Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сутак арышту ...за нашэньне балёнчыка з фарбай


Любоў Лунёва, Менск Актывіст моладзевага руху “Зубр” Мікіта Сасім 15 сутак правядзе за кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна. Юнака арыштавалі за тое, што ў заплечніку знайшлі балёнчыкі з фарбай. Суд кваліфікаваў гэта як дробнае хуліганства.

Мікіту Сасіма затрымалі ўвечары супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску. У яго знайшлі некалькі асобнікаў газэты “Зубр”. Нягледзячы на тое, што ён іх папросту нёс у сумцы, на Мікіту склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Такія справы перадаюць для разгляду ў адміністрацыйныя камісіі райвыканкамаў. Але Мікіту не адпусьцілі.

Яму паведамілі, што цяпер яго чакаюць у міліцыі Цэнтральнага раёну. Там хлопцу зачыталі пастанову суду — 15 сутак арышту за дробнае хуліганства.

Уначы 22 верасьня Мікіту Сасіма і Глеба Вязоўскага міліцыянты затрымалі на вуліцы. У хлопцаў у заплечніках знайшлі некранутыя балёнчыкі з фарбай. Гэтага было дастаткова, каб скласьці пратаколы за дробнае хуліганства. У судзе юнакі папрасілі даць ім суткі, каб заключыць дамову з адвакатам. Але потым Глеб і Мікіта параіліся са сваімі сябрамі й прыйшлі да высновы, што ў такой справе адвакат не паўплывае на рашэньне судзьдзі і ў суд не пайшлі. Судзьдзя Аляксей Бычко вынес прысуд завочна.

Каардынатары руху “Зубр” перакананыя, што міліцыянты выконваюць загад затрымліваць актывістаў падчас выбарчай кампаніі.

(Аляксандар: ) “Улады баяцца актыўнай моладзі перад рэфэрэндумам і выкарыстоўваюць самыя незвычайныя спосабы. Чалавека затрымліваюць на вуліцы нават, калі ён нічога ня робіць, не распаўсюджвае газэты. Відавочна, што ініцыятыва сыходзіць не ад саміх міліцыянтаў, а хутчэй за ўсё ад нейкага вышэйшага начальства. Відавочна, што ім далі загад нэўтралізаваць актыўную моладзь перад рэфэрэндумам”.

30 верасьня супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну затрымалі яшчэ трох сяброў руху “Зубр” за распаўсюд газэты. На ўсіх склалі пратаколы, а газэты пакінулі ў міліцэйскім пастарунку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG