Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Віцебшчыне сустракацца з выбарцамі на тэрыторыі школы можа толькі дэпутат “ад улады”?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Лепельская акруговая камісія пагражае вынесьці папярэджаньне незалежнаму кандыдату, прадпрымальніку Алегу Тычыне. Спадара Тычыну вінавацяць у тым, што ён настояў на сустрэчы з выбарцамі ў памяшканьні сярэдняй школы №1, нягледзячы на пратэсты дырэктаркі і кіраўніка раённага аддзела адукацыі.

Алег Тычына кажа, што правесьці сустрэчу ў гэтай школе было прынцыпова важна, бо падобныя сустрэчы зь іншымі кандыдатамі ў гэтай школе ды іншых школах горада звычайна дазваляліся. Прычым на сустрэчу з “кандыдатам ад улады” Раманам Унучкам настаўнікаў сярэдняй школы № 4 заганялі гвалтам.

У тым выпадку, калі такое папярэджаньне будзе абвешчана, давераная асоба спадара Тычыны, вядомы журналіст ды праваабаронца Гары Паганяйла раіць дамагацца таго, каб спагнаньне за сустрэчы ў школах атрымаў і спадар Унучка.

З дапамогай спадара Паганяйлы Алег Тычына напісаў ужо некалькі скаргаў на дзеяньні раённых уладаў, якія імкнуцца абмежаваць правядзеньне ягонай агітацыйнай кампаніі. Аднак, паводле ягоных словаў, нават шматдзённая прысутнасьць у Лепелі такой выбітной асобы, як Гары Паганяйла, ніколькі не бянтэжыць чыноўнікаў, пэўных у сваёй беспакаранасьці.
XS
SM
MD
LG