Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі Бундэстаг ухваліў больш мяккі праект рэзалюцыі па Беларусі, прадстаўлены кіроўнай фракцыяй сацыял-дэмакратаў


Ул. інф. Увечары 30 верасьня ў Бэрліне ў часе работы чарговага пленуму Бундэстагу нямецкія дэпутаты прынялі праект рэзалюцыі, падрыхтаваны прадстаўнікамі кіроўнай сацыял-дэмакратычнай фракцыі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца шэраг патрабаваньняў нямецкіх палітыкаў да свайго фэдэральнага ўраду, якія тычацца падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Размова ідзе пра забесьпячэньне ў краіне ўмоваў для правядзеньня празрыстых і свабодных парлямэнцкіх выбараў, пра спыненьне ціску на апазыцыю, грамадзкія арганізацыі й незалежныя мэдыі.

Як лічаць нямецкія назіральнікі, у адрозьненьне ад іншага праекта рэзалюцыі па Беларусі, прадстаўленага апазыцыйнай фракцыяй ХДС/ХСС, дакумэнт “чырвона-зялёных” ня ўтрымлівае нейкіх канкрэтных прапановаў і мэханізмаў у дасягненьні падобных мэтаў. Аднак менавіта гэты дакумэнт падтрымала большасьць нямецкіх дэпутатаў.

Галасаваньне па беларускім пытаньні праходзіла, калі ў Менску была 11-я гадзіна вечара. Але, паводле саміх нямецкіх дэпутатаў, гэта нармальная практыка ў часе такога высокага форуму як Пленум. На пленарных паседжаньнях разглядаюцца як зьнешнепалітычныя, так і ўнутрыпалітычныя пытаньні. Часам першымі на парадку дня ідуць зьнешнепалітычныя пытаньні, учора першачарговымі пунктамі былі ўнутрыпалітычныя.

Цяпер непасрэдна пра самі дэбаты па Беларусі, вастрыню якім надала ажыўленая палеміка паміж сацыял-дэмакратамі й іхнымі праціўнікамі –хрысьціянскімі дэмакратамі. Дарэчы, большасьць дэпутатаў прызналі, што праект апазыцыі больш цікавы, больш прасунуты, бо, сапраўды, прапануе нейкія новыя палітычныя крокі ў дачыненьні да беларускай сытуацыі. Аднак, тым ня менш, усё ж, прынялі больш мяккі і агульны сацыял-дэмакратычны варыянт.

У праекце нямецкай апазыцыі утрымліваюцца канкрэтныя прапановы. Размова ідзе, напрыклад, пра стварэньне замежных радыёперадачаў, накіраваных на Беларусь, пра беларуска-эўрапейскае супрацоўніцтва на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці, пра візавыя санкцыі ў дачыненьні да высокіх беларускіх кіраўнікоў, пра замарожваньне іхных прыватных рахункаў у замежных банках і гэтак далей... Усе гэтыя моманты фактычна былі ўчора адхіленыя, бо за аснову рэзалюцыі быў узяты праект сацыял-дэмакратаў.

Чаму так адбылося, я папрасіла патлумачыць сацыял-дэмакратку Уту Цапф –аднаго з аўтараў прынятага ўчора праекту, і пачула наступнае: “Тое, што прапануюць хрысьціянскія дэмакраты, спадарыня Нольтэ – гэта сапраўды новыя крокі ў цяперашняй нямецка-беларускай палітыцы. Аднак гэтыя крокі трэба рабіць, улічваючы канкрэтныя вынікі будучых парлямэнцкіх выбараў. Зараз мы з заклапочанасьцю назіраем за тым, як парушаюцца правы апазыцыйных кандыдатаў, аднак, тым ня менш, менавіта зараз, напярэдадні выбараў, мы мусім прасыгналізаваць афіцыйнаму Менску, чаго мы чакаем ад яго. Пасьля 17-га кастрычніка, на чарговым паседжаньні Бундэстагу з улікам актуальнай беларускай сытуацыі парлямэнцкія фракцыі выпрацуюць агульную лінію ў дачыненьні да Менску”, сказала Ута Цапф.

Як бачым, учора на Пленуме Бундэстагу нямецкая парлямэнцкая большасьць пагадзілася менавіта з такой пазыцыяй.

Гл. таксама • Ута Цапф: “Мы павінны распрацоўваць нейкую новую лінію ў дачыненьні да Менску” • Клаўдыя Нольтэ пра выбары ў Беларусі: “Эўрапейцы ня мусяць маўчаць і бязьдзейнічаць”
XS
SM
MD
LG