Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна: час выбару


Віталь Сямашка, Маладэчна (эфір 27 верасьня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Едучы ў электрычцы, у думках перабіраў свае эмацыйныя ўспаміны ды гістарычныя зьвесткі пра Маладэчна. Вузел чыгунак ды аўтадарог на Менск, Вільню, Полацак ды Ліду. Цэнтар вобласьці ў сярэдзіне мінулага веку. У 1943-м тут ледзь не забілі вядомага асьветніка ды навукоўца Барыса Кіта, калі ён адмовіўся выконваць загад эсэсаўцаў ды пасылаць сваіх ліцэістаў на ўборку трупаў ваеннапалонных з 30-тысячнага “штаглагу”.

Сёньня насупраць помніка Леніну ляжыць камень з Салаўкоў з надпісам “Пакутнікам за волю ды незалежнасьць Беларусі”. Згадваю, як лёгка дыхалася на ачышчаных ад савецкіх назоваў, бадай, першымі на Беларусі мясцовых Замкавай, Гарадоцкай, Вольнай вуліцах, Старым Пляцы ды Вялікім Гасьцінцы. Усё гэта спадчына часу Генадзя Карпенкі. Дэпутаты тагачаснага гарсавету дазволілі сабе нават палітычную гарэзу, перайменаваўшы завулак Камуністычны ў “Камуністычны тупік”.

Прэса часам іранізавала над шчырай марай Генадзя Дзьмітрыевіча зрабіць Маладэчна “горадам сонца”. А я, да прыкладу, убачыў горад сонца ў рэакцыі гледачоў, якія асьвятлілі першы начны беларускамоўны фэст “Rock-Summer”, што я правёў на адным з тагачасных фэстаў музыкі ды паэзіі — памятаеце, як яны грымелі?! Зрэшты, не дамаўляючыся, адначасова ж загаварылі пра тыя часы з маім сябрам, аўтарам тэкстаў рок-гурту “Крама” ды патомным маладэчанцам Зьмітром Лукашуком.

(Лукашук: ) “Карпенка прынес у горад глыток сьвежага паветра, таму што ўсе зразумелі: мы можам, мы сіла, мы маладэчанцы! Хаця й пасьмейваліся: вось горад сонца сярод цямрэчы. Але ў думках, у глыбіні кожны сабе казаў: а чаму бы і не?! Карпенка даваў людзям рабіць, зарабляць, радавацца. Я быў на ўсіх фэстах, пачынаючы з 1993 году. Настрой зьмяніўся. Калі раней было сьвята, дык цяпер як “Дажынкі” — на такім жа ўзроўні. Як раней: мы вырашылі — мы зрабілі. А цяпер: нам сказаў той, хто імкнецца на трэці тэрмін — мы так будзем рабіць. Цяпер усё людзям абыякава”.

Падобныя настроі падахвочваюцца зьверху. Ва ўсякім выпадку, калі меркаваць па афіцыйнай “Маладэчанскай газэце”, што пазначаная як “грамадзка-палітычнае выданьне”. У сёлетняй падшыўцы, акрамя справаздачаў з “вэртыкальных” паседжаньняў, я не знайшоў ні згадкі пра ініцыятывы тутэйшых філіяў палітычных партыяў, ні інфармацыі пра дзейнасьць былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў, лекара Гаварушкіна.

Апошні, дарэчы, вылучыўся ў кандыдаты ізноў, але сустракаў актыўны супраціў маладэчанскага мэра Чурсіна, які, кажуць, спрабаваў сарваць рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы. Пры гэтым Гаварушкін нібыта шукае прыкрыцьця ў адміністрацыі прэзыдэнта. Чурсіна ж, які таксама вылучаецца ў парлямэнт, называюць “чалавекам Дамашкевіча” — кіраўніка Менскай абласной вэртыкалі. У размове са мной спадар Чурсін адмовіў факт вэртыкальнага супрацьстаяньня ды абраў іншую тактыку:

(Чурсін: ) “Дый не — гэта прыдумкі, я гэтым не займаўся, мы зь ім у добрых стасунках. Калі ў нас і ёсьць адхіленьні ў гэтай кампаніі, дык з боку апазыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым гэта выяўляецца?”

(Чурсін: ) “Ідзе дачасная агітацыя”.

(Карэспандэнт: ) “Як я зразумеў, асноўная барацьба павінна быць паміж вамі ды Каралём?”

(Чурсін: ) “Ня ведаю, мы сваю працу робім, Кароль хай робіць сваю…”

З агітацыяй кандыдатаў ад апазыцыі сутыкаюся тут жа, ля цэнтральнага Дому гандлю.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, падыходзьце, калі ласка. Аляксей Кароль, наш кандыдат, кандыдат гістарычных навук, галоўны рэдактар газэты “Згода”, сёмую школу скончыў”.

