Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя кандыдаты скардзяцца, што разгляд іхных скаргаў у Вярхоўным судзе быў чыста фармальным


Уладзімер Глод, Менск 1 кастрычніка Вярхоўны суд завяршае разгляд скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Гэта апошняя інстанцыя, куды могуць зьвярнуцца незадаволеныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты. Аднак іхныя спадзяваньні на станоўчае рашэньне Вярхоўнага суду надзвычай малыя.

У адрозьненьне ад Цэнтрвыбаркаму, які задаволіў 40 са 142 хадайніцтваў, тут пакуль пайшлі насустрач толькі ў двух выпадках, хаця пазоваў было больш за 60. Чым можна патлумачыць такую вялікую розьніцу паміж станоўчымі рашэньнямі Цэнтрвыбаркаму і Вярхоўнага суду?

Размовы з незарэгістраванымі кандыдатамі ў дэпутаты дый асабістая прысутнасьць у якасьці журналіста на некалькіх судовых працэсах дазваляюць канстатаваць – судзьдзі звычайна зачытваюць рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якую, дарэчы, скардзяцца прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты, і падтрымліваюць яе рашэньні. Дадатковыя дасьледаваньні, пра якія просяць патэнцыйныя кандыдаты, суды не прызначаюць.

Учора, напрыклад, старшыня Гомельскай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Юры Захаранка перадаў у суд пісьмовыя сьведчаньні 20 асобаў, якія сьцьвярджаюць, што свае подпісы й даты запаўненьня падпісных лістоў яны рабілі сваёю рукою. А акруговая камісія сьцьвярджае адваротнае. Спадар Захаранка прасіў правесьці адмысловую экспэртызу. Але суд адмовіўся яе прызначаць: маўляў, гэта зойме многа часу...

Шмат хто гаворыць пра тое, што Вярхоўны суд ставіцца да разгляду скаргаў вельмі фармальна. Прынамсі, так сьцьвярджае і прафэсійны юрыст Павал Знавец у дачыненьні да сваёй справы:

(Знавец: ) “Не было аніякіх падставаў выносіць такое рашэньне. Тым ня менш ён (судзьдзя) паўтарыў усё тое, што напісаў Цэнтарвыбаркам. Куды ж гэта варта, калі такія аргумэнты прыводзяць?!”

Чым можна патлумачыць тое, што Цэнтарвыбаркам задаволіў 40 скаргаў, а Вярхоўны Суд – толькі дзьве? У пошуках адказу я зьвярнуўся да Ўладзімера Нісьцюка, які, як сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з дарадчым голасам, удзельнічаў у паседжаньнях ЦВК, а як прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) – у судовых працэсах сябраў ягонай партыі. Мне падаецца, што спадар Нісьцюк мае рацыю у сваіх разважаньнях:

(Нісьцюк: ) “Цэнтральная выбарчая камісія перавыканала плян і зарэгістравала шмат людзей, якія не павінны былі быць зарэгістраванымі. І цяпер гэтая памылка выпраўляецца. Калі мы працавалі ў Цэнтрвыбаркаме, нават з правам дарадчага голасу, то мы мелі магчымасьць па кожнаму пытаньню выступіць, зрабіць прапановы. Там іншая была атмасфэра, чым тут. Тут, напрыклад, у сёньняшнім паседжаньні пракурор зачытаў практычна ўсё тое, што зафіксавана ў рашэньні выбарчай камісіі. Для яго гэты судовы працэс не адкрыў ніякіх новых падставаў, каб у нечым засумнявацца, выказаць нейкія новыя думкі, каб паразважаць на гэтую тэму. Ён задыктаваў тое, што было напісана ў ягоным сшытку, і на гэтым скончыў сваю працу. Мне бачыцца, што гэта, канешне, ня суд”.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, рашэньні Вярхоўнага суду ў выбарчых справах зьяўляюцца канчатковымі. Аднак стала вядома, што група цяпер ужо былых дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты вывучае магчымасьці зьвярнуцца са скаргамі ў міжнародныя інстанцыі.
XS
SM
MD
LG