Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі назвала рашэньне ЗША аб увядзеньні санкцыяў супраць “Белзьнешпрамсэрвісу” уціскам напярэдадні рэфэрэндуму


Віталь Цыганкоў, Менск “Пэўныя сілы спрабуюць выкарыстаць напярэдадні важнай палітычнай падзеі раней агучаны матэрыял” – заявіў Інтэрфаксу намесьнік начальніка ўправы інфармацыі МЗС Беларусі Руслан Есін.

“У Беларусі створаная жорсткая сыстэма экспартнага кантролю за ваеннымі таварамі і таварамі двайнога прызначэньня, якая адпавядае міжнародным і эўрапейскім патрабаваньням” – сьцьвярджае Есін.

Сёньня ж кіраўнік зьнешнегандлёвае прадпрыемства “Белзьнешпрамсэрвіс” Сяргей Буфал таксама абвяргаў інфармацыю аб парушэньнях гэтай фірмай забароны на пастаўкі ў Іран. Як заявіў Інтэрфаксу Буфал, “Белзьнешпрамсэрвіс” ніколі не пастаўляў ані ў Іран, ані ў іншыя краіны забароненую прадукцыю.

“Наша дзейнасьць знаходзіцца пад жорсткім кантролем дзяржавы ў рамках міжнародных дамоўленасьцяў ды іншых прававых актаў”, – сказаў Буфал.

Як ужо паведаміла Радыё Свабода, учора Бюро дзярждэпартамэнту ЗША па нераспаўсюджваньні ўвяло санкцыі супраць 14 кампаніяў – 7 з Кітаю, дзьве – з Індыі, і па адной зь Беларусі, Расеі, Украіны, Паўночнай Карэі і Гішпаніі.

Дзярждэпартамэнт ЗША лічыць, што гэтыя арганізацыі незаконна пастаўлялі Ірану абсталяваньне й тэхналёгію, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасьці зброі масавага зьнішчэньня ці балістычных ракет.

Гэтая дзейнасьць падпадае пад гандлёвыя санкцыі паводле палажэньняў Акту па нераспаўсюджаньні ў дачыненьні да Ірану 2000 году.

Санкцыі прадугледжваюць забарону гэтым фірмам на заключэньне зьдзелак з амэрыканскімі афіцыйнымі структурамі, атрыманьне амэрыканскай дапамогі й аўтаматычную адмову ў амэрыканскіх экспартных ліцэнзіях.

Як адзначыў прэсавы сакратар дзярждэпартамэнту Рычард Баўчар, санкцыі “прымяняюцца да саміх фірмаў, а краінаў і іхніх урадаў”.

***

Нагадаем, месяц таму міністэрства фінансаў ЗША прапанавала ўвесьці санкцыі супраць беларускага “Інфабанку” за адмываньне грошай Садама Хусэйна. Матэрыял пра статус інфабанку ў беларускай банкаўскай сыстэме слухайце далей у нашай вечаровай праграме.
XS
SM
MD
LG