На паўгадзіны ўключаю мікрафон Радыё Свабода і я. Вось тое-сёе з пачутага:

(Спадар: ) “Чурсіна агітатарам кажу: ідзеце сюды. Вывеў іх: зерне вязуць, а дарога ўся павыбіваная. Вы на гэта зьвернеце ўвагу? Кажуць: а што мы можам, і ён таксама… А навошта вы агітуеце?”

(Карэспандэнт: ) “А вы самі думаеце ісьці галасаваць?”

(Спадар: ) “Не… Ня веру…”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, каб у апазыцыі быў дзелавы чалавек, дык ня толькі б я… Мы ж ня ведаем, хто што нам дасьць. Вось цяпер у нас мір, людзі атрымліваюць заробак, пэнсіі, уборачная кампанія добра ідзе. А ён жа абляцеў усё вакол, ён клапоціцца пра нас. Дзе знайсьці лепшага, скажыце?! Пра Лукашэнку кажу. А за дэпутата — я б галасавала за Гаварушкіна, абавязкова прыйду галасаваць. Ня трэба прозьвішча — ну, Валянціна Ўладзімераўна”.

Пачуўшы прозьвішча Лукашэнкі, спыняецца каля нас Алена Аліева:

(Аліева: ) “Мне сорамна глядзець на прэзыдэнта, які на лаўцы стаіць у Верхнядзьвінску, а бабка, трасучыся, падносіць яму ружы. За што?! Што ён зрабіў людзям добрага?! Людзі ня ў стане пражыць. Раней так не зьбіралі бутэлькі, як цяпер зьбіраюць. Не за яго ідуць…”

А вось сьведчаньне маладэчанскага рабочага Віктара пра мэтады агітацыі мэра Чурсіна, аб чысьціні якіх Мікалай Мусьцінавіч так клапаціўся ў нашай праграме некалькі хвілінаў таму.

(Маркелаў: ) “Прыходзяць да мяне дзьве жанчынкі. Кажуць, ініцыятыўная група за нашага мэра. Я кажу: ня буду падпісвацца. Чаму? Магчыма, жадаю падпісацца за іншага. А якая ў вас кватэра? І пазначаюць. Навошта?”

Гутару зь сябрам выбарчага штабу Аляксея Караля Зьмітром Яблонскім:

(Карэспандэнт: ) “Вось ужо паўгадзіны галоўнае, што чую — усеагульную абыякавасьць…”

(Яблонскі: ) “Нешта ёсьць. Нічога не рабіў ніхто з папярэдніх дэпутатаў, дэпутаты ня маюць вагі. “Палатка” нічога не вырашала, нічога не чуваць па тэлевізіі, невядома, якія законы прымала”.

* * *

На сёньня па 85-й Маладэчанскай акрузе вылучана шэсьць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. З прэтэндэнтаў два згаданыя папярэдне прадстаўнікі намэнклятуры, адзін незалежны ды тры “партыйцы”. Найбольш радыкальным лічыцца Эдвард Баланчук, старшыня Маладэчанскага аддзяленьня Беларускага Хэльсынскага камітэту. Дзеля ўдзелу ў выбарах выйшаў з шэрагаў партыі КХП БНФ. Але не з-за прынцыповай нязгоды з байкотам, прапанаваным ейным лідэрам Зянонам Пазьняком. У Эдварда свая тактыка, ці дакладней сцэнар яго правядзеньня:

(Баланчук: ) “Ня проста казаць: не ідзіце на выбары. Я зьбіраю подпісы й тлумачу людзям, што калі рэфэрэндум, каб людзі не ішлі. Калі я зарэгіструюся кандыдатам у дэпутаты, я маю права хадзіць у школы, палацы культуры. Едзе Чурсін, напрыклад, на завод — і я ўсьлед. Ён будзе зьвяртацца да людзей, і я буду. Калі людзей гоняць на датэрміновае галасаваньне, дык каб яны прыйшлі на выбарчы ўчастак, падышлі да століка, расьпісаліся ў атрыманьні бюлетэню, паказалі яго свайму начальніку, што будзе сачыць за імі, увайшлі ў кабінку, забралі бюлетэнь у кішэню ды сунулі туды паперку з дуляй. І хай яны лічаць дулі ў гэтай скрынцы!”

