Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старасьць арганізму ў многіх беларусаў перавышае век у пашпарце


Галіна Жарко, Менск 1 кастрычніка ў сьвеце адзначаецца дзень пажылых людзей. Больш за 20% насельнікаў Беларусі маюць за 60 гадоў. Але біялягічны ўзрост беларусаў на 10, 20, нават 30 гадоў большы, чым той, што запісаны ў пашпарце. Гэта выснова спэцыялістаў беларускага аддзяленьня Міжнароднай акадэміі геранталёгіі. З улікам гэтае акалічнасьці адзначаць дзень пажылых можа значна большая колькасьць людзей краіны.

У заходніх краінах можна проста на вуліцы зрабіць тэст наконт свайго біялягічнага ўзросту. У нас няма гэткае экзотыкі, бо яна шмат каго б напалохала. Вучоныя-герантолягі выявілі: біялягічны ўзрост выпускнікоў ВНУ, напрыклад, набліжаецца да 40.

Так хутка састарэць рызыкуюць ня толькі студэнты, а абсалютна ўсе. Што да студэнтаў, дык ім шкодзіць няправільнае харчаваньне, моцныя эмацыянальныя нагрузкі... Нават выпускнікам школы больш гадоў на 8.

Актыўнае старэньне выклікае шэраг прычынаў. Раней лічылася, што працэсы старэньня абумоўленыя спадчыннасьцю на генэтычным узроўні. А цяпер вучоныя схіляюцца да думкі, што на 95% фізыялагічны працэс старэньня залежыць ад экалягічных фактараў. Вось што мяркуюць антраполягі, якія вывучаюць сучаснае насельніцтва. Гаворыць Інэса Салівон з аддзелу антрапалёгіі Інстытуту этнаграфіі й фальклёру Акадэміі навук:

(Салівон: ) “Больш высокі радыяцыйны ўзровень правакуе больш хуткі рост і высьпяваньне. Асяродьдзе моцна зьмянілася нават без Чарнобыля. Глядзіце, колькі стала машын у гарадах, якія забруджваюць атмасфэру. Гэта нэгатыўна адбіваецца на разьвіцьці моладзі. Сталі больш тонкімі косткі рук і ног, больш вузкімі плечы. Менее аб’ём грудной клеткі. Гэта зьвязана, напэўна, са зьменамі атмасфэры”.

Менавіта па костках антраполягі вызначаюць узрост людзей, што жылі стагодзьдзі таму. Працягласьць жыцьця з разьвіцьцём цывілізацыі павялічылася. Пячорны чалавек жыў у сярэднім ня болей за 18 гадоў. Сярэдняя працягласьць жыцьця беларусаў у 2002 годзе была роўная 68 гадам. Сапраўдных старых – тых, што перажылі вайну, цяжкія пасьляваенныя гады – у краіне шмат. Вось паслухайце бабулю зь вёскі на Гомельшчыне.

(Бабуля: ) “Гаравалі! Трэба было ў школу хадзіць. Не было ні кніжкі, ні сшытка. Пайшлі ў калгас працаваць. Аралі на сабе. Лес рэзалі. А галодныя! Здавалася, каб хлеба паесьці, дык нічога болей бы не хацеў. Каб не хацелася есьці – сьпявалі. Сьпяваем, сьпяваем, а потым ізноў працуем”.

Геранталёгію жартам называюць навукаю пра бабуляў, бо бабуляў значна болей, чым раўналеткаў-мужчынаў. Лёс на іх долю выпаў цяжкі, а вось атмасфэра была больш чыстаю. Цікава, што многія беларускія бабулі ня ведаюць дакладнае даты свайго нараджэньня, дык і пашпартны ўзрост іх прыкладны.

А ці можна ў Беларусі вызначыць біялягічны ўзрост? Апаратаў на вуліцах няма. Але ў акадэміі геранталёгіі можна прайсьці тэст, распрацаваны беларускімі вучонымі. Дык цікава было б ведаць, колькі гадоў паводле гэтага тэсту маюць бабулі, якім нават і болей за сярэднестатыстычныя 68, а яны, жывучы ў вёсках, усё гэтак жа цяжка, як і ў маладосьці, працуюць. “Гаруюць”, як яны кажуць.

А што кажуць герантолягі пра магчымую працягласьць жыцьця? Калі дакладна выконваць іхныя парады, можна “працягнуць” і 180 гадоў. Толькі ці згодзіцца хто на такі экспэрымэнт... Старасьць не вызначаецца канкрэтнай лічбаю ўзросту, а стратаю арганізмам здольнасьці адаптавацца да зьменлівых зьнешніх умоваў.
XS
SM
MD
LG