Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Назіральнікаў АБСЭ непакояць заявы Цэнтарвыбаркаму, што датэрмінова могуць прагаласаваць 30% выбарцаў


Юры Сьвірко, Менск Гэта вельмі непакоіць назіральнікаў ад АБСЭ, якія таксама адзначаюць пільную цікавасьць да сябе з боку невядомых асобаў. Замест 300 плянаваных кароткачасовых назіральнікаў у Беларусь прыедзе толькі 130.

Місія назіраньня за выбарамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ заяўляе, што вымушаная адаптаваць сваю назіральную мэтадалёгію да спэцыфічных беларускіх умоваў — паводле Выбарчага кодэксу, за пяць дзён да выбараў і рэфэрэндуму дазваляецца датэрміновае галасаваньне. Намесьнік кіраўніка місіі Іэн Горвін сказаў:

(Горвін: ) “Гэта адносна незвычайна, і нам кажуць сябры Цэнтарвыбаркаму, што, мажліва, 20 або нават 30% выбарцаў, як можна чакаць, прагаласуюць датэрмінова”.

На наступным тыдні зьявіцца чарговая прамежкавая справаздача місіі назіраньня АБСЭ, дзе будуць акрэсьленыя тыя праблемы, на якіх будуць канцэнтраваць сваю ўвагу міжнародныя назіральнікі за выбарамі. “Ня мусіць быць ніякіх сюрпрызаў для ўладаў”, — зазначыла кіраўніца місіі Одры Главэр і дадала пра зьмест канчатковай справаздачы, якую абнародуюць пасьля выбараў:

(Главэр: ) “Мы зробім так, каб факты гаварылі самі за сябе, і хочам мець празрыстасьць з усіх бакоў”.

Хаця АБСЭ прасіла накіраваць 300 кароткачасовых міжнародных назіральнікаў, краіны-сябры АБСЭ здолелі набраць толькі 130, якія прыедуць незадоўга да 17 кастрычніка. Акрамя таго, паводле спадарыні Главэр, да іх далучацца каля 50 дыпляматаў, якія стала працуюць у Беларусі.

Недахоп рэсурсаў ёсьць адной з прычынаў таго, што назіральнікі АБСЭ ня будуць сачыць за рэфэрэндумам 17 кастрычніка. Яны будуць ацэньваць толькі яго ўплыў на выбары. “Ці можна даць такую ацэнку ўжо сёньня?” — спытаўся я ў спадарыні Главэр.

(Главэр: ) “Насамрэч дагэтуль было так мала агітацыі любога кшталту, што я ня думаю, што мы былі здольныя зрабіць якую-небудзь ацэнку”.

Аднак спадарыня Главэр дадала, што назіральнікі АБСЭ заўважылі скасаваньне рэгістрацыі некаторых кандыдатаў і прысутнічалі на паседжаньнях Цэнтарвыбаркаму і Вярхоўнага суду, а тэлевізійнае асьвятленьне кампаніі таксама ўваходзіць у праграму назіраньня. Аднак прадстаўнікі АБСЭ са зьдзіўленьнем даведаліся, што невядомыя людзі назіраюць і за імі:

(Главэр: ) “Была нададзеная пэўная дадатковая ўвага некаторым сябрам місіі, і мы ня ведаем дакладна, што гэта былі за людзі”.
XS
SM
MD
LG