Як той казаў, з дуляй альбо бяз дулі, але кожнаму з будучых кандыдатаў не абысьці самых балючых ды надзённых праблемаў, што закранаюць кожнага маладэчанца. Напачатку 1990-х тут было пяць прадпрыемстваў саюзнай “абаронкі”з высокім інжынэрна-тэхнічным патэнцыялам. Колькасьць іх скарацілася ў 6–9 разоў. Толькі паводле афыцыйнай статыстыкі за апошнія чатыры гады ўтрая ўзрасло беспрацоўе. Адмоўныя зьмены, што адбываюцца, становяцца незваротнымі, цьвердзіць былы мэр Маладэчна Аляксей Выбарнаў:

(Выбарнаў: ) “Шмат людзей не становяцца на ўлік. Зірніце на электрычку — езьдзяць у Менск, Маскву, Санкт-Пецярбург, зьяжджаюць на Захад. На прадпрыемствах, што працавалі на вастрыні навукова-тэхнічнага прагрэсу, мікра-, радыёэлектроніка, станкі з праграмным кіраваньнем, — праблематычна, наколькі мы зможам аднавіць адпаведны кадравы патэнцыял. Мы раней чыталі замежныя выданьні. А ў Інтэрнэце мы шмат не пасядзім з нашымі заробкамі. Чатыры гады таму можна было прыйсьці на станцыю пераліваньня крыві ды здаць адразу ж. Сёньня трэба адстаяць у чарзе ды запісацца на два месяцы наперад, каб атрымаць 38 тысяч!”

(Карэспандэнт: ) “Як бы вы працягнулі гэты выраз: Маладэчна з “гораду сонца” ператвараецца ў…”

(Выбарнаў: ) “Ператвараецца ў горад, што дэградуе”.

Ізноў мікрафон “Свабоды” ля маладэчанскага Дому гандлю. Мае суразмоўцы — эканаміст ды літаратар Тацяна Шэлег ды журналіст Валеры Маркелаў.

(Шэлег: ) “На радыёзаводзе “Спадарожнік” вельмі нізкі тэмпэратурны рэжым. Там няма ацяпляльных агрэгатаў, больш за 10 гадоў вада толькі халодная, прыбіральні разламаныя, брудныя. Людзі вельмі пакутуюць на хваробы. Цяжка сядзець за паперамі ў футры, пальчатках ды прымаючы асьпірын”.

(Маркелаў: ) “Падчас рэфэрэндуму адносна мовы ды сымболікі Маладэчна прагаласаваў за Пагоню ды бел-чырона-белы сьцяг. І на працягу двух тыдняў над гарвыканкамам уздымаўся наш сьцяг, пакуль ня зрэзалі пажарную лесьвіцу. Было прынятае рашэньне аб нацыянальным статусе школаў гораду. Цяпер нават у беларускамоўнай гімназіі палова прадметаў па-расейску”.

Намесьнік старшыні БСДГ Аляксей Кароль лічыцца тут асноўным кандыдатам ад апазыцыі. Вяду зь ім няпростую гаману пра шанцы на перамогу:

(Карэспандэнт: ) “20 тысяч пэнстянэраў. Хіба для апазыцыі, якую траціна насельнікаў па сацыялягічных апытаньнях падтрымлівае, гэта пераадольны бар’ер у Маладэчна?”

(Кароль: ) “Сацыялягічныя досьледы фіксуюць, што палова пэнсіянэраў, што галасавалі за Лукашэнку, цяпер у ім расчараваныя і галасаваць за яго ня будуць. Значыць, іх пратэстны настрой распаўсюджваецца й на парлямэнцкія выбары. Спэцыфіка Маладэчна не ў пэнсіянэрах. Прасочваецца праз гады дастаткова моцная хваля настрояў за нацыянальныя ідэалы, за мову — незалежніцкі дух. У адміністрацыйнага ціску ёсьць і адваротны бок. Людзі ня любяць, калі іх прымушаюць. І калі заходзяць у кабінку, могуць галасаваць з дакладнасьцю наадварот. Іншая справа — хто ды як палічыць гэтыя галасы”.

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць мяжа падтасоўкам?”

(Кароль: ) “Калі мець 70% галасоў, думаю, падтасаваць будзе ў Маладэчне складана. Няма тут традыцыі суцэльнай фальсыфікацыі”.

(Карэспандэнт: ) “Што для вас гэтыя выбары — прамежкавая станцыя да прэзыдэнцкіх, ступень у вашай палітычнай кар’еры ці нешта іншае?”

(Кароль: ) “Першае — у асобна ўзятай акрузе — праход у Палату. Другое — стварэньне каманды, якая будзе працаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Умацаваньне апазыцыйнага блёку — гэта і ёсьць перамога на гэтых выбарах”.

З гэтым згодныя, бадай, усе дэмакратычныя вылучэнцы ў дэпутаты будучага Нацыянальнага сходу, пра што зусім адкрыта сказаў мне пры канцы Эдвард Баланчук:

(Баланчук: ) “Я зьбіраюся ісьці на гэтыя выбары, каб у наступныя Аляксандру Рыгоравічу ў Маладэчне нічога не сьвяціла…”
XS
SM
MD
LG