэнта Армэніі. Баюся памыліцца. Але не памылюся ніколі, сказаўшы, што Армэнія – гэта мастак Сар’ян, кампазытар Камітас, паэт Чарэнц. Творца – твар нацыі. Гэтак і мусіць быць. Чыё там імя прыгадваюць у сьвеце, чуючы слова Беларусь?

22 верасьня, серада

Як за саветамі ўсюды было месца подзьвігу, гэтак цяпер паўсюдна маем прастору для творчасьці. Межы гэтае прасторы нагэтулькі рассунуліся, што практычна ўсё можна абвясьціць творчым актам.

Ангельскі мастак-пэрформэр Харлі тыдзень імітаваў паводзіны чарвяка: закопваўся пад зямлю, рыў хады, поўзаў там, вылазіў вонкі, зноў закопваўся. Пасьля ён мае намер пабыць сьлімаком, а потым – насякомым. Творчасьць. У такіх выпадках прыгадваю пытаньне Астапа Бэндэра: “Кіса, скажыце мне, як мастак мастаку, вы маляваць умееце?” Гледзячы на мастацкія акты Харлі, падумалася, што амаль усё людзтва можа лічыць сябе мастакамі, бо дужа шмат хто пражывае жыцьцё як чарвяк, насякомае ці сьвіньня.

Што да сёньняшняй сытуацыі ў нашым Краі, дык абвешчаны рэфэрэндум цалкам абгрунтавана можна лічыць пэрформансам. А ўважаючы, што да яго далучаныя мільёны ўдзельнікаў, пэрформанс гэты становіцца агульнанацыянальным хэпэнінгам. Самы час падаваць заяўку ў Кнігу Гінэса. Нацыяй паэтаў мы сябе ўжо назвалі. Цяпер ёсьць усе падставы назвацца нацыяй мастакоў. Так што вітаю, калегі.

23 верасьня, чацьвер

Наш дом – звычайны саўковы дзевяціпавярховік. Лужыны пад лесьвіцай ды выкручаныя лямпачкі – справа звычайная. Маленькі, але прыемны нонсэнс, хатнія кветкі на лесьвічным падваконьні, зьявіўся спачатку на чацьвёртым паверсе. Праз пэўны час кветкі пасяліліся й на падваконьні нашага шостага паверха. Ранкам, выходзячы з кватэры, бачу перавернутыя гаршчкі, вырваныя расьліны, рассыпаную зямлю. Прыкра, крыўдна, сумна. Вяртаючыся ўвечары, заўважаю прыбранае падваконьне ды гаршчкі з новымі расьлінамі. Дзякуй.

Іх яшчэ дужа шмат – тых, хто ня любіць чысьціні і кветак, ня любіць маралі і праўды, ня любіць сумленьня і гонару. Але ж ёсьць і тыя, хто кветкі садзіць. І ў гэтым надзея, што бруд і хамства ня вечныя. Дык саджайма кветкі. Кожнаму аддасца па справах ягоных.

24 верасьня, пятніца

Патэлефанаваў сябра ды, апрача іншага, паведаміў навіну, як кажуць, з надзейных крыніцаў. Аркестру Міністэрства ўнутраных справаў начальства забараніла выконваць на канцэртах песьню “Вецер перамен”. Пільныя хлопцы, калі нават у песеньцы зь дзіцячага фільму небясьпеку заўважылі. Пры Брэжневе не забаранялі, а цяпер, як той казаў, прыплылі. У такіх выпадках, звычайна, кажуць: “Усё было б даволі сьмешна, калі б так сумна не было”.

Але ў нашых варунках хочацца гэтую фразу прамовіць наадварот. Бо й сапраўды, як гэта ні сумна, але ж надта сьмешна. А гэта значыць, што песьню “Вецер перамен” забараніць, вядома, можна, ды толькі не забароніш сам вецер. Гэта палітычныя крокі можна пралічыць на дваццаць гадоў наперад, а лёс і на адзін крок не пралічыш. Так што “Вецер перамен” неўзабаве вернецца ў наш грамадзкі рэпэртуар